«Цяпер я буду бараніць сябе». Таццяна Зарэцкая мяркуе, што пасля сыходу з Кабінету атака на яе спыніцца


Прадпрымальніца, кіраўніца кампаніі LaavaTech Таццяна Зарэцкая, якая сёння абвесціла пра сыход з Аб’яднанага пераходнага кабінету, мяркуе, што цяпер атака на яе спыніцца. Яна распавяла «Белсату», што будзе «бараніць сябе і людзей, за якіх адказвае».

Таццяна Зарэцкая паціскае руку прэмʼеру Польшчы Матэвушу Маравецкаму.
Фота: Таццяна Зарэцкая / Instagram

Прадпрымальніца Таццяна Зарэцкая, якая сёння абвесціла пра сыход з Абʼяднанага пераходнага кабінету, адказала на пытанні «Белсату» пра працу ў Кабінеце і пракаментавала абвінавачванні ў махлярстве ейнага бізнесу.

– Скажыце, калі ласка, што вы паспелі зрабіць цягам двух месяцаў працы ў Кабінеце?

– Улічваючы тое, што я прыйшла ў Кабінет у першую чаргу як прадстаўнік па фінансах, я не магу раскрываць унутраную інфармацыю Кабінету, бо я падпісала NDA, якое дзейнічае і пасля сыходу з пасады ды Кабінету наогул.

– Чаму вырашылі не раіцца з калегамі па Кабінеце і не папярэдзілі іх пра свой сыход?

– Не ведаю, хто вашыя крыніцы, але вас падманулі, бо з самага пачатку зʼяўлення пагрозаў я, канечне, была на сувязі з Кабінетам, бо менавіта мая палітычная, а не бізнес-дзейнасць, сталася прычынаю гэтага нападу. І я ўдзячная прадстаўнікам Кабінету за тую падтрымку, што я атрымала ад іх.

Ці вы думаеце, што Святлана Ціханоўская і Кабінет выпадкова зрабілі заяву меней чым праз гадзіну пасля маёй публікацыі? Не думаю, што Кабінет ажно так уважліва сочыць за тым, што я публікую ў сваім Instagram. Канечне, яны ведалі пра ўсе абставіны атакі на мяне і пра тое, што я вымушана была сыходзіць.

Hавiны
«Гэта сюрпрыз для нас». Адстаўка Таццяны Зарэцкай стала нечаканасцю для офісу Ціханоўскай
2022.11.02 15:01

– Ці разлічваеце на тое, што пасля сыходу з Кабінету ціск і пагрозы спыняцца?

– З аднаго боку, цяперака няма сэнсу ціснуць на мяне, з другога – цяпер я буду бараніць сябе і людзей, за якіх адказваю, – так, як гэта робяць у глабальным свеце бізнесу і стартапаў.

– Ці бачылі вы абвінавачванні ў тым, што вашая кампанія махлярская? Як можаце гэта пракаментаваць?

– Натуральна заўчора была ў Сінгапуры ад Эстоніі з прадстаўнікамі дзяржаўнай арганізацыі Enterprise Estonia, якія ведаюць усю прыватную інфармацыю пра нашую кампанію, – і нешта яны мне нічога такога не казалі.

Сёння я на адным з буйнейшых бізнес-мерапрыемстваў свету – Web Summit, і таксама не заўважала, каб у мяне за спінай перагаворваліся. Ізноў не ведаю, што ў вас за крыніцы, але іх варта праверыць.

– Як вы можаце адказаць на каментары ў сацсетках пра тое, што ваш бізнес нібыта не дае прыбытку? Ці праўда гэта?

– Нашая кампанія генеруе revenue, пра што ведаюць усе нашыя інвестары і партнёры. Агучыць лічбы не магу, бо інфармацыя такога кшталту зʼяўляецца публічнай толькі ў Эстоніі ды Фінляндыі, а ў іншых краінах, дзе ёсць прадстаўніцтва Laava Tech, гэтая інфармацыя – прыватная, што ў сваю чаргу абараняецца кантрактамі ды законам.

Hавiны
«Міністаркай» фінансаў і эканомікі ў Пераходным кабінеце будзе мільянерка Таццяна Зарэцкая
2022.09.09 20:05

Адкуль ішлі атакі?

Пасля ўваходжання Таццяны Зарэцкай у Кабінет, у сеціве зʼявіўся сайт justdiligence.com, які дыскрэдытуе яе і кампанію LaavaTech, якую яна прадстаўляе. Паводле расследавання «Белсату» сайт быў створаны менш месяца таму, а артыкул, нібыта зʼявіўся на сайце ў верасні, то бок ён быў апублікаваны мінулай датай.

Скрыншот: justdiligence.com
Сайт, які пісаў пра бізнес Таццяны Зарэцкай, быў зарэгістраваны пазней за пазначаную дату публікацыі. Скрыншот: whois.domaintools.com

Цэлую серыю публікацыяў з дыскрэдытацыяй Зарэцкай публікаваў Telegram-канал «Штаб Оношко» – выглядае на тое, што гэты канал першым, хто згадаў пра сайт «Just Diligence». Публікацыя «Штаба Оношко» са спасылкай на сайт з’явілася 20 кастрычніка, да гэтай даты публічных згадак сайта няма што ў Telegram, што ў выніку пошуку Google.

Гэты Telegram-канал прысвечаны збору кампрамату на штаб Святланы Ціханоўскай і фонд «BySol», ягонымі матэрыяламі карысталася дзяржаўная тэлевізія, у тым ліку называла імя вядоўцы каналу: Кацярына Канаплёва. Ейны былы жаніх Ілля Бягун, паплечнік праўладнага актывіста Юрыя Васкрасескага, распавядаў «Нашай ніве», што «вярхоўны жрэц» каналу – актывістка Вольга Карач, якая і фінансуе канал.

24 кастрычніка гэты канал абурыўся тым, што Зарэцкая публічна расказала пра пагрозы ёй. Канал дадаў, што тое былі не пагрозы, а «папярэджанне аб недапушчальнасці супрацьпраўных, у тым ліку махлярскіх дзеянняў, а таксама аб абавязковым надыходзе адказнасці за гэты дзеянні адпаведна закону».

Ці ад таго «Штабу Оношко» сыходзілі пагрозы? Зарэцкая адказала «Белсату»: пра гэты канал ёй «хіба казалі спецыялісты, калі тлумачылі адну з магчымых прычын, дзеля чаго можна было рабіць фэйкавы англамоўны сайт і выстаўляць там фэйкавы артыкул». Сайт, адзначыла Зарэцкая, рабілі відавочна не англамоўныя людзі. Але ці ад аўтараў сайту або «Штабу Оношко» ішлі пагрозы, яна не ведае:

«Хто і адкуль тэлефанаваў з пагрозамі – цяпер гэта справа паліцыі адразу некалькіх краінаў Еўразьвязу, дачакаемся вынікаў следства, якое зараз ідзе».

Адносна заяваў таго сайту, што ейная кампанія фіктыўная, Зарэцкая пазней расказала каналу «Мая краіна Беларусь» тое ж, што і «Белсату»: публічная інфармацыя пра кампанію ёсць толькі ў Эстоніі і Фінляндыі, а ў іншых краінах гэтая інфармацыя прыватная і абароненая законам. Таму, настойвае яна, меркаваць аб кампаніі па адной эстонскай філіі не варта. «Мая краіна Беларусь» згадала таксама пра чуткі аб польскай філіі Laava Tech – Зарэцкая паказала каналу ліст ад «StartUp Hub Poland», у якім хаб абвяргае чуткі аб махінацыях і выражае падтрымку кампаніі.

Як гэта пракаментаваў Кабінет Ціханоўскай

Таццяна Зарэцкая 9 верасня заняла пасаду прадстаўніцы па эканоміцы і фінансах. Яна мусіла распрацоўваць стратэгію і планаванне на пераходны перыяд, рэпрэзентаваць Кабінет і дэмакратычную Беларусь на міжнароднай фінансавай арэне, каб наладжваць адносіны з ключавымі прадстаўнікамі. А таксама каардынаваць распрацоўку фінансавага, валютнага, бухгалтарскага і бюджэтнага заканадаўства, складаць і забяспечваць бюджэт Кабінету.

2 лістапада Зарэцкая абвесціла пра сыход з Абʼяднанага пераходнага кабінету праз палітычны ціск і пагрозы. Яна патлумачыла, што за апошнія некалькі тыдняў «сутыкнулася з вялізным ціскам: на мяне асабіста, на маіх сяброў, родных, на супрацоўнікаў маёй кампаніі, партнёраў і інвестараў».

У самім Кабінеце выказалі падтрымку і салідарнасць Зарэцкай.

«Мы будзем аказваць усебаковую дапамогу ў расследаванні гэтай справы і прыцягненні вінаватых да адказнасці», – гаворыцца ў заяве Кабінету.

Кіраўніца Кабінету Святлана Ціханоўская падзякавала ёй за працу і назвала ейны сыход вялікай стратай.

«Інфармацыя пра тое, што бізнес Таццяны Зарэцкай – махлярскі, не адпавядае рэчаіснасці», – такую заяву ў эфіры «Белсату» зрабіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерый Кавалеўскі.

Паводле яго, перад тым, як прызначыць Зарэцкую, яе правяралі – і яна прайшла ўсе праверкі.

Каментар
Не трагедыя, але сумна. Аналітык Мажэйка пра адстаўку Зарэцкай і новыя выклікі перад Кабінетам
2022.11.02 17:20

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў