У Менску паводле абвінавачвання ў «здрадзе дзяржаве» судзяць трох мытнікаў


Менскі гарадскі суд пачаў разглядаць справу ў дачыненні трох чалавек, якіх абвінавачваюць па дзевяці артыкулах крымінальнага кодэксу – у тым ліку ў «здрады дзяржаве» і «экстрэмізме». Пра гэта паведамляе Zerkalo.io.

Разгляд справы ў дачыненні да Яўгена Гурыновіча, Уладзіміра Журомскага і Віктара Новіка пачаўся 5 студзеня ў закрытым рэжыме. Паводле праекту Dissidentby, усё трое падсудных – мытнікі. Абставіны іх пераследу невядомыя.

Справу разглядае суддзя Сяргей Хрыпач, вядомы шматлікімі палітычна матываванымі прысудамі.

Гурыновіча, Журомскага і Новіка абвінавачваюць адразу па дзевяці артыкулах Крымінальнага кодэксу: «здрада дзяржаве», «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «незаконнае збіранне або распаўсюд прыватнай інфармацыі», «перавышэнне службовых паўнамоцтваў», «крадзеж, знішчэнне або ўтойванне дакументаў», «неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй», «незаконныя дзеянні ў дачыненні персанальных дадзеных», «распальванне варожасці».

Толькі па артыкуле пра «здраду дзяржаве» абвінавачаным пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У апошнія гады ў Беларусі артыкул 356 КК «здрада дзяржаве» усё часцей выкарыстоўваецца як інструмент палітычных рэпрэсіяў. Улады пры дапамозе гэтага артыкулу пераследуюць палітычных і грамадскіх дзеячаў, актывістаў, журналістаў, былых дзяржслужбоўцаў і вайскоўцаў, а таксама простых грамадзянаў.

Hавiны
Цэлую сям’ю затрымалі ў Гомлі за «здраду дзяржаве»
2023.12.28 10:17

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў