Справа за карцінку з БЧБ-сцягам і пераслед за мемы. Хроніка рэпрэсіяў за 5 студзеня


«Белсат» працягвае распавядаць пра выпадкі рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага грамадства.

Ганна Крук. Крыніца: viasna96 / Telegram

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што мастачка Ганна Крук утрымліваецца пад вартай у межах крымінальнай справы. Ганну затрымалі ўвечары 29 лістапада 2023 года ў кавярні «Маркс» у Менску. Праз два дні над мастачкай адбыўся суд паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»).

Паводле пратакола, Ганна «дэманстравала карціну з БЧБ-сцягам, што стала даступна неабмежаванаму колу асобаў». Сваю віну Крук не прызнала і патлумачыла суду, што сапраўды размясціла ў кавярні сваю карціну, але на ёй няма выявы бел-чырвона-белага сцяга. У выніку суд пастанавіў арыштаваць дзяўчыну на 13 содняў. Аднак пасля гэтага яна на свабоду не выйшла, супраць яе распачалі крымінальную справу.

У падкантрольных спецслужбам Telegram-каналах 5 студзеня было апублікавана «пакаяльнае» відэа з затрыманай уладальніцай атэлье па рамонце адзення Святланай Дзяружковай. На відэа жанчына кажа, што брала ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, а таксама што ў Instagram «выкарыстала мемы з чорным гумарам, якія адносяцца да нашай улады і суседняй дзяржавы».

Мяркуючы па скрыншотах, прыведзеных у відэа, гаворка ідзе пра жарты над расейскімі вайскоўцамі. На паказаных малюнках бачны, сярод іншага, мужчына ў форме вайскоўца з літарай «Z» (сімвал агрэсіі супраць Украіны) на грудзях і галавой свінні.

Фотаздымкі віцебскіх праваабаронцаў Паўла Левінава і Ірына Траццяковай, а таксама жыхаркі абласнога цэнтра Таццяны Філімонавай з’явіліся на стэндах «Іх шукае міліцыя». Іх партрэты суправаджае наступны тэкст: «Першамайскі РАУС г.Віцебска за здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч.2 арт 342 КК РБ (« Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») шукае» дадзеных асобаў. Прычым у абвестцы пра Левінава значыцца, што ён здзейсніў некалькі злачынстваў, кваліфікаваных паводле згаданага вышэй крымінальнага артыкула, адзначае «Віцебская Вясна».

Менскі гарадскі суд пачаў у закрытым рэжыме разглядаць справу ў дачыненні Яўгена ГурыновічаУладзіміра Журомскага і Віктара Новіка. Іх абвінавачваюць па дзевяці артыкулах крымінальнага кодэксу – у тым ліку ў «здрады дзяржаве» і «экстрэмізме». Усё трое – мытнікі. Абставіны іх пераследу невядомыя.

Паводле выдання «Медиазона», у Берасці байцы атраду спецыяльнага прызначэння «Шторм» затрымалі мужчыну за ўдзел у пратэстах 2020 года. На камеру ён кажа, што хадзіў на акцыі «недзе два разы», бо лічыў, што выбары былі сфальсіфікаваныя. У чым канкрэтна абвінавачваюць мужчыну, невядома.

Улады ўключылі ў спіс экстрэмісцкай прадукцыі старонкі ў сацыяльных сетках ксяндза Вячаслава Барка, сайт і сацсеткі выдання «Новы час», сайт і сацсеткі ініцыятывы «Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой», а таксама шэраг Telegram-каналаў, чатаў і нават паштовых адпраўленняў з «бел-чырвона-белымі палоскамі і вершнікам на кані».

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 10 чалавек – цяпер у ім 3664 прозвішчы.

Hавiны
«Выношвалі планы зрынання ўлады». Сілавікі распавялі пра масавыя затрыманні раварыстаў
2023.12.29 11:23

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў