«Мы дойдзем да кожнага». МУС абяцае новыя затрыманні ў мяса-малочнай галіне


Намеснік міністра ўнутраных справаў, начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч у эфіры тэлеканалу АНТ паабяцаў новыя затрыманні ў галіне перапрацоўвання мяса і малака.

Генадзь Казакевіч.
Фота: mvd.gov.by

«Мы дойдзем да канца ў сферы перапрацоўвання і мяса, і малака. Будуць яшчэ затрыманні, будуць яшчэ пачатыя крымінальныя справы», – сказаў Генадзь Казакевіч.

Кажучы пра карупцыю на Бярозаўскім мясакансервавым камбінаце, ён распавёў, што знайшоўся прадпрымальнік, які пастаўляў на прадпрыемства дабаўкі для вытворчасці мясных вырабаў, для якога «зусім нармальна даць хабар».

«З іншага боку сядзіць несумленны кіраўнік, для якога гэтак жа нармальна хабар узяць», – заявіў Казакевіч, заявіўшы, што ўсе гэтыя выдаткі ў выніку кладуцца на сабекошт тавару.

Паводле яго, карупцыйная схема працавала 15 гадоў. Цяпер абодва падазраваныя ў СІЗА.

«І мы дойдзем да кожнага, каго закранула гэтая карупцыйная схема», – падкрэсліў намеснік міністра.

Аналітыка
Ад малака да мяса. Што вядома пра гучныя карупцыйныя справы?
2023.11.30 17:01

Генеральнага дырэктара Бярозаўскага мясакансервавага камбінату Уладзіміра Жуковіча затрымалі ў сярэдзіне лістапада. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару (арт. 430 КК) ад бізнесоўца Сяргея Орлікава. Як заяўляецца, карупцыйныя схемы Орлікава закраналі ўсе рэгіёны Беларусі. Сярод пастаянных партнёраў ягонай фірмы «Міттрэйд-інвест» мясакамбінаты ў Горадні, Берасці, Віцебску, Пінску, Ваўкавыску, Глыбокім і Ашмянах.

Таксама ў лістападзе адбыліся затрыманні сярод вытворцаў малака. Як заяўляў Аляксандр Лукашэнка, «восем камерцыйных групаў усталявалі кантроль над экспартам у Расею прадукцыі шэрагу малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў». Затрыманыя 26 чалавек, з іх 15 арыштаваныя, а сетка пасярэднікаў зарабляла не менш за $ 10 млн на год. Сярод фігурантаў справы былы дырэктар «Бабушкиной крынки» Генадзь Скітаў, які нібыта «замкнуў на сябе фінансавыя плыні».

Дзяржаўныя медыі сцвярджалі, што ў карупцыйнай схеме таксама нібыта ўдзельнічалі кіраўнікі Полацкага і Лепельскага малочных камбінатаў, Слуцкага сыраробнага камбінату, Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату.

Імаверна, з гэтымі справамі звязана і тое, што Ігар Брыло, былы міністр сельскай гаспадаркі, а потым інспектар у Віцебскай вобласці, трапіў у няласку. 22 лістапада «Наша Ніва» паведаміла, што чыноўнік быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА КДБ. А 27 лістапада ён афіцыйна быў адпраўлены ў адстаўку за здзяйсненне «правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай цывільнай службе».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў