Правакатары робяць стаўкі. Як пагутарыць у чат-рулетцы і не трапіць за краты


Прыхільнікі цяперашняй улады пайшлі ў чат-рулеткі правакаваць беларусаў. Вядомыя некалькі выпадкаў затрымання асобаў, якія выступалі з праўкраінскіх пазіцыяў і рэзка выказваліся пра «ябацек». «Белсат» разбіраўся, чаму людзей цягне на шчырыя размовы з незнаёмцамі, як сябе паводзіць падчас онлайн-гутарак і чым можа дапамагчы (нечакана) разбор курыцы.

Размова з мужчынам, які, нягледзячы на арышты, выходзіць на маршы. Поза, у якой трэба стаяць падчас ранішняга правярання. Менск, Беларусь. 12 сакавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

З чат-рулеткі – за краты. Праўладныя Telegram-каналы з садысцкаю радасцю паведамляюць пра затрыманні асобаў, якія падчас онлайн-размоваў з правакатарамі выказваліся на падтрыманне Украіны і супраць цяперашніх уладаў у Беларусі і Расеі. Такім чынам за кратамі апынуліся блізу дзесяці беларусаў.

Зрэшты, у сеціве паспяхова ідэнтыфікуюць і самых правакатараў. Адзін з іх, мозырац Юрый Комар, як высветлілася, працаваў дальнабойнікам у польскай фірме. Пасля ўмяшання аб’яднання «ByPol» мужчыну звольнілі.

Мозырац Юрый Комар.
Фота: праўладны Telegram-канал

Другі – колішні міліцыянт з Менску Ігар Канюшык. Вядзе YouTube-канал «ДZЕД БАРАДZЕД». Пачаў сваё «змаганне» з іншадумцамі яшчэ ў 2021 годзе.

Ігар Канюшык. Здымак з відэа: Ігар Канюшык / YouTube

Правакатары часцяком прыкідваюцца ўкраінцамі ды спакушаюць выказвацца пра вайну і ўлады, размовы запісваюць, а відэа потым выкладваюць у сваіх YouTube-акаўнтах. Па іхнай наводцы сілавікі чыняць затрыманні.

Распазнаюць праз «Kipod»

Чат-рулетка – сэрвіс, які дазваляе ў любы час содняў знайсці выпадковага суразмоўцу для гутаркі пра што заўгодна. Відэачаты ананімныя, але гэтая ананімнасць ілюзорная, сказаў «Белсату» кіраўнік ініцыятывы «ByPol» Аляксандр Азараў:

«У чат-рулетцы размаўляць вельмі небяспечна. Калі я быў выкладчыкам у Акадэміі МУС, вучыў курсантаў: калі вы размаўляеце праз тэлефон ці проста з кімсьці, вы павінны ўявіць, што вас запісваюць, усе словы запісваюцца. Таму ў размове трэба казаць тое, што потым не нашкодзіць. Трэба заўсёды трымаць у галаве, што вас запісваюць».

Азараў падкрэсліў, што нават калі схаваць твар, напрыклад, пад балаклавай, то і гэта можа не ўратаваць:

«У балаклаве людзей можна пазнаць паводле вачэй. Могуць зрабіць скрыншот і распазнаць праз «Kipod».

Кіраўнік «ByPol» папярэдзіў, што пасля чат-рулетак сілавікі могуць прыдумаць іншыя спосабы выяўляць «экстрэмістаў», таму трэба быць пільнымі:

«Цяпер яны шукаюць іншыя каналы, як можна знайсці «экстрэмістаў», як яны называюць. Гэтыя спосабы ніколі не скончацца, рэпрэсіўная сістэма працуе такім чынам. Пасля чат-рулетак прыдумаюць што-небудзь новае».

«Мая чат-рулетка яшчэ нікога не пасадзіла»

Папулярнасць чат-рулетак растлумачыў «Белсату» блогер Сяргей Бяспалаў, які называе сябе пранкерам і чат-рулетнікам. Кажа, у онлайн часта ідуць самотныя асобы і тыя, хто хоча паразмаўляць, крыху выпіўшы:

«Шмат людзей самотных, людзі там часам выпіваюць. Яны там разняволеныя, ім хочацца з кімсьці пагутарыць. Там шмат карыстальнікаў, ты амаль за некалькіх секундаў можаш знайсці сабе суразмоўцу. Гэта вельмі зручна. Папулярнасці чат-рулетак спрыяюць блогеры, якія запісваюць такія размовы ды выкладваюць іх на YouTube і ў TikTok».

Блогер Сяргей Бяспалаў з суразмоўцам у чат-рулетцы. Здымак з відэа: Сяргей Бяспалаў / YouTube

Бяспалаў таксама запісвае размовы ў чат-рулетцы для свайго YouTube-каналу. Твары аднадумцаў хавае, апанентаў – не. Аднойчы ён трапіў на беларускага вайскоўца, які быў гатовы ісці ваяваць на баку Расеі. Блогер мяркуе, што, паказаўшы яго, дапамог украінскім спецслужбам ідэнтыфікаваць патэнцыйнага ворага:

«Калі я бачу, што асоба адэкватная, блізкіх да маіх – дэмакратычных – поглядаў, калі супраць Лукашэнкі, вядома, такіх я блюру. А калі гэта ідыёт, ябацька, ён кажа нейкую дурасць, то навошта такога блюрыць? Мая чат-рулетка яшчэ нікога не пасадзіла. Тэма бяспекі, захоўвання людзей для мяне важная. Сваіх людзей я не хачу падводзіць пад краты».

Блогер параіў ахвочым шчыра паразмаўляць не выкрываць сваіх поглядаў выпадковым людзям:

«У першую чаргу трэба даведацца, хто перад вамі, якіх чалавек поглядаў. Калі людзі пачынаюць хлусіць, гэта адразу відаць. Калі хтосьці кажа, што ён з Украіны, можна папрасіць сказаць «паляниця».

«Уключайце галаву»

Жаданне людзей падзяліцца думкамі цалкам зразумелае, заўважае псіхолаг Наталля Скібская. У каментары «Белсату» яна канстатавала, што ў беларусаў амаль не засталося магчымасцяў бяспечна выказвацца, таму чат-рулеткі такія прывабныя:

«У краіне цяпер размаўляць з кімсьці рызыкоўна. Мне з Беларусі распавядаюць, што нават калі ідуць у кавярню сустрэцца з сябрамі, азіраюцца, хто побач. Ты не ведаеш, хто здраднік. У чат-рулетцы ёсць ілюзія меншай рызыкі, і людзі трапляюць у гэтую пастку».

Скібская звярнула ўвагу, што працуе метад правакатараў называцца ўкраінцамі. Шмат якія беларусы хоцькі-няхоцькі адчуваюць віну за тое, што з нашай тэрыторыі наступалі расейскія войскі, і хочуць неяк падтрымаць Украіну:

«Людзі з Беларусі мне распавядаюць, што навокал усё забіта расейскімі вайскоўцамі: у лагерах, у санаторыях, паўсюль. Яны ходзяць у крамы, людзі бачаць гэта і злуюцца, бо нічога не могуць з гэтым зрабіць. Гэтую злосць могуць зразумець менавіта ўкраінцы».

Беларускія вайскоўцы сустракаюць расейскіх салдатаў з рэгіянальнай групоўкі войскаў.
Фота: Мінабароны Беларусі / Telegram

Псіхолаг патлумачыла, што бясконцыя рэпрэсіі ды вайна ва Украіне выклікаюць вельмі моцныя эмоцыі, ім трэба знайсці выхад. Ёсць розныя спосабы для гэтага, і ў кожнай асобы будзе свой дзейны метад:

«Людзі не могуць усяго трымаць унутры. Ім неабходна размаўляць. Я гляджу некаторыя выступы людзей, як яны шукаюць магчымасць сваё абурэнне выказаць. Гэта ўсё роўна прарываецца. Сітуацыя такая, што дах зносіць».

Нехта вылівае эмоцыі, агрэсію ў камп’ютарных гульнях. Камусьці дапаможа маляванне. Камусьці – нават разбор курыцы.

«Пішыце самі сабе і спальвайце гэтыя лісты. Пішыце сабе галасавыя паведамленні на дыктафон, а потым знішчайце файлы. Ты выкажашся – гэта дапаможа. Злосць можна спагнаць на курыцы: узяла бройлера, назвала яго Сярожам, парэзала, парвала. То бок даваць экалагічнае выйсце сваёй агрэсіі ў нейкіх дзеяннях», – адзначае адмыслоўца.

Яшчэ можна драць на шматкі непатрэбныя тканіны і біць падушкі. «Анучу, якою памыў падлогу, выкручваць так, быццам шыю камусьці скручваеш. Калі гуляеш у футбол і б’еш па мячы – уяўляць, што б’еш галаву расейскага найміта», – параіла Скібская.

Экспертка падсумавала, што чат-рулетка – не найлепшае выйсце для эмоцыяў:

«Уключайце галаву. Калі вы жадаеце паразмаўляць, шукайце магчымасці схаваць сваю асобу ці шукайце тых, каму давяраеце і з кім можаце паразмаўляць. А чат-рулетка становіцца вельмі рызыкоўнаю. Навошта туды лезці?»

Hавiны
Натрапілі на правакатара. ГУБАЗіК затрымаў двух беларусаў за выказванні ў падтрыманне Украіны
2023.01.23 17:38

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў