ЗША нанеслі першыя ўдары па аб’ектах Ірану ў Іраку і Сірыі. Абяцаюць працягнуць атаку


Амерыканская авіяцыя 2 лютага пачала наносіць удары па аб’ектах праіранскіх фармаванняў у Іраку і Сірыі ў адказ на ўдар беспілотнікаў па базе ў Іярданіі 28 студзеня, падчас якога загінулі тры амерыканскія вайскоўцы, паведамляе ВВС.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Запуск аператыўна-тактычнай ракеты MGM-140 ATACMS з пускавой сістэмы M142 HIMARS.
Фота: U.S. Marine Corps

Паводле афіцыйнай заявы, 2 лютага сілы Цэнтральнага камандавання ЗША (CENTCOM) нанеслі авіяўдары ў Іраку і Сірыі па іранскім Корпусе вартавых ісламскай рэвалюцыі і звязаных з ім узброеным фармаваннях. Агулам былі атакаваныя больш чым 85 мішэняў. У авіяўдарах былі выкарыстаныя больш за 125 высокадакладных боепрыпасаў.

Неўзабаве на сайце Белага дому з’явілася заява прэзідэнта ЗША Джо Байдэна:

«Наш адказ пачаўся сёння. Ён працягнецца ў такі час і ў такім месцы, якія мы абярэм самі. Злучаныя Штаты не шукаюць канфлікту на Бліжнім Усходзе ці недзе яшчэ ў свеце. Але ўсе, хто жадае нам нашкодзіць, няхай ведаюць: калі вы прычыніце шкоду амерыканцу, мы адкажам».

Таксама выступіў міністр абароны ЗША Лойд Осцін і заявіў, што Байдэн загадаў прыняць меры, каб «прыцягнуць да адказнасці Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі і звязаных з ім баевікоў за напады на ЗША і кааліцыйныя сілы».

«Мы не пацярпім нападаў на амерыканскія войскі. Мы прадпрымем усе неабходныя дзеянні для абароны Злучаных Штатаў, нашых сілаў і нашых інтарэсаў», – сказаў ён.

Таксама Белы дом сцвярджае, што загадзя папярэдзіў улады Іраку пра атаку.

Паводле карэспандэнта ВВС па пытаннях бяспекі, ні Іран, ні ЗША не хочуць уступаць у поўнамаштабную вайну, і абедзве краіны заявілі пра гэта. Таксама афіцыйныя асобы ЗША кажуць, што ёсць прыкметы таго, што іранскі ўрад усё больш занепакоены дзеяннямі сваіх проксі ў рэгіёне, якія з кастрычніка здзейснілі больш за 160 нападаў на амерыканскія войскі. Адначасова Іран заявіў, што будзе рашуча рэагаваць на любы напад на ягоную тэрыторыю ці іранскіх грамадзянаў за межамі краіны.

Аналітыка
«Ястрабы» заклікаюць Байдэна бамбіць Іран. Ці варта чакаць вялікай вайны?
2024.01.29 18:05

Прадстаўнік іракскіх вайскоўцаў Ях’я Расул заявіў, што амерыканскія авіяўдары – гэта «парушэнне суверэнітэту Іраку». Ён папярэдзіў, што такія атакі могуць мець «катастрафічныя наступствы» для Іраку і ўсяго рэгіёну.

Міністэрства абароны Сірыі заявіла пра загінулых і пацярпелых цывільных асобаў і вайскоўцаў, а таксама пра пашкоджанні дзяржаўнай і прыватнай уласнасці праз паветраную агрэсію амерыканскіх сілаў. У ведамстве заявілі, што гэтыя ўдары «не маюць ніякіх апраўданняў і зʼяўляюцца спробай аслабіць магчымасці сірыйскай арміі і яе саюзнікаў у барацьбе з тэрарызмам».

У выніку атакі беспілотніка ў Іярданіі 28 студзеня загінулі трое амерыканскіх вайскоўцаў і больш за 40 пацярпелі.

«The Washington Post» паведамляў, што адказнасць за атаку ўзяла на сябе праіранская групоўка «Ісламскі супраціў у Іраку».

«Як мы казалі раней, калі ЗША працягнуць падтрымліваць Ізраіль, будзе эскалацыя. Усе інтарэсы ЗША ў рэгіёне зʼяўляюцца законнымі цэлямі. Мы не клапоцімся аб пагрозах ЗША ў адказ, мы ведаем, у якім кірунку рухаемся, і пакутніцкая смерць – наша ўзнагарода», – сказаў журналістам прадстаўнік баевікоў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў