У Літве разглядаецца апеляцыя Вольгі Карач аб ненаданні ёй палітычнага прытулку


Вярхоўны адміністратыўны суд Літвы 3 студзеня разглядае апеляцыю Вольгі Карач, якая аспрэчвае рашэнне не даваць ёй прытулку ў краіне.

Кіраўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач.
Фота: Ольга Карач / Facebook

Справу будзе разглядаць калегія ў складзе трох суддзяў на закрытым судовым пасяджэнні. Рашэнне суда будзе канчатковае, яго нельга будзе абскардзіць, піша выданне «LRT.lt».

Рашэнне не надаваць прытулку Вользе Карач літоўскі Дэпартамент міграцыі прыняў у жніўні 2023 года, патлумачыўшы гэта тым, што Дэпартамент дзяржбяспекі гэтай краіны ўгледзеў у ейным пражыванні на тэрыторыі Літвы пагрозу для нацыянальнай бяспекі з-за сувязяў беларускай актывісткі з расейскай выведкай.

Вольга Карач абскарджвала рашэнне Дэпартаменту міграцыі ў судзе, але марна – суд пакінуў рашэнне ў сіле.

У сваю чаргу, Вольга Карач пацвердзіла, што ўвесну 2023 года ёй было зробленае папярэджанне аб ейных сувязях з расейскай выведкай, але падрабязна гэтага не каментавала, піша выданне.

Да канчатковага разгляду справы заснавальніцы арганізацыі «Наш дом» быў нададзены часовы від на жыхарства. Пры гэтым у верасні Вольга Карач выйграла суд у Дэпартаменту міграцыі ў сувязі з тым, што ейная заява аб наданні прытулку разглядалася вельмі доўга, але ў выплаце кампенсацыі памерам 5000 еўраў ёй было адмоўлена.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў