Каго б яшчэ пасадзіць?

Дырэктара «Белшыны» пасадзілі. Адбылося гэта не так даўно і, паводле Лукашэнкі, гэты грамадзянін заключыў нейкі не такі кантракт на пастаўку буйнагабарытных апонаў у Расею. Папярэднія публічныя абвінавачанні з боку нашага галоўнага спецыяліста ва ўсіх пытаннях не дазваляюць лічыць абвінавачанні абгрунтаванымі. Што на стол паклалі, тое і сказаў. Не ўпершыню.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Але арышт дырэктара «Белшыны» чароўным чынам супаў з выхадам майго матэрыялу аб мільярдных стратах на гэтым прадпрыемстве народных грошай. Арышт супаў або стаў апошняй кропляй? У гэтым выпадку не прынцыпова. Эфект атрымаўся гучным. І паўстае пытанне: хіба «Белшына» – нейкае ўнікальнае прадпрыемства? Няўжо ў Бабруйску магнітная анамалія, а ва ўсёй астатняй краіне – цішыня ды спакой?

Калі вельмі спрасціць – «каго б яшчэ пасадзіць?», хто наносіць найбольшую шкоду эканоміцы, а значыць, і кішэні кожнага беларускага падаткаплатніка? Можна, вядома, паспрабаваць зазірнуць у справаздачнасць найбуйнейшых дзяржпрадпрыемстваў і скласці рэйтынг, вызначыць самыя буйныя дзіркі, праз якія выцякаюць грошы беларусаў, і, напэўна, такі рэйтынг меў бы поспех у медыях. Але, паклаўшы руку на сэрца, праблемы ж не на ўзроўні асобных прадпрыемстваў. Няма сэнсу аналізаваць вынікі асобнага калгасу, калі паводле адной і той жа, заведама неэфектыўнай схеме губляюць грошы ўсе 1400 сельскагаспадарчых арганізацыяў.

Дык што, саджаць міністра? Ну, і іх звычайна саджаюць за розныя глупствы, тыпу хабару $ 30 тысяч. Сам па сабе хабар – гэта, вядома, кепска, гэта злачынства, але адказны супрацоўнік распараджаецца сотнямі мільёнаў і нават мільярдамі дзяржаўных грошай. І хацелася б ацаніць менавіта эфектыўнасць іх выкарыстання, а не даведацца, як доблесныя змагары з карупцыяй на 28-м годзе гэтай эпічнай бітвы схапілі за руку чарговага няшчаснага.

Як адбываюцца самыя буйныя «злівы» грошай? Дзе найбольшыя страты? Давайце перанясемся гадоў на 15 таму. Прыкладна тады было прынятае рашэнне аб мадэрнізацыі беларускіх цэментных заводаў з павелічэннем іх магутнасці. Ці было яно абгрунтаваным? Было. Рынак рос бурнымі тэмпамі як у Беларусі, так і ў суседняй Расеі. Цэмент быў у дэфіцыце. Вакол яго паставак склаліся карупцыйныя ланцужкі. Цэны і маржа на кожнай тоне былі вялікія. Натуральна, лічбы ў бізнес-планах былі падобныя на паказнікі гандлю наркотыкамі. І рашэнне было прынятае. Трацім плюс-мінус мільярд, даводзім вытворчасць да 10 мільёнаў тонаў і грабем грошы лапатай. А тут яшчэ і кітайцы са сваімі крэдытамі і прапановамі хутка-хутка пабудаваць.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Пад крэдыты падпісаліся, мадэрнізацыю правялі. Не так хутка, як хацелася б, і, пагаворваюць, ёсць вялікія праблемы і з тымі тэхналогіямі, якія ўкаранілі кітайцы. Але пабудавалі ж? Заводы запрацавалі. Вынік? Заводы не змаглі нічога вярнуць, і гэтыя крэдыты прыйшлося пакрываць за кошт бюджэту. Замест планавых 10 мільёнаў тонаў сёння кіраўніцтва галіны цешыцца 5 мільёнам тонаў за год. Самы буйны завод судзіцца з «Беларусбанкам», не можа аддаць смешнай сумы – 1 мільён долараў.

Такая плацежаздольнасць, такія вынікі. Хто вінаваты? Каго саджаць за страчаны мільярд? Не рублёў – долараў.

А што, уласна, адбылося? Чарада крызісаў. Спачатку хваля сусветнага, 2008–2009 гадоў, забіла нафтагазавыя даходы Расеі і бумерангам прыляцела ў Беларусь. Потым – наш родны, дамарослы 2011 год. Далей – «Крымская вясна» моцна прыклала эканоміку Расеі.

Усё гэта прывяло да таго, што паказнікі ўводу жылля 2007–2008 гадоў застаюцца марай і ў нас, і ў Расеі. Гэта значыць сам рынак упаў. Ну і плюс – такіх разумных? як мы, у Расеі знайшлося і сваіх дастаткова. Яны таксама нарошчвалі магутнасці, ім дэкрэты нашага генералісімуса не ўказ. Гэта значыць попыт паменшыўся, вытворчасць вырасла, маржа ўпала, заводы ў стратах. А тут яшчэ і адкрытыя межы. І заведама лепшыя ўмовы ў расейцаў праз розніцу ў кошце энэрганосьбітаў.

Усё лагічна. Каго будзем саджаць? Мільярд жа ў трубу вылецеў, і прадпрыемствам патрэбныя новыя грошы. Усе дзейнічалі ў межах сваіх паўнамоцтваў і злачынстваў не здзяйснялі.

Корань праблемы – у самым прынцыпе прыняцця інвестыцыйных рашэнняў.

Дачаснікі – міністр, віцэ-прэм’ер, дырэктар дзяржаўнага заводу або калгасу – не ўкладаюць у гэтыя праекты ні капейкі ўласных грошай. Яны нічым не рызыкуюць, пакуль іх не злавілі за якое-небудзь глупства тыпу хабару на $ 30 тысяч.

Як правільна, як пазбегчы гэтага? Інвестыцыі ў камерцыйныя праекты – не справа дзяржавы. Ні пад якім соусам. Ні ў фас, ні ў профіль. Прымаць інвестыцыйныя рашэнні павінен прадпрымальнік, рызыкуючы ўласнымі (хоць бы часткова) рэсурсамі. Справа дзяржавы – ствараць інфраструктуру, вызначаць перспектыўныя галіны, тэрыторыі (з пункту гледжання стратэгіі развіцця краіны). Прапаноўваць падатковыя льготы і крэдытныя рэсурсы, калі яны патрэбныя, але на роўных для ўсіх умовах. І ні ў якім разе не лезці сваймі ручкамі ў кіраванне канкрэтным прадпрыемствам, а тым больш – вырашаць, якую тэхналогію ўжываць, якой магутнасці завод, у якім населеным пункце неабходна пабудаваць. Толку не будзе.

А што будзе? Завод газетнай паперы ў Шклове. Мінус 420 мільёнаў долараў. Сёння завод выпускае дамкі. Нядрэнныя зборныя дамкі з SIP-панэляў. Абʼёмы рэалізацыі на парадак ніжэйшыя, чым у бізнес-плане. Дамкі – гэта добра! Але пытанне: хто прымаў рашэнні аб укладаннях у вытворчасць газетнай паперы ў той момант, калі рынак друкаваных медыяў згортваўся скачкападобна?

Пакуль працягнецца такая практыка – нічога не будзе. Будзе толькі бясконцае паўтарэнне цыклу. Узялі грошы – пабудавалі прадпрыемства – грошы вярнулі за кошт бюджэту – прадпрыемства патрабуе дадатковага падтрымання. Усё. Гэта наш крыж. Наш камень Сізіфа.

А рэйтынгі бессэнсоўныя. Як сказаў адзін сантэхнік, «тут сістэму трэба мяняць».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў