«Сістэма стала баяцца такіх арганізацыяў». 15 гадоў таму ўлады канчаткова знішчылі ініцыятыву «Партнёрства»


Выбары 2006 года.
Фота: dialog.ua

4 жніўня спаўняецца 15 гадоў з дня вынясення прысуду кіраўніцтву грамадскай ініцыятывы «Партнёрства», якая мелася назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года. І хоць тыя часы далёкія па жорсткасці ад падзеяў 2020-2021 гадоў, некаторыя тэндэнцыі ўжо можна было заўважыць тады.

Артыкул пад арганізацыю

У кастрычніку 2005 года сябры грамадскай ініцыятывы «Партнёрства» спрабавалі правесці ўстаноўчы, каб зарэгістраваць арганізацыю. Але з’езд быў спынены міліцыяй пра праз нібыта правядзенне несанкцыянаванага сходу. Каля 70 актывістаў трапілі ў аддзяленне міліцыі, у тым ліку кіраўнік арганізацыі Мікалай Астрэйка і ягоная намесніца Эніра Браніцкая, якім прысудзілі па 15 содняў арышту.

Гісторыі
Папярэднікі Ціханоўскай у Белым доме: калі і як прэзідэнты ЗША кантактавалі з лідарамі вызвольных рухаў
2021.07.29 16:27

«Партнёрства» збіралася назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі, якія былі прызначаныя на 19 сакавіка 2006 года. Але пасля Памаранчавай рэвалюцыі ва Украіне і Рэвалюцыі ружаў у Кыргызстане, дзе значную ролю адыгралі менавіта назіральнікі, «нашая сістэма стала баяцца такіх арганізацыяў», распавядае «Белсату» Эніра Браніцкая.

І хоць тады яшчэ дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў у Беларусі забароненай не была, 15 снежня 2005 года ў Крымінальны кодэкс дадалі артыкул, які забараняў такую актыўнасць. Першымі, на кім яго ўжылі, і сталі прадстаўнікі «Партнёрства».

«Гэта было зроблена менавіта для «Партнёрства», каб можна было блакаваць яго актыўнасць. Яны баяліся, каб мы нейкім чынам не маглі паўплываць на паслявыбарчыя падзеі ў Беларусі ў 2006 годзе, мабілізаваць людзей. Напярэдадні выбараў яны, каб паўплываць на выбарчы працэс, нас арыштавалі», – адзначае Эніра Браніцкая.

Эніра Браніцкая падчас разгляду справы «Партнёрства».
Фота: svaboda.org

Фальшывыя «экзіт-полы»

За месяц да выбараў, 21 лютага 2006 года, прадстаўнікоў «Партнёрства» затрымалі.

«Метад пачатку справы быў падобны да сённяшніх часоў. Выкарысталі зусім іншую крымінальную справу – распаўсюд мультфільмаў, якія зневажаюць прэзідэнта – для правядзення серыі ператрусаў. Былі затрыманыя дзясяткі людзей. Шмат з іх тады распавялі пра дзейнасць «Партнёрства» і заявілі пра спыненне сваёй актыўнасці ад яго імя, што было ўмовай поўнага спынення пераследу паводле гэтага артыкула. У рэшце былі затрыманыя чацвёра кіраўнікоў», – распавядае адвакат Павел Сапелка, які тады абараняў прадстаўніка «Партнёрства» Цімафея Дранчука.

За кратамі ў СІЗА КДБ апынуліся Аляксандр Астрэйка, Эніра Браніцкая, Цімафей Дранчук і Аляксандр Шалайка.

За некалькі тыдняў да выбараў тагачасны старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка заявіў, што арышты адбыліся ў сувязі з датычнасцю да падрыхтоўкі сілавога звяржэння ўлады. А «Партнёрства» нібыта падрыхтавала фальшывыя пратаколы экзіт-полаў, паводле якіх перамогу на выбарах мусіў атрымаць апазіцыйны кандыдат Аляксандр Мілінкевіч.

2 сакавіка Браніцкай, Дранчуку, Астрэйку і Шалайку выставілі абвінавачванне паводле ч.2 арт. 193 КК («Арганізацыя ці кіраванне дзейнасцю грамадскага абʼяднання, рэлігійнай арганізацыяй, якая пасягае на асобу, правы і абавязкі грамадзян»). Ім пагражала да трох гадоў пазбаўлення волі.

«Трэба было зрабіць прыгожа»

Цімафей Дранчук мяркуе, што ўлады імкнуліся рэпрэсаваць не столькі «Партнёрства», колькі ініцыятывы, «якія ярка працуюць, публічна выступаюць і прэтэндуюць на нейкі юрыдычны бок», карыстаюцца іншымі грамадскімі інстытутамі і могуць мець уплыў на высновы міжнародных структур.

«Мы былі арганізацыяй, якая была навідавоку, якая трапіла пад гарачую руку, бо трэба было зрабіць прыгожа, доўга гуляючы рэпартаж на БТ. І такія кадры, якія былі зробленыя ў першыя дні пасля нашых ператрусаў, трансляваліся яшчэ некалькі месяцаў. Нам тады не пашанцавала быць у пэўным месцы ў пэўны час. Я думаю, калі б нас у тыя дні не было б у Менску, то арыштавалі б нейкую іншую арганізацыю», – адзначае актывіст

«У бок Паўночнай Карэі»

Спачатку затрыманых трымалі ў СІЗА КДБ, а пасля – у менскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Калі параўноўваць умовы ў пенітэнцыярнай сістэме, то ў 2006 годзе была яшчэ «поўная дэмакратыя», кажа Цімафей Дранчук.

«Тады ўсё было інакш і значна больш лаяльна. Хоць тады, калі мы сядзелі, так не падавалася. Але калі параўнаць з сённяшнім, то гэта вельмі розныя рэчы. Тады не катавалі людзей. Сітуацыя змянілася вельмі моцна ў бок Паўночнай Карэі», – адзначае ён.

З тым, што «ў той час утрыманне ў СІЗА КДБ было не такім як зараз», згодны і адвакат Цімафея Павел Сапелка. Паводле яго, «там больш-менш выконваліся правілы, прынамсі скаргаў і асаблівых праблемаў з персаналам не было, супрацьдзеяння сустрэчам з адвакатам не адчувалася».

Цімафей Дранчук падчас разгляду справы «Партнёрства».
Фота: svaboda.org

Асудзілі не за тое, за што затрымалі

Затрыманых амаль адразу прызналі палітвязнямі. Працэс быў дастаткова гучным.

4 жніўня падчас судовага разбіральніцтва ў судзе Цэнтральнага раёну Менску абвінавачванні паводле ч.2 арт. 193 КК былі знятыя, як і шэраг абвінавачванняў, якія былі агучаныя высокімі службовымі асобамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў (фальсіфікацыя вынікаў экзіт-полаў, падрыхтоўка тэрактаў і іншае).

А прысуд суддзя Леанід Ясіновіч вынес паводле арт.193.1 КК («Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага абʼяднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду ці ўдзел у іх дзейнасці»). Мікалай Астрэйка быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі, Цімафей Дранчук – да аднаго года пазбаўлення волі, Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка – да шасці месяцаў арышту. Браніцкая і Шалайка выйшлі на волю ўжо 21 жніўня. 17 лістапада з калоніі ў Шклове быў вызвалены Мікалай Астрэйка, якому змянілі пакаранне на папраўчыя працы. Дранчука вызвалілі ўмоўна-датэрмінова 26 снежня з калоніі ў Менску. За час зняволення ў яго нарадзіўся сын, якога палітвязень упершыню пабачыў толькі ў судзе.

«Затрымалі ды расследавалі справу паводле аднаго артыкула – 193 КК, а асудзілі паводле іншага – 193.1 КК. І іх асудзілі проста за сам факт сяброўства ў арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю. Што з’яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды асацыяцыі. Пасля яшчэ больш за тузін чалавек быў асуджаны, справа ж «Партнёрства» ў гэтым была першай», – адзначае Павел Сапелка, якога пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі пасля выбараў 2010 года.

Эніра Браніцкая мяркуе, што ўвесь гэты працэс быў задуманы для таго, каб блакаваць актыўнасць «Партнёрства» на перыяд выбараў, «бо менавіта падчас выбараў мы сядзелі, а пасля ўсё гэта скончылася». Невялікія тэрміны яна тлумачыць тым, што сам артыкул, паводле якога іх судзілі, прадугледжваў да двух гадоў, «таму там не вельмі, дзе можна разгуляцца».

«Нас вінавацілі ў тым, што мы дзейнічалі ад імя незарэгістраванай арганізацыі. А ўсё было наадварот – усе зафіксаваныя крокі былі выключна ад зарэгістраваных партнёрскіх арганізацыяў», – адзначае Цімафей Дранчук.

Урокі 2006 года

Хоць рэпрэсіі былі і да 2006 года, «тады ўпершыню з грамадскай арганізацыяй, якая заявіла пра свае намеры назіраць на выбарах, расправіліся менавіта ў крымінальным парадку», адзначае Павел Сапелка. І дадае, што па сёння ў трэцім сектары ў выніку рэпрэсіяў з чатырох палітвязняў засталася актыўнай толькі Эніра Браніцкая.

Сама яна кажа, што 2006 год даў Беларусі першыя акцыі салідарнасці, тады з’явіліся ініцыятывы дапамогі сваякам палітвязняў, узнік Камітэт дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць».

Назіральнікі зразумелі, што не могуць паўплываць на вынікі, як у іншых краінах, але збіраюць звесткі «для гісторыі, для таго, каб міжнародная супольнасць угледзела, што адбываецца». Рэжым жа зразумеў, што «незалежным назіральнікам нельга дазваляць нічога», мяркуе Эніра Браніцкая.

Абноўлена
Сілавікі зладзілі ператрус у праваабаронцы Эніры Браніцкай і выклікалі на допыт
2021.04.06 17:32

Грамадзянская супольнасць жа была вымушаная больш канспіратыўна працаваць, «бо гэта быў сігнал, што ў якім бы прававым полі ты ні працаваў – а мы працавалі ў выключна прававым полі – цябе ўсё адно могуць арыштаваць і абвінаваціць у чым заўгодна», кажа Цімафей Дранчук.

Улады, на яго думку, «ніякіх урокаў не выносяць у прынцыпе, «марудна, але капаюць яму самім сабе».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў