На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам у Белым доме, засведчыўшы, што выбар большасці беларусаў – нацыянальная незалежнасць, аднаўленне дэмакратыі і законнасці.
ЗША ўжо больш за 200 гадоў – уплывовая дзяржава, якая пры гэтым дэкларуе падтрыманне дэмакратычных каштоўнасцяў. Таму шмат якія палітыкі за гэтыя стагоддзі звярталіся да Амерыкі ў пошуку моцнага хаўрусніка. Гэта не першы раз, калі прэзідэнты ЗША асабіста кантактуюць з лідарамі нацыянальна-вызвольных, антытаталітарных ці антыдыктатарскіх рухаў.
Хто быў папярэднікам Святланы Ціханоўскім сярод гэтых людзей?
Наш зямляк Тадэвуш Касцюшка ўжо ў пачатку Вайны за незалежнасць ЗША выправіўся ў Амерыку як добраахвотнік, дзе служыў інжынерам і атрымаў славу прафесіянала ў сваёй справе, даслужыўшыся да рангу брыгаднага генерала.
Потым ён зацята змагаўся за канстытуцыйны лад у Рэчы Паспалітай і яе незалежнасць пасля падзелу паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. За сваё жыццё Касцюшка неаднаразова сустракаўся і ліставаўся з будучым першым прэзідэнтам ЗША Джорджам Ўошынгтанам, прэзідэнтам ЗША Томасам Джэфэрсанам і шмат якімі іншымі амерыканскімі палітыкамі.
У наступныя дзесяцігоддзі памяць пра Касцюшку і прысутнасць у ЗША першай невялікай польска-беларуска-літоўскай дыяспары забяспечвалі амерыканскія сімпатыі нацыянальна-вызвольным паўстанням 1830 і 1863 гадоў.
Дачыненні паміж Мексікай і ЗША былі і застаюцца складанымі, аднак у 1861–1867 гадах ЗША падтрымалі змаганне мексіканскіх рэспубліканцаў супраць спробаў усталяваць у краіне манархію пры спрыянні французскіх войскаў.
Тагачасны прэзідэнт Мексікі Бэніта Хуарэс быў вымушаны хавацца на тэрыторыях па-за кантролем войскаў Францыі і прыхільнікаў імператара Мексікі Максімільяна. Ён не сустракаўся з прэзідэнтамі ЗША, аднак перапісваўся з Абрагамам Лінкальнам. У той жа час ягоная жонка з дзецьмі была ў Нью-Ёрку і асабіста сустракалася з прэзідэнтам як першая лэдзі Мексікі.
ЗША не прызналі мексіканскай манархіі, дапамагалі паўстанцам зброяй, а потым патрабавалі, каб войскі Францыі пакінулі тэрыторыю Мексікі. У выніку зацятай партызанскай вайны, перамог войскаў рэспубліканцаў і амерыканскаму дыпламатычнаму падтрыманню ў Мексіцы аднавілася рэспубліка.
Падчас супрацьстаяння паміж СССР і ЗША амерыканскія прэзідэнты неаднаразова сустракаліся з дысідэнтамі ці прадстаўнікамі незалежніцкіх дэмакратычных рухаў у эміграцыі, якія паходзілі з краінаў пад уладай камуністаў.
Гэтак, у 1972 годзе ў Каляды прадстаўнік беларускай эміграцыі Вітаўт Кіпель сустрэўся з прэзідэнтам Рычардам Ніксанам і абмеркаваў з ім беларускае нацыянальнае пытанне, заклікаючы яго наведаць Беларусь падчас візіту ў СССР. У 1974 годзе Ніксан стаў першым прэзідэнтам ЗША, які пабываў у Беларусі. Таксама беларуска Вера Рамук, сябра Рады БНР, сустракалася з Роналдам Рэйганам у 1980-я гады.
Ужо пасля халоднай вайны, у канцы 1988 года, у Вашынгтоне адбылася сустрэча вядомага савецкага дысідэнта і праваабаронцы, акадэміка Андрэя Сахарава з прэзідэнтам Рэйганам.
У 2007 годзе з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам сустрэлася дэлегацыя беларускай нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі: былы кандыдат на прэзідэнцтва Аляксандр Мілінкевіч, Павел Севярынец, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Зміцер Хведарук, Эніра Браніцкая.
Прадстаўнікі Беларусі прапаноўвалі падтрымаць незалежныя СМІ і дапамагчы студэнтам, якіх выганяюць з ВНУ. Яны адзначылі, што ніякія рэферэндумы аб аб’яднанні з іншымі дзяржавамі не могуць быць прызнаныя, калі адбываюцца ў недэмакратычных умовах.
Увесну 2020 года прэзідэнт ЗША Доналд Трамп сустрэўся з Хуанам Гуаідо – выканальнікам абавязкаў прэзідэнта Венесуэлы. Рэч у тым, што ў 2018 годзе венесуэльскі парламент прызнаў прэзідэнцкія выбары ў краіне незаконнымі і не прызнаў інаўгурацыі экс-прэзідэнта Нікаляса Мадура, які спрабаваў абрацца на новы тэрмін.
У сувязі з тым, што Гуаідо быў спікерам парламенту, ён, згодна з Канстытуцыяй, юрыдычна рабіўся выканальнікам абавязкаў прэзідэнта. Гуаідо прызналі законным прэзідэнтам Венесуэлы больш за 60 краінаў.
Багатая нафтаю Венесуэла праз сацыялістычную палітыку, а таксама карумпаванасць групоўкі спачатку Уга Чавэса, а потым ягонага паслядоўніка Мадура ўжо шмат часу застаецца ў стане перманентнага эканамічнага заняпаду, з яе за некалькі гадоў уцяклі мільёны чалавек. Трываюць спробы зарганізаваць перамовы, каб краіна магла выйсці з палітычнага крызісу.
РЛ для belsat.eu