Пад Гомлем затрымалі падлетка, які хацеў збегчы ва Украіну каб не вучыцца


Недалёка ад украінскай мяжы ў Гомельскім раёне затрымалі падлетка з Віцебску, які спрабаваў уцячы ва Украіну, паведамляе тэлеканал «Беларусь 4». Дзяржаўная журналалістка дадае, што ў гэтым, нібыта, вінаватыя «замежныя лялькаводы».

Скрыншот відэа: Телерадиокомпания Гомель / Youtube

Падлетка знайшоў вартаўнік аднаго з санаторыяў каля Гомля і звярнуўся ў міліцыю. Ён расказаў, што да агароджы падышоў хлопец і патлумачыў, што заблудзіўся, папрасіў дапамагчы. Вартаўнік выклікаў міліцыянтаў.

Нарад, які прыбыў на месца, даставіў падлетка ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Там высветлілі, што хлопец прыехаў з Віцебску на цягніку ў Гомель, а пасля праз лес пешшу ішоў да мяжы, каб незаконна пракрасціся ва Украіну і застацца там. Аб прычынах такога ўчынку малады чалавек адказвае проста – не хацеў вучыцца, а ва Украіне планаваў знайсці працу.

Бацькі хлопца не ведалі пра ягоныя планы. Маладзён вучыцца ў адным з каледжаў Віцебску. Перад паездкай у Гомель ён сказаў родным, што застаецца ў інтэрнаце па месцы вучобы, а адміністрацыі інтэрната каледжа – што едзе дадому.

Аднак ў эфіры дзяржСМІ прычыны паводзінаў хлопца дадумалі за яго і падкрэслілі, што гэта здарылася праз «дэструктыўнае ўздзеянне».

«Хлопец актыўна цікавіўся дзейнасцю Святланы Ціханоўскай, са сталай рэгулярнасцю маніторыў забароненыя ў Беларусі інтэрнэт-рэсурсы. У нейкі момант пад уплывам звонку падлетак паддаўся дэструктыўнаму ўздзеянню і вырашыў пакінуць межы роднай краіны».

Дзяржаўная журналістка Наталля Ігнаценка таксама дадала, што «калі б усё пайшло інакш, ён мог бы стаць марыянеткай у руках замежных лялькаводаў».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў