На волю выйшаў палітвязень Арсень Чыжык, зняволены ў «справе Зельцара»


Уначы 5 кастрычніка на волю выйшаў палітвязень Арсень Чыжык. Яго, як і дзясяткі іншых грамадзянаў Беларусі, пакаралі зняволеннем на падставе «справы Зельцара».

Арсеній Чыжык.
Фота: spring96.org

Затрымалі Арсеня Чыжыка, які быў сябрам Маладога фронту (арганізацыі, прызнанай уладамі нібыта экстрэмісцкай), 30 верасня 2021 года ў Гомлі за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцара. На кватэры хлопца спачатку адбыўся ператрус, а потым яго адвезлі на суд у следчы ізалятар.

Фота
«Андрэй Зельцар – герой». Беларусы Варшавы выйшлі на акцыю салідарнасці
2021.09.29 19:29

Следчыя спачатку абвінавачвалі яго паводле двух крымінальных артыкулаў – 369-га («Знявага прадстаўніка ўлады»), а таксама 130-га («Распальванне сацыяльнай варожасці і разладу»). Але потым пакінулі ў справе толькі артыкул 130 КК.

Суддзя Руслан Царук пакараў Чыжыка зняволеннем на 2,5 года. Арсенія разам з яшчэ 72 грамадзянамі Беларусі прызналі палітычнымі вязнямі ў «справе Зельцара».

Цяпер Чыжык мусіць стаць на ўлік у Жыткавіцкім раённым аддзеле міліцыі, што на Гомельшчыне.

Агляд
Адна забітая асоба і дзясяткі скалечаных лёсаў. Два гады таму ў страляніне з КДБ загінуў Андрэй Зельцар
2023.09.28 13:41

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў