Арышты студэнтаў, дзве сотні вобшукаў і содні для мастачкі


«Белсат» працягвае паведамляць пра выпадкі рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага грамадства.

Ганна Крук. Крыніца: viasna96 / Telegram

1 снежня з’явілася інфармацыя аб арышце мастачкі Ганны Крук на 13 содняў. Паводле папярэдніх звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», прычынай для затрымання і арышту стаў артыст-ток Ганны ў адной з кавярняў Менска.

У галоўнага рэжысёра Віцебскай тэлерадыёкампаніі Сяргея Арлова адбыўся ператрус. Сілавікі прыйшлі прама на працоўнае месца да мужчыны. Адбыўся ператрус і дома. Што ставяць у віну Сяргею Арлову – невядома.

У тэлеграм-канале, набліжаным да сілавікоў, паведамляецца пра затрыманне дзвюх жанчын – нарадзінак Берасця і Менска, якія бралі ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Згодна з пастановай суда Лідскага раёну, Instagram-старонка добраахвотніка «Янкі», на якую падпісаныя амаль 230 000 чалавек, прызнаная «экстрэмісцкай». Гэты ж суд прызнаў «экстрэмісцкімі» Telegram-каналы «SVDK | Słužba Vajarskaj Dapamohi Kalinoŭskaha», «Beer&History», а таксама Instagram-старонкі «ТОК | TALK», «budzma», «lordiuz».

У Берасці прайшлі затрыманні 15 навучэнцаў мясцовых навучальных устаноў — у тым ліку дзяржуніверсітэта імя Пушкіна. Паводле інфармацыі з праўладных тэлеграм-каналаў, прычынай затрыманняў стала распаўсюджанне «нацысцкіх, фашысцкіх, экстрэмісцкіх матэрыялаў і парнаграфіі». Паведамляецца, што чацвёра затрыманых змешчаны ў ІЧУ, рэшта – «пакуль яшчэ на волі».

1 снежня стала вядома, што маці дарадцы Ціханоўскай Маргарыты Ворыхавай па моладзевай палітыцы і студэнцтву прызначылі прысудзілі 15 содняў арышту.

Традыцыйна ў пятніцу МУС абнавіла «спіс экстрэмістаў», дадаўшы ў яго яшчэ яшчэ 21 прозвішча, на сённяшні дзень у спісе фігуруюць 3562 асобы. Сярод іншых у ім з’явілася прозвішча Эдуарда Бабарыкі.

З’явілася інфармацыя пра затрыманне пастара гарадзенскай царквы евангельскіх хрысціян баптыстаў «Святло свету» Васіля Трубчыка. Прычыны затрымання невядомыя.

Сілавікі ў сваім тэлеграм-канале паведамілі аб тым, што па «справе Каардынацыйнай рады» правялі каля 200 ператрусаў па ўсёй краіне.

Крымінальная справа распачата супраць журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, які ўжо два з паловай гады не жыве ў Беларусі. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў