Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча засудзілі на 4 гады


3 лістапада суд Маладзечанскага раёну агучыў вырак галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» і палітычнаму вязню Аляксандру Манцэвічу. Яго засудзілі на 4 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама прызначылі штраф памерам 400 базавых велічыняў.

Аляксандр Манцэвіч, рэдактар «Рэгіянальнай газеты».
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Аляксандра Манцэвіча абвінавацілі паводле артыкулу 369-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Згодна з матэрыяламі следства, Аляксандр Манцэвіч на пасадзе дырэктара рэдакцыі газеты супольна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года да 15 сакавіка 2023 года «распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах загадзя ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады».

Абвінавачанне сцвярджае, што ў артыкулах выдання «ўтрымлівалася недакладная інфармацыя, скіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзянаў Беларусі, фармаванне ілжывых уяўленняў пра невыкананне правоў і свабодаў грамадзянаў».

Журналіста затрымалі 15 сакавіка 2023 года, папярэдне ўчыніўшы ператрус у ягоным доме.

Як паведамляюць праваабаронцы, пачалі судзіць Манцэвіча яшчэ 27 верасня 2023 года, але 12 кастрычніка суддзя Аляксей Іршын прызначыў наступнае пасяджэнне на 23 кастрычніка, што, верагодна, было звязана з перафарматаваннем абвінавачання на іншы склад артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу.

У сваім кранальным апошнім слове Аляксандр Манцэвіч адзначыў, што не прызнае сваёй віны.

«Чую галасы продкаў, ніколі не здраджваў Бацькаўшчыне. Я люблю мой народ і маю Беларусь. За кратамі я не змог паставіць помнік бацьку на могілках да гадавіны. Я не летуценнік, але ўпэўнены, што некалі з’явіцца вуліца імя «Рэгіянальнай газеты», якая мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, жыла клопатамі чытачоў і пісала праўду. Няма ніякай маёй віны. Шкада, што я як дзед не магу навучыць унука новым беларускім словам. А мая дачка не можа патлумачыць унуку, дзе ягоны дзядуля. Але яму не будзе сорамна за дзеда. Шкада газету, якая магла існаваць доўгія гады. Сваёй віны не прызнаю», – прыводзіць ягоныя словы сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Пастановаю суда Аляксандра Манцэвіча прызналі вінаватым, засудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры гады ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама да штрафу памерам 400 базавых велічыняў, што на сёння складае 94 000 рублёў.

Аляксандр Манцэвіч быў неаднаразовым пераможцам журналісцкіх конкурсаў і прэміяў за высокія стандарты працы, а «Рэгіянальная газета» была адным з асноўных незалежных выданняў Маладзечна і рэгіёну.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў