Сілавікі прыйшлі з чарговымі ператрусамі да апазіцыі


Аўторак сілавікі ў Менску пачалі з чарговай аблавы. Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», вядома пра як мінімум шэсць ператрусаў. Да каго прыйшлі і што шукаюць сілавікі гэтым разам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Масавыя ператрусы ў Беларусі. На працягу дня сілавікі прыйшлі да прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады Юрася Губарэвіча, Сяргея Чалага, Артура Фінькевіча, кіраўніка НАУ і прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі ды іншых асобаў з дэмакратычных структураў.

Як мяркуе кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, гэта звязана з іхнай актыўнай пазіцыяй, накіраванай на прыцягненне да адказнасці як самога Лукакшэнкі, так і прадстаўнікоў рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці ў адносінах да беларускага народу. Кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч пракаментаваў падзею так:

«Хутчэй за ўсё гэта канец года, нявыкананыя планы ў сілавікоў. Недастаткова людзей яны знаходзяць у Беларусі, каб затрымаць і пасадзіць. Планы не выконваюцца, людзі працягваюць супраціў».

Пра налёт сілавікоў актыўна пішуць і праўладныя Telegram-каналы. І нібыта прычынаю стала тое, што адзін з чальцоў Рады раскаяўся і вярнуўся ў Беларусь ды здаў больш за сто асобаў. Праўда, таемная інфармацыя пра тых, хто ў яе ўваходзіць, ёсць у свабодным доступе на сайце Рады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ператрус у кватэры.
Фота: сваякі Пятра Пажытных

«Да нядаўняга часу грамадскасці была вядомая толькі “вярхушка” экстрэмісцкага мурашніка, аднак у злачынную арганізацыю актыўна залучаліся новыя асобы», – заявіў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч.

З інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», ператрусы адбываюцца паводле шэрагу крымінальных артыкулаў, сярод якіх здрада дзяржаве, змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады і стварэнне экстрэмісцкага фармавання.

Як кажа праваабаронца «Вясны» Наталля Сацункевіч, з гледзішча праваабаронцаў, правоў чалавека, складана знайсці склад злачынства, пра які кажуць гэтыя артыкулы. Дзейнасць Каардынацыйнай рады, на погляд праваабаронцы, не адпавядае гэтым артыкулам.

Санкцыю на ператрусы ў «справе выбараў у Каардынацыйную раду» падпісаў генеральны пракурор Андрэй Швед. Таксама на маёмасць людзей, якія праходзяць у гэтай справе, як кажуць праваабаронцы, накладваецца арышт.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»