Што з чэргамі на мяжы Беларусі пасля закрыцця двух пераходаў у Літву


Пераход мяжы між Беларуссю і суседнімі дзяржавамі Еўразвязу ўжо даўно быў нервовай, доўгай і непрадказальнай справай. Закрыццё яшчэ двух пераходаў на мяжы з Літвой павялічыла час чакання, але сістэма пакуль не калапсавала. «Белсат» глядзіць, наколькі горш цяпер на мяжы.

Мытня
Памежны кантроль. Выява: belarusborder.by

Ад 1 сакавіка, калі Літва закрыла яшчэ два памежныя пераходы, у жыхароў Беларусі засталіся чатыры адкрытыя пункты выезду ў дзяржавы Еўразвязу: адзін у Польшчу (праз «Берасце»), два ў Літву (праз «Беняконі» і «Каменны Лог») і адзін у Латвію (праз «Грыгораўшчыну»). Усе гэтыя пункты можна праехаць аўтамабілем ці аўтобусам, пешшу перайсці мяжу нельга, толькі на «Грыгораўшчыне» прапускаюць на роварах.

Адкрыты таксама праезд у Польшчу для цяжкавікоў, але не для пасажыраў, праз «Казловічы». Мяжа з Украінай для грамадзянаў Беларусі закрытая, затое фактычна няма мяжы з Расеяй. Дабрацца ў Еўразвяз можна таксама паветрам, але толькі «ў аблёт» і з перасадкай.

Хоць у Літве кажуць, што поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю не хацелі б, цалкам гэтага не выключаюць. Акрамя таго, Літва хоча забараніць увоз і транзіт сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі. А таксама плануе апытаць грамадзянаў Беларусі з відам на жыхарства ў Літве – магчыма, некаторых апытаных прызнаюць «пагрозай нацыянальнай бяспецы».

Пакуль жа на мяжы з Літвой растуць чэргі фураў, а цэны квіткоў на некаторыя аўтобусы між Літвой і Беларуссю падскокваюць у тры з паловай разы.

«Белсат» глядзіць, што цяпер са спосабамі праехаць у краіны Еўразвязу, чэргамі для пасажырскага транспарту і часам чакання на мяжы.

План: Б
Хто хоча ўбіць клін паміж літоўцамі і беларусамі?
2024.02.19 17:30

Як растуць чэргі

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі публікуе афіцыйныя звесткі пра чэргі на памежных пераходах – там працуе сістэма электроннай чаргі. Вось якія лічбы публікавалі на ранак 5 сакавіка пра чэргі на выезд з Беларусі для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў.

Чарга на ўезд у Беларусь на пункце пропуску «Берасце»
Чарга на ўезд у Беларусь на пункце пропуску «Берасце». 5 сакавіка 2024 года. Скрыншот: Gpk.gov.by

«Берасце» (з польскага боку «Тэрэспаль»). 340–350 легкавікоў і 13–17 аўтобусаў, цяжкавікоў там не прапускаюць. Імаверна, 350 – максімальны паказнік на лічыльніку (лічба за апошні час не расла і хіба крыху змяншалася), таму сапраўдная чарга можа быць большай. Чэргі істотна выраслі на тле закрыцця двух пунктаў пропуску з Літвой – у студзені чэргаў у такі дзень магло не быць зусім, а магло быць некалькі дзясяткаў легкавікоў і пару аўтобусаў. Але з панядзелка, 4 сакавіка, паказнік чаргі легкавікоў трымаецца каля 350 машынаў, чарга аўтобусаў даходзіла да 30.

«Казловічы» (з польскага боку «Кукурыкі»). Грузавы пункт пропуску. Чарга з 200 цяжкавікоў, даходзіла і да 250. Да закрыцця двух пераходаў на мяжы з Літвой у такі дзень магло і не быць чаргі, а магла быць і з 200 цяжкавікоў.

«Беняконі» (з літоўскага боку «Шальчынінкай»). 30–70 легкавікоў і 730–740 цяжкавікоў у чарзе (аўтобуснай чаргі не рэгіструюць). Выглядае, што чарга легкавых аўтаў не павялічылася з закрыццём двух іншых літоўскіх пераходаў (раней у такі час бывала і нуль машынаў, і больш за 100), а чарга цяжкавікоў вырасла адчувальна (хоць у снежні чарга і бывала даўжэйшай).

«Каменны Лог» (з літоўскага боку «Мядзінінкай»). 40–70 легкавікоў і 810–820 цяжкавікоў (аўтобуснай чаргі не рэгіструюць). Чэргі легкавых аўтамабіляў апошнім часам у такія дні бывалі і нулявыя, і крыху большыя, але чарга цяжкавікоў павялічылася ў разы.

«Грыгораўшчына» (з латышскага боку «Патэрніекі»). 250–480 цяжкавікоў. Чаргі легкавікоў і аўтобусаў няма або яе не рэгіструюць. Раней у такія дні чаргі цяжкавікоў магло і не быць, а магло быць і 200–300 машынаў у чарзе, у снежні даходзіла і да 500. Чэргі з дзясяткаў легкавікоў рэгістравалі непасрэдна перад закрыццём двух літоўскіх пунктаў пропуску і адразу па закрыцці.

Беларускі Памежны камітэт заяўляе, што вінаваты не ён: маўляў, гэта суседнія краіны не выконваюць нормаў пропуску.

Што пішуць у чатах пра час чакання

Пра абстаноўку на мяжы можна скласці ўражанне праз Telegram-чаты беларусаў. Выглядае, што з чэргамі на выезд і ўезд сітуацыя падобная, але не зусім прадказальная. Зрабілася горш, але праехаць, добра пачакаўшы, яшчэ можна.

Чарга на выезд з Беларусі на пункце пропуску «Каменны Лог»
Чарга на выезд з Беларусі на пункце пропуску «Каменны Лог». 5 сакавіка 2024 года. Скрыншот: Gpk.gov.by

У чаце пра «Берасце» пішуць, што ў чарзе легкавікоў, якая расцягнулася на 750 метраў, можна прастаяць 7 гадзінаў, а можна і 12. У аўтобуснай чарзе можна чакаць і 9-10 гадзінаў. Сварацца і на польскіх, і на беларускіх памежнікаў.

У чаце пра «Беняконі» пішуць, што ў чарзе легкавікоў можна прастаяць 6–8 гадзінаў, а то і ўсе 12. На аўтобусную чаргу наракаюць менш – хіба ў адным паведамленні пішуць, што давялося чакаць 1,5 гадзіны. Сварацца і на літоўскіх, і на беларускіх памежнікаў.

У чаце пра «Каменны Лог» пішуць, што ў чарзе легкавікоў чакаць давядзецца 8–12 гадзінаў, хаця камусьці шанцуе – менш за 6 гадзінаў. На аўтобусе мяжу праходзяць, падобна, за гадзіну-другую, а адзін карыстальнік нават прыехаў у літоўскі аэрапорт раней за меркаваны час. Часта наракаюць, што чарга практычна не рухаецца. Адзін з карыстальнікаў задаецца пытаннем: можа, гэта праз вучэнні NATO?

У чаце пра «Грыгораўшчыну» пішуць пра найменшы час чакання, каля 3–6 гадзінаў легкавіком. Але адзначаюць, што «можна прастаяць паўдня». Наракаюць і на рамонт на памежным пераходзе, і на тое, што на беларускім баку няма падзелу на чырвоны і зялёны калідоры, а часам – і на паглыблены надгляд мытнікаў.

Аўтобусы і маршруткі ходзяць, але Горадня ў тупіку

З Менску да Вільні можна даехаць аўтобусам за 120–140 беларускіх рублёў, да Беластоку – за 120–200, да Варшавы – за 145–200, да Рыгі – за 190–240. Перавозкі ладзяць розныя кампаніі, выбар ёсць, квіткі ў продажы застаюцца. Ёсць і лакальныя маршруткі.

Квіткі на Коўна, якія за дзень да гэтага ў «Ecolines» з невядомых прычынаў падскочылі да 525 рублёў, ужо зніклі з продажу. Цяпер перавознік прапаноўвае толькі адзін рэйс на дзень за 150 рублёў. Іншых падобных скачкоў цэнаў ці знікнення маршрутаў не знайшлося.

З чатаў беларусаў і сайту Памежнага камітэту можна зрабіць выснову, што закрыццё яшчэ двух памежных пераходаў на мяжы з Літвой ускладніла пераход не толькі на беларуска-літоўскай, але і беларуска-польскай мяжы, ды не надта моцна ўдарыла па беларуска-латышскай, якая і так не была надта загружаная.

Але закрыццё пераходу «Прывалка – Райгардас» істотна змяніла статус Горадні. Яшчэ некалькі гадоў таму з Горадні была наўпроставая дарога ў Беласток і Варшаву. Але восенню 2021 года, пасля спробы мігрантаў з трэціх краінаў прарвацца праз пераход «Кузніца» (арганізаванай, падобна, беларускімі сілавікамі), гэтая дарога закрылася. Нядаўна закрылася і дарога ў Друскенікі і Вільню. Цяпер Горадня ў транзітным сэнсе – тупік, бо да найбліжэйшых памежных пераходаў з яе ехаць 2–4 гадзіны. Пасля выбараў-2020 і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Горадню таксама цяжка назваць горадам, прывабным для замежных турыстаў, – а да таго былі надзеі на турыстаў з суседніх краінаў.

Hавiны
Міністр замежных справаў Літвы: Дзверы для беларусаў прычыніліся
2024.03.01 20:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў