Найбуйнейшую ў Еўропе атамную электрастанцыю – Запарожскую – абстралялі расейскія войскі


А 3:00 4 сакавіка расейскія войскі пачалі абстрэльваць Запарожскую АЭС. У выніку ракетнага абстрэлу пачаўся пажар. Вядома, што расейскія войскі трапілі ў першы энергаблок. Пры гэтым ратавальнікі некаторы час не маглі трапіць на аб’ект, каб змагацца з агнём, бо з абодвух бакоў працягваліся абстрэлы. Але ў выніку ратавальнікаў пусцілі на абʼект.

Запарожская атамная электрастанцыя сталася мішэнню расейскіх войскаў. Уначы нападнікі пачалі абстрэл небяспечнага аб’екту. У выніку пачаўся пажар.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў з экстранным зваротам:

«Усе ведаюць, колькі гора і ахвяраў прынёс выбух на Чарнобыльскай АЭС: пацярпелі сотні тысяч асобаў. Расея хоча гэта паўтарыць і ўжо паўтарае».

Прэзідэнт Украіны распавёў, што пасля абстрэлу АЭС кантактаваў з Байдэнам, Шольцам, Джонсанам ды іншымі палітычнымі лідарамі.

Прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што скліча экстраннае пасяджэнне Рады Бяспекі ААН.

Дзяржатамрэгуляванне Украіны і Запарожскай ваеннай адміністрацыі паведамляе, што пляцоўку АЭС занялі расейскія вайскоўцы:

«Блокі ЗАЭС засталіся цэлыя, ёсць пашкоджанні рэактарнага адсеку блоку № 1, што не ўплывае на бяспеку блоку. Сістэмы і элементы, важныя для бяспекі АЭС, – у працоўным стане. Змены радыяцыйнага стану не зафіксаваныя».

У МАгАтЭ пацвердзілі, што пажар не закрануў важанага абсталявання. Арганізацыя цяпер вядзе маніторынг сітуацыі ў рэжыме 24/7.

На Запарожскай АЭС цяпер працуе адзін энергаблок з шасці. Астатнія цяпер у планава-папераджальным рамонце, адлучаныя ад сеткі, астуджваюцца ядравыя ўстаноўкі.

Запарожская АЭС месціцца ў стэпавай зоне на беразе Кахоўскага вадасховішча ў Запарожскай вобласці Украіны ў горадзе Энэргадар. Гэта самая буйная электрастанцыя ў Еўропе.

ВІДЭА
Пажар і штурм АЭС. Дзявяты дзень вайны ва Украіне. Онлайн
2022.03.04 08:06

АФ belsat.eu

Стужка навінаў