Гульня ў «больш-менш». Чаму скарачаецца колькасць занятых у эканоміцы

Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч прызнала праблему – у Беларусі ўвесь час скарачаецца колькасць занятых у эканоміцы. Кожны месяц мы абнаўляем антырэкорд. Апошняя лічба – 4 172,4 тыс. чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Аднак міністарка заклікала не моцна хвалявацца, маўляў, сітуацыя на рынку працы стабільная, колькасць беспрацоўных умераная – 3,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (каля 200 тыс.) і для іх маецца каля 100 тыс. вакансіяў. Маўляў – усё пад кантролем.

Слухаеш міністарку і душа, вядома, супакойваецца. Але лічбы, лічбы…

Не бянтэжыць, напрыклад, чыноўніцу тое, што з 200 тыс. беспрацоўных у органах, якія закліканыя займацца гэтай праблемай, зарэгістравана менш за 10 тыс. чалавек. Тыя 190 тыс., што засталіся, па нейкай прычыне не праяўляюць жадання, не разлічваюць на дзяржаву і выплаты па беспрацоўі ім не патрэбныя.

Мы ж гэтых нашых суайчыннікаў разумеем.

Выплаты па беспрацоўі ў Беларусі абкладзеныя масай умоваў і складаюць суму да 25$. Не ў дзень – у месяц! Але і на такія грашышчы можна разлічваць толькі на тэрмін да паўгода. А далей? А далей неяк сам.

Зразумела, чаму гэтая сітуацыя не бянтэжыць нас, мы да яе даўно прывыклі, але міністр працы і як раз той самай сацыяльнай абароны павінна была б у кожным інтэрв’ю засмучанай чайкай крычаць пра гэтую праблему. Інакш – якая ж мы сацыяльная дзяржава? Не крычыць. Усё больш маўчыць і ўсміхаецца.

Калі б Беларусь была нармальнай еўрапейскай краінай, то такія дапамогі выплачваліся б на працягу доўгага тэрміну (да паўтара года), і, па сённяшніх беларускіх мерках, складалі б, у сярэднім, суму ў 1200 рублёў. Аднак грошай – шкада. Таму армія беларускіх беспрацоўных прадастаўленая сама сабе і не моцна імкнецца заняць 100 тыс. наяўных вакансіяў. Грэбуюць.

І тут, зноў, іх паводзіны здаюцца адэкватнымі. Пераважная большасць вакансіяў прадугледжвае зарплату ў памеры 600–800 рублёў. Гэта значыць, праца нібыта й ёсць, вось толькі адэкватных грошай за працоўныя намаганні ніхто прапаноўваць не спяшаецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Калі крыху адхіліцца ад інтарэсаў радавога беларускага беспрацоўнага, падняцца над прыгажосцямі беларускай прыроды і паглядзець на «сінявокую» з вышыні птушынага палёту, можна заўважыць яшчэ адну тэндэнцыю.

За пяць апошніх гадоў насельніцтва Рэспублікі Беларусь зменшылася на 300 тысяч чалавек. Негатыўны працэс, абумоўлены многімі фактарамі, галоўны з якіх – нежаданне беларускіх жанчын нараджаць.

Па колькасці дзяцей на адну жанчыну (фертыльнасць) Беларусь на 189 месцы ў свеце. Па апошніх наяўных дадзеных, гэтая лічба – менш за 1,4 дзіцяці на жанчыну. У сярэднім у ЕЗ – 1,57, а ў «выміраючых», калі верыць прапагандыстам, краінах Балтыі – 1,7–1,8. Непрыемна, але факт.

У выніку, з 300 тысяч стратаў насельніцтва за 5 апошніх гадоў, каля 200 тыс. прыйшліся менавіта на скарачэнне насельніцтва, занятага ў эканоміцы.

Усё меншая колькасць працуючых вымушаныя забяспечваць пенсіямі ўсё большую колькасць пенсіянераў. І, на фоне ковіду, рэпрэсій і вайны, такая тэндэнцыя будзе толькі нарастаць.

Ці ёсць нейкі паказнік, які адлюстроўвае гэтую тэндэнцыю? Безумоўна, статыстыка ведае ўсё, нават у Рэспубліцы Беларусь.

Суадносіны сярэдняй пенсіі і сярэдняй зарплаты ў нашай краіне сёння – 37,4%. Інакш кажучы, узровень даходу пенсіянера адрозніваецца ад узроўню даходу працуючага амаль у 3 разы!

І ў гэтым – наша рэальная ўнікальнасць. У сярэднім па ЕЗ гэты паказнік каля 67% і ёсць краіны, дзе пенсіянеры маюць даход 80-100% ад узроўню тых, хто працуе.

Яны, вядома, не называюць сябе сацыяльна арыентаванымі, справядлівымі, там не рэгулююцца цэны і не праводзяцца селектарныя нарады. Але гэтыя краіны ёсць.

Ці ведае ўсё гэта міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч? Ведае, не можа не ведаць, гэта ж яе прафесія. Але, гоніць, верагодна, ад сябе па начах сумныя думы аб сацыяльна неабароненых беларусах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

З гэтым веданнем жа таксама – трэба неяк жыць. Хадзіць на працу, нешта дакладваць галоўнаму беларускаму пенсіянеру, імкнучыся не моцна хваляваць яго далікатную душэўную арганізацыю.

Ён жа чамусьці ўпэўнены, што такіх умоваў няма ні ў адной іншай краіне. І ён, па-свойму, мае рацыю, такіх – сапраўды малавата, напералік. Мы ўнікальныя, шкада толькі, што нас, такіх унікальных, усё менш і менш.

Меркаванні
Каго б яшчэ пасадзіць?
2023.03.28 18:08

Аляксандр Кныровіч /ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў