Падрывы цягнікоў, атакі беспілотнікаў і палаючыя склады. Што гэта можа значыць для ходу вайны?


На тэрыторыі Расеі і акупаваных украінскіх рэгіёнаў з канца красавіка рэзка вырасла колькасць дыверсіяў і атак беспілотнікамі. Улады РФ нават заяўляюць, што была спроба атакі самога Крамля. Тым часам Украіна не бярэ на сябе адказнасць за гэтыя інцыдэнты, а выратавальнікі ў Расеі намагаюцца патушыць палаючыя нафтавыя базы, вайсковыя аэрадромы і цягнікі, што сышлі з рэек у выніку падрываў. Пацікавіліся ў эксперта, аб чым гэта можыць сведчыць. 

Пажар у порце Тамань у Краснадарскім краі. 3 мая 2023 года. Скрыншот з відэа: «Baza» / Telegram / bazabazon

Бранская вобласць, Севастопаль, порт Тамань у Краснадарскім краі – гэта толькі частка рэгіёнаў у Расеі і на акупаваных тэрыторыях, дзе за апошнія дні адбыліся выбухі. У расейскіх сацыяльных сетках карыстальнікі абураюцца таму, што ФСБ здолелі празяваць другі за два дні выбух на чыгунцы ў Бранскай вобласці. Тым больш, што цяпер тут вядуцца следчыя дзеянні праз дыверсію.

Месца здарэння з беларускім цягніком.
Фота: belzhd.info

1 траўня ў Бранскай вобласці пусцілі пад адхон беларускі цягнік з нафтапрадуктамі і піламатэрыяламі. У выніку дыверсіі 8 вагонаў сышлі з рэек. Выбух пашкодзіў каля 200 метраў чыгункі, якую аператыўна рамантавалі. Але ўжо 2 траўня зноў на Браншчыне адбылася другая паспяховая дыверсія на чыгунцы. У выніку выбуху на ўчастку Снежацьская – Белыя Берагі ў ваколіцах Бранску сышлі з рэек каля 20 вагонаў. Афіцыйна паведамляецца, што ўзгарання гэтым разам не адбылося, пацярпелых таксама няма.

Каментар
«Вядома, што страшна». Беларускім чыгуначнікам пагражае звальненне за адмову ад рэйсаў у Расею
2023.05.02 20:56

Расейскія СМІ таксама паведамляюць, што ў ноч на 3 траўня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі вайсковы аэрадром у Бранскай вобласці. У выніку атакі быў пашкоджаны Ан-124, які не эксплуатаваўся. Гэтай жа ноччу беспілотнік ЗСУ атакаваў рэзервуар з палівам у Краснадарскім краі Расеі. У выніку атакі загарэлася нафтабаза АТ «Таманьнефтегаз». Тэлеграм-канала «Baza» паведамляе, што агонь ахапіў нафтавы рэзервуар непасрэдна ў порце Тамань.

1 траня кіраўнік Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка паведамляў пра падрыў апоры ЛЭП у вобласці, таксама вядома пра знішчаныя рэзервуары з палівам Чарнаморскага флоту ў Севастопалі. А 30 красавіка была знішчаная турбаза «Прывал паляўнічага» ў акупаваным Мелітопалі, дзе размяшчаліся расейскія вайскоўцы.

Мала таго, прэсавая служба Крамля заявіла, што ўначы на 3 траўня Украіна спрабавала нанесці ўдар нават па Крамлю.

«Расейскія вайскоўцы і спецслужбы вывелі са строю два беспілотнікі, якія атакавалі Крэмль», – гаворыцца ў заяве.

Жыхары Масквы пацвердзілі, што каля Крамля ноччу чулі выбухі.

У сваю чаргу афіцыйна Кіеў не каментуе гэтыя дыверсіі і выбухі. У медыях гучаць меркаванні, што ЗСУ вось-вось распачне наступ. Але яшчэ раней з вуснаў чыноўнікаў Украіны гучала, што дакладныя тэрміны і акалічнасці контрнаступу вядомыя толькі некалькім асобам у Кіеве, рыхтаванні і планы захоўваюцца ў таямніцы. Выданне «Украінская праўда» са спасылкай на Politico піша, што Украіна хавае дэталі будучага вясновага контрнаступу нават ад блізкіх хаўруснікаў. Такім чынам у Кіеве намагаюцца перадухіліць уцечку сакрэтнай інфармацыі.

Аналітыка
У рэжыме чакання. Што вядома пра будучы контрнаступ ЗСУ
2023.05.02 10:00

Раней эксперты казалі, што папярэднічаць контрнаступу будзе актыўная падрыхтоўка ў выглядзе знішчэння складоў з боепрыпасамі, палівам і базаў з асабовым складам.

«Так, ці іначай, апошнія падзеі з падрывамі і дыверсіямі можна разглядаць як прэлюдыю да наступу, які несумненна будзе. І тут я думаю, мэта ўкраінскага боку не толькі ў тым, каб нанесці шкоду нейкім аб’ектам, інфраструктуры, але і псіхалагічна напружыць і расейскае кіраўніцтва, і грамадства, якое, на жаль, у сваёй большасці падтрымлівае гэтую агрэсію. Мэта дыверсіяў – паказаць, што ўсё вяртаецца бумерангам, маўляў, вы распачалі агрэсію, хацелі захапіць іншую краіну, вось у выніку і атрымлівайце своеасаблівы адказ. Гэты чыннік таксама вельмі важны, на вайне псіхалагічныя моманты, маральны стан праціўніка мае важнае значэнне і я думаю, што Украіна жадае дэмаралізаваць расейцаў, каб яны нідзе не пачуваліся спакойна», – кажа ў размове з «Белсатам» палітычны аглядальнік @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі.

Пажар у Севастопалі.
Фота: ЧП Севастополь / Telegram

Вядома, што дзеянні ўкраінскай арміі выклікаюць заклапочанасць не толькі ў Крамлі і ў расейскім грамадстве. Ваенныя дзеянні насцярожваюць і рэжым у Менску. Аляксандр Класкоўскі кажа, што беларускім уладам становіцца яшчэ больш няўтульна ў сувязі з дзейнасцю рэйкавых партызанаў. Лукашэнка і ягонае атачэнне праецыруюць гэтыя падзеі на Беларусь і разумеюць, што як бы яны не малявалі Беларусь выспай спакою і стабільнасці, насамрэч вайна можа дастаць іх і тут. І гэта можа быць такім пакараннем за саўдзел у агрэсіі.

Лукашэнка, калі выязджаў у Веткаўскі раён палагаднеў, заяўляў, што на Беларусь ніхто не мае намеру нападаць. Але гэта, паводле Аляксандра Класкоўскага, толькі выдае яго трывогу і няўпэўненасць, бо відаць, што Лукашэнка займаецца самазаспакаеннем, бо не ад яго залежыць, ці прыйдзе вайна ў Беларусь.

Каментар
Чаго полк Каліноўскага і ўлады Беларусі чакаюць ад украінскага контрнаступу. Расказвае Кабанчук
2023.05.03 14:35

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў