«Давядзецца працаваць за сябе і за таго хлопца»: што змяняе новы закон аб занятасці


Квоты на працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю і тых, хто вызваліўся з месцаў зняволення, фіксаваны памер дапамогі ў звязку з беспрацоўем, змяншэнне тэрміну выплаты дапамогі – гэтыя і іншыя новаўвядзенні прадугледжаныя новым законам аб занятасці насельніцтва, прынятым Палатаю прадстаўнікоў у першым чытанні. Мы запыталіся ў эксперта даследчага цэнтру BEROC Алега Мазаля, наколькі істотна новы законапраект паўплывае на беларускі рынак працы і што насамрэч варта было б змяніць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

Як дзяржава шукае шляхі змяншэння сацыяльных выплатаў

Згодна з новым законапраектам, у Беларусі будзе скарочаны тэрмін знаходжання на ўліку ў цэнтрах занятасці ў якасці беспрацоўнага – цяпер ён складае 18 месяцаў, а пасля набыцця законам моцы зменшыцца да 12 месяцаў. Таксама ўдвая скарачаецца тэрмін, цягам якога будзе выплачвацца дапамога ў звязку з беспрацоўем. Цяпер яе плоцяць цягам 26 каляндарных тыдняў з даты рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага. Новы закон скарачае тэрмін да 13 тыдняў. Дапамога цягам 26 тыдняў пакідаецца тым, хто жыве на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы, а таксама беспрацоўным за 5 гадоў да дасягнення пенсійнага ўзросту.

Цяпер дапамога ў звязку з беспрацоўем прызначаецца тым, хто, да таго як стаць на ўлік у цэнтр занятасці, працаваў як мінімум год. Улічваецца таксама праца з перапынкамі. У новым законе прадугледжваецца, што для налічэння дапамогі трэба мець працоўны стаж з аплатай унёскаў у ФСАН цягам як мінімум 5 гадоў.

Эксперт даследчага цэнтру BEROC Алег Мазоль лічыць, што асноўная мэта такіх змяненняў – імкненне зменшыць сацыяльныя выплаты і падтрыманне грамадзянаў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, у гэтым выпадку – страцілі працу.

«З гледзішча дзяржавы, гэта дасць магчымасць крыху скараціць расходы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Пры гэтым узровень дапамогі паводле беспрацоўя ў Беларусі адзін з самых нізкіх сярод краінаў-суседзяў – максімальны памер базавай выплаты паводле беспрацоўя складае 22 еўры на месяц, у Польшчы – 178 еўраў, у Літве – 252 еўры», – кажа эксперт.

Агляд
Як выглядае беспрацоўны беларус? Белстат склаў партрэт
2024.02.28 20:38

Памер сумы дапамогі таксама будзе зменены новым законам – яна будзе фіксаванай, а не залежнай ад памеру апошняга заробку, хаця колькі менавіта будзе складаць, пакуль не ўдакладняецца. На думку Алега Мазаля, гэтакі крок скіраваны на дасягненне дзвюх мэтаў.

«Па-першае, спрасціць адміністраванне выплатаў паводле беспрацоўя органам занятасці насельніцтва. І па-другое, скараціць выдаткі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і такім чынам дэфіцыт бюджэту фонду, бо ўзносы на сацыяльнае страхаванне, якія ажыццяўляюцца ад заработнай платы занятых у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, хутчэй за ўсё зніжацца не будуць», – кажа эксперт.

«Рэжым Лукашэнкі спрабуе развязаць эканамічныя праблемы паводле савецкай практыкі»

Адно з новаўвядзенняў новай рэдакцыі закону аб занятасці – увядзенне інстытуту кватавання працоўных месцаў для працаўладкавання людзей з інваліднасцю, то бок цяпер прадпрыемствы будуць абавязаныя ўзяць на працу пэўную колькасць людзей з інваліднасцю. Таксама прадугледжваюцца дадатковыя гарантыі працаўладкавання для асобаў, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі або ЛПП, і тых, хто лечыцца ад залежнасцяў. Працадаўцы абавязваюцца выконваць бронь у колькасці месцаў для прыёму на працу такіх асобаў.

Паводле Алега Мазаля, рэжым Лукашэнкі такім чынам, «паводле традыцыйнай савецкай практыкі, спрабуе развязаць эканамічныя праблемы адміністрацыйнымі захадамі, у гэтым выпадку – уводзячы квоты і бронь у сферы занятасці насельніцтва».

«Відавочна, нічога добрага ўвядзенне такіх захадаў для працадаўцаў не абяцае, бо прынятых паводле квотаў/броні на працу работнікаў будзе складана звольніць нават у выпадку іх неэфектыўнай працы, – мяркуе эксперт. – Такім чынам, звычайным работнікам давядзецца працаваць, як казалі ў часы СССР, «і за сябе, і за таго хлопца».

У развітых краінах дзяржава рэалізуе палітыку занятасці праз выплату наймальнікам розных кампенсацыяў у сувязі з працаўладкаваннем асобаў з абмежаванымі магчымасцямі або іншых катэгорыяў грамадзянаў у зоне сацыяльнай рызыкі, зазначае спадар Мазоль. У Беларусі, паводле даследніка, такая практыка таксама існуе, аднак у вельмі абмежаваным выглядзе:

«Напрыклад, у 2020 годзе (апошнія звесткі ў адкрытых крыніцах) на фінансаванне абароненай і падтрымліванай занятасці ў Беларусі было выдзелена 3,54 мільёна еўраў. Для параўнання, у Польшчы на тыя ж мерапрыемствы дзяржаўныя расходы склалі 812,8 мільёна еўраў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Што не так з квотамі?

Пра крытыку беларускімі наймальнікамі інстытуту кватавання раней пісаў часопіс «Office Life». У беларускіх кампаніях лічаць, што абавязанні, накладзеныя дзяржавай на наймальнікаў, а таксама недастатковыя кампенсацыйныя захады не служаць стымулам для стварэння працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. Фінансаванне выдаткаў на стварэнне спецыялізаваных працоўных месцаў для такіх катэгорыяў працаўнікоў даецца толькі бюджэтным арганізацыям. Для астатніх прадугледжаная магчымасць кампенсацыі выдаткаў, але толькі пры выкананні вызначаных умоваў: забеспячэнне месцаў для людзей з інваліднасцю ў колькасці не меншай за 3 %, выкананне заданняў аб працаўладкаванні ад выканкамаў, гарантаваная праца для людзей з інваліднасцю цягам не менш чым трох гадоў.

Таксама бізнес-супольнасць лічыць крайне недастатковай штомесячную кампенсацыю наймальнікам затратаў для аплаты працы людзей з інваліднасцю – з 1 студзеня 2024 года гэтая сума, незалежна ад групы інваліднасці, абмежаваная 626 рублямі.

Адначасова за беспадстаўную адмову ў прыёме на працу асобы з інваліднасцю, накіраванай органамі занятасці ў лік броні, накладаецца штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў. За невыкананне наймальнікам абавязання аб стварэнні працоўных месцаў для асобаў з абмежаванай працаздольнасцю давядзецца заплаціць штраф да 100 базавых велічыняў.

Аб’ектыў
Парадокс на рынку працы: стала больш вакансіяў і больш беспрацоўных
2024.01.30 21:09

«Адток кадраў за мяжу працягнецца»

Сапраўды істотных змяненняў на рынку працы новы законапраект аб занятасці не прынясе, перакананы Алег Мазоль.

«Акрамя зніжэння ўзроўню сацыяльных гарантыяў (скарачэння перыяду выплаты дапамогі паводле беспрацоўя) і ўвядзення дадатковых адміністрацыйных барʼераў на рынку працы ў форме квотаў/броні на занятасць пэўных катэгорый працаўнікоў, у новай рэдакцыі закону можна адзначыць толькі пашырэнне ўжывання электроннага дакументаабароту. Гэтая захада дае магчымасць галоўным чынам спрасціць адміністраванне дзейнасці службаў занятасці ў Беларусі», – кажа эксперт.

Сярод захадаў, якія здольныя былі б развязаць праблему занятасці і якія сапраўды варта было б прыняць у Беларусі, даследнік BEROC вылучае паляпшэнне бізнес-клімату ў краіне, падтрыманне малога бізнесу, прыцягненне замежных інвестыцыяў і стварэнне гарантыяў для абароны права прыватнай уласнасці.

«Рэжым Лукашэнкі, відавочна, рухаецца ў гэтым выпадку ў проста супрацьлеглым кірунку. З пункту гледжання захадаў для зніжэння адтоку кадраў, у першую чаргу трэба прыняць захады, скіраваныя на стварэнне гарантыяў недатыкальнасці грамадзянаў, іх права на абарону, абарону грамадзянаў ад палітычных рэпрэсіяў і адвольных затрыманняў, – зазначае спадар Мазоль. – Відавочна, дзейны рэжым нічога з названых захадаў рэалізоўваць не будзе. Адпаведна, адток кадраў за мяжу будзе працягвацца».

Агулам жа, калі казаць аб дзяржаўнай палітыцы на рынку працы, варта прымяняць метадалогію і падыходы, рэкамендаваныя Арганізацыяй эканамічнай супрацы і развіцця, а менавіта падзяляць захады рэгулявання рынку працы на актыўную палітыку на рынку працы і пасіўную палітыку на рынку працы ды імкнуцца рэалізаваць падыходы перадавых краінаў-суседзяў, такіх як Польшча, ці досвед скандынаўскіх краінаў, напрыклад, Фінляндыі, рэзюмуе эксперт.

Агляд
Лекары толькі на трэцім месцы. Якіх спецыялістаў не хапае ў Беларусі і што там у IT?
2024.02.29 17:43

Каго цяпер не лічаць занятымі і якая праца – прыдатная?

Сярод іншых змяненняў у законе – узмацненне кантролю за дзейнасцю агенцтваў для працаўладкавання, выключэнне з катэгорыі занятых тых, хто ажыццяўляе дзейнасць у галіне аграэкатурызму або рамесніцкую дзейнасць, ды навучэнцаў дзённай формы атрымання адукацыі. На сённяшні момант да занятых адносяцца ўсе, хто займаецца «іншай не забароненай заканадаўствам дзейнасцю, што прыносіць даход». У новым законапраекце гэты пункт адсутнічае.

Таксама новы закон змяняе падыход да вызначэння прыдатнай працы. Пакуль што прыдатнай лічыцца праца, якая адпавядае прафесійнай прыдатнасці беспрацоўнага, з улікам ягонай адукацыі, стану здароўя, стажу і досведу працы на папярэдняй пасадзе ці прафесіі, транспартнай дасяжнасці новага месца працы. Праз шэсць месяцаў са дня рэгістрацыі беспрацоўным гэтыя крытэры змяняюцца і прыдатнай пачынае лічыцца праца, якая патрабуе змянення прафесіі, навучання.

У новым законапраекце тэрмін змянення крытэраў прыдатнай працы змяншаецца да аднаго месяца, а праз шэсць месяцаў знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўнага і адмовы прайсці перападрыхтоўку прыдатнай лічыцца любая праца, за выключэннем часовых працаў.

У другім чытанні новы законапраект аб занятасці насельніцтва будзе прымаць ужо новы склад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віталь Гіль / 1prof.by

Тым часам, у 2024 годзе ў Беларусі працягнулася тэндэнцыя 2023 года, калі колькасць звальненняў перавышала колькасць прыёмаў спецыялістаў на працу. У студзені на прадпрыемствах звольнілі на 2013 чалавек больш, чым працаўладкавалі, як вынікае са звестак Белстату.

У 2023 годзе ў Беларусі былі звольненыя амаль 693 тысячы чалавек. А вось на працу ўзялі 630,15 тысячы чалавек.

У студзені 2024 года колькасць занятых у эканоміцы краіны складала 4 129 000 асобаў. У параўнанні са снежнем гэтая лічба паменшала на 11,1 тысячы.

Зніжэнне ўзроўню занятасці адбываецца рэгулярна. У 2022 годзе занятых было 4,21 мільёна, у 2021-м – 4,28 мільёна, у 2020-м – 4,32 мільёна, у 2019-м – 4,33 мільёна, у 2018-м – 4,34 мільёна асобаў. А дзесяць гадоў таму, у 2013-м, сярэднегадавая колькасць занятых складала 4,58 мільёна – то бок амаль на 450 тысячаў болей, чым цяпер.

Hавiны
У Беларусі больш звальняюць, чым бяруць на працу
2024.03.01 11:16

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў