Беларусы працягваюць несці валюту ў абменнікі, а прадпрыемствы – скупляць яе


Беларусы сталі радзей прыходзіць у абменнікі – з пачатку восені знізіліся аб’ёмы як пакупкі, так і продажу валюты. Разам з тым, жыхары Беларусі працягваюць больш прадаваць, чым купляць валюту, і разрыў паміж купляй-продажам павялічваецца. Субʼекты гаспадарання ў асноўным працягваюць скупляць валюту.

Пункт абмену валют у гандлёвым цэнтры. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Згодна статыстыцы Нацбанку, у жніўні жыхары Беларусі былі чыстымі прадаўцамі замежнай валюты: яны набылі $849,7 млн, а прадалі – $893,4 млн. У верасні гэтыя лічбы знізіліся, але тэндэнцыя захавалася – беларусы працягваюць несці валюту ў абменнікі. Так, за верасень беларусы набылі $765,1 млн (на $84,6 млн менш, чым у жніўні), а прадалі $841,3 млн (на $52,1 млн менш за папярэднюю лічбу).

Адзначым павелічэнне разрыву паміж купляй-продажам валюты ў бок продажу: у жніўні розніца складала $43,7 млн, а ў верасні ўжо $76,2 млн.

Лічбы аб’ёму аперацый суб’ектаў гаспадарання таксама знізіліся ў параўнанні са жніўнем, аднак тут тэндэнцыя адваротная. Юрыдычныя асобы-рэзідэнты ў верасні працягвалі больш актыўна скупляць валюту: за месяц яны прадалі $1 731,4 млрд, а набылі $1 987,3 млрд (розніца – $255,9 млн). У параўнанні са жніўнем розніца куплі-продажу павялічылася больш чым у два разы (тады лічба складала $101,5 млн).

Агулам за студзень-верасень 2023 года фізічныя асобы прадалі замежнай валюты на $499,6 млн больш, чым набылі. Юрыдычныя асобы за гэты ж перыяд купілі валюты на $818,1 млн больш, чым прадалі.

Інфаграфіка
Валюты на руках у беларусаў паменела сёлета на $1,5 млрд
2023.10.08 13:52

belsat.eu

Стужка навінаў