У Беларусі ў 2023 годзе больш звальнялі, чым прымалі на працу


У 2023 годзе ў Беларусі былі звольненыя амаль 693 тысячы чалавек. Тым часам на працу ўзялі 630,15 тысяч чалавек. Звальненняў было больш, чым працаўладкаванняў на 62,8 тысяч, вынікае са справаздачы Белстату, піша Reform.by.

Беларускі металургічны завод
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: БМЗ_life / Telegram

У сельскагаспадарчай галіне, лясной і рыбнай гаспадарках летась былі звольненыя на 9,88 тысяч чалавек больш за прынятых на працу. У апрацоўчай прамысловасці звальненняў было на 6,05 тысяч чалавек больш, чым працаўладкаванняў. Такая ж сітуацыя ў будаўніцтве – звольнілі на 6,5 тысяч чалавек больш, чым узялі.

У аптовым і раздробным гандлі, рамонце аўтамабіляў і матацыклаў звальненняў было больш на 10,42 тысяч. У транспарце і лагістыцы звольнілі на 6,2 тысячы чалавек больш, чым прынялі на працу.

У галіне інфармацыі і сувязі звольнілі больш за 18 тысяч чалавек, што на 6,93 тысячы больш, чым працаўладкаванняў – колькасць прыёмаў на працу скарацілася на 29,3%.

У фінансавай і страхавой галінах звольнілі на 1,89 тысяч чалавек больш, чым прынялі на працу.

На 7,9 тысяч больш звальненняў, чым уладкаванняў было ў галіне адукацыі.

Hавiны
На абутковай фабрыцы «Шаговита» ў Магілёве – масавыя звальненні
2023.11.17 14:43

Нават у дзяржаўным кіраванні звальненняў у 2023 годзе было больш, чым прыёмаў на працу – на 675 чалавек.

У ахове здароўя колькасць звальненняў перавысіла колькасць працаўладкаванняў на 920 чалавек.

Больш прыёмаў на працу, чым звальненняў, было ў прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці – узялі на 802 чалавекі больш, чым звольнілі.

У 2023 годзе колькасць занятых у беларускай эканоміцы скарацілася на 49,5 тысяч чалавек. Па стане на снежань у эканоміцы былі занятыя 4,14 мільёнаў чалавек.

У параўнанні з 2022 годам, летась колькасць працаўладкаванняў зменшылася на 1,2%, звальненняў – на 2,3%.

У справаздачу не ўключаныя мікра- і малыя прадпрыемствы без ведамаснай падпарадкаванасці.

Аб’ектыў
Парадокс на рынку працы: стала больш вакансіяў і больш беспрацоўных
2024.01.30 21:09

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў