«Starlink» і скандалы. Як Ілан Маск уплывае на вайну Украіны і Расеі


Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск апублікаваў 2 кастрычніка здзеклівы мэм, у якім высмейваў намаганні Уладзіміра Зяленскага забяспечыць міжнароднае падтрыманне для Украіны ў барацьбе з расейскай агрэсіяй. Допіс выклікаў хвалю абурэння ў інтэрнэце і стаў працягам серыі скандалаў, звязаных са стаўленнем найбагацейшага чалавека ў свеце да вайны Расеі ва Украіне. Belsat.eu распавядае, якую ролю Маск адыгрывае ў гэтым канфлікце.

Ілан Маск, генеральны дырэктар кампаніі «X», размаўляе са СМІ пасля ўдзелу ў закрытым сходзе кіраўнікоў асноўных тэхналагічных кампаніяў у Вашынгтоне, ЗША. 13 верасня 2023 года.
Фота: Jacquelyn Martin / AP Photo / East News

Сувязь для Украіны

Адразу пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання Ілан Маск перадаў Украіне доступ да сістэмы спадарожнікавай сувязі «Starlink». Першая партыя тэрміналаў гэтай сістэмы зʼявілася ва Украіне ўжо 28 лютага. Да снежня 2022 года было ўвезена больш за 20 тысяч тэрміналаў, а да сакавіка 2023-га – 42 тысячы.

«Starlink» пачаў масава выкарыстоўваўся як у цывільных, так і ў ваенных мэтах. Гэта дазволіла забяспечыць бесперабойную сувязь ва ўмовах расейскай агрэсіі, што было крытычна важна для выжывання Украіны.

«Яны дапамагаюць нам у нашай штодзённай барацьбе на ўсіх франтах», – казаў віцэ-прэм’ер Украіны, міністр лічбавай трансфармацыі Міхайла Фэдараў.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі дзякаваў Маску за падтрыманне «словамі і ўчынкамі». Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны адзначаў «выключную карыснасць» «Starlink». А кіраўнік ГУР Украіны Кірыла Буданаў нядаўна прызнаў, што без «Starlink» увогуле здарылася б катастрофа, бо ўся лінія фронту камунікуе на гэтых сістэмах.

Аднак восенню 2022 года ў стасунках Маска з Украінаю пачалі ўзнікаць праблемы. У кастрычніку 2022 года кампанія Маска «SpaceX» накіравала Міністэрству абароны ЗША ліст, у якім заяўляла, што больш не можа працягваць фінансаванне «Starlink» для Украіны, і прасіла Пэнтагон узяць аплату працы сістэмы на сябе. Нібыта выдаткі «SpaceX» на Украіну да канца года мусілі скласці каля $ 100 млн (адзначым, што агулам багацце Маска цяпер ацэньваецца на $ 241 млрд).

Нараканні кампаніі шмат каму падаліся спрэчнымі. Насамрэч «SpaceX» аплочваў толькі частку выдаткаў на «Starlink» ва Украіне. Паводле CNN, каля 85 % тэрміналаў былі цалкам або часткова аплачаныя ЗША, Польшчаю, Вялікаю Брытаніяй і пры дапамозе краўдфандынгавых кампаніяў. Аналагічным чынам было аплачана каля 30 % (ці нават больш) выдаткаў на пастаянныя інтэрнэт-паслугі. Паводле CNN, пазіцыя Маска выклікала раздражненне ў амерыканскіх чыноўнікаў, бо «SpaceX» «мае нахабства выглядаць героямі», а затым выстаўляе за гэта шматмільённыя рахункі. Неўзабаве пасля гэтага Маск у тыповай для сябе эмацыйнай манеры заявіў, што ўсё-ткі працягне «бясплатна фінансаваць урад Украіны».

Пры гэтым не да канца зразумела, як з восені 2022 года змянілася структура выдаткаў на «Starlink» ва Украіне. Напрыклад, са словаў віцэ-прэм’ера Міхайлы Фэдарава вынікала, што «SpaceX» бярэ на сябе толькі лагістычныя пытанні.

«Усе іх [«Starlink». – Заўв. belsat.eu] Украіна атрымала праз нашую каманду, якая супрацоўнічае з урадамі іншых краінаў. Кампанія «SpaceX» забяспечвае лагістыку, партнёры дапамагаюць фінансава, мы атрымліваем спецыяльны кошт», – тлумачыў ён у сакавіку 2023 года.

1 чэрвеня 2023 года стала вядома, што Пэнтагон заключыў са «SpaceX» кантракт на перадачу станцыяў «Starlink» і забеспячэнне ЗСУ спадарожнікаваю сувяззю. Дэталі кантракту не раскрываюцца.

Пазіцыя Маска: глядзець «Netflix», а не ваяваць

Імаверна, Пэнтагон вырашыў заключыць кантракт са «SpaceX», каб кантраляваць працу «Starlink» ва Украіне і пазбавіць Маска магчымасці абмяжоўваць спадарожнікавую сувязь у зоне баявых дзеянняў сваім асабістым рашэннем.

Мільярдэр не хаваў, што негатыўна ставіцца да выкарыстання «Starlink» у ваенных мэтах. «”Starlink” не быў прызначаны для ўдзелу ў войнах. Гэта было зроблена для таго, каб людзі маглі глядзець “Netflix”, расслабляцца, падлучацца да інтэрнэту ў школе і рабіць добрыя мірныя справы, а не наносіць удары дронамі», – заявіў Маск свайму біёграфу Ўолтэру Айзаксану.

Украінцы карыстаюцца сваймі мабільнымі тэлефонамі ля спадарожнікавай станцыі «Starlink» у Херсоне, Украіна. 13 лістапада 2022 года.
Фота: AFP / East News

Першыя збоі ў працы «Starlink» былі зафіксаваныя восенню 2022 года падчас украінскага контрнаступу – сувязь барахліла на тых тэрыторыях, якія вызвалялі ЗСУ.

У пачатку 2023 года Маск заявіў, што ягоная кампанія не дазваляе выкарыстоўваць «Starlink» для ўкраінскіх дронаў далёкага дзеяння. Праз некалькі дзён прэзідэнтка «SpaceX» Гўін Шотўэл патлумачыла, што ў адпаведнасці з пагадненнем паміж «SpaceX» і ўкраінскім урадам тэрміналы сістэмы павінны выкарыстоўвацца толькі для цывільных патрэбаў, а пра наступальныя вайсковыя аперацыі дамоўленасцяў не было. Шотўэл дадала, што ў «SpaceX» ёсць спосабы абмежаваць такое выкарыстанне «Starlink» і што такія абмежаванні ўжо ўводзіліся.

У верасні 2023 года стала зразумела, што мелі на ўвазе Маск і Шотўэл. Тэлеканал CNN са спасылкаю на кнігу Ўолтэра Айзаксана пра Ілана Маска (яна толькі рыхтуецца да друку) паведаміў, што ў 2022 годзе мільярдэр таемна распарадзіўся, каб ягоная сістэма спадарожнікавай сувязі «Starlink» не працавала над узбярэжжам Крыму. Такім чынам, была сарваная атака ўкраінскіх дронаў на расейскі Чарнаморскі флот. Імаверна, гэты эпізод меў месца ў верасні 2022 года.

Прымаючы гэтае рашэнне, Маск нібыта патэлефанаваў высокапастаўленаму расейскаму чыноўніку. Айзаксану мільярдэр распавядаў, што гэта быў амбасадар РФ у ЗША, хаця ў размовах з іншымі людзьмі Маск казаў, што размаўляў з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Суразмоўца (хто б ён ні быў) перасцярог Маска, што такая атака з боку Украіны можа прывесці да ядравага ўдару ў адказ. Бізнесовец нібыта паверыў у рэальнасць гэтай пагрозы (наступныя падзеі паказалі, што Расея блефавала) і таму прыняў рашэнне не даваць украінцам спадарожнікавай сувязі ў Крыме.

Аналітыка
Без «Масквы» і «Менску». Што засталося ад Чарнаморскага флоту РФ пасля 1,5 года вайны?
2023.09.18 08:00

Скандал і рыхтаванне расследавання

Публікацыя гэтых звестак выклікала сапраўдны скандал. Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк назваў учынак Маска «больш чым памылкай», што дазволіла расейскаму флоту абстрэльваць ракетамі ўкраінскія гарады. «Гэта цана кактэйлю невуцтва і вялікага эга», – рэзюмаваў ён.

Сенатарка ЗША Элізабэт Ўорэн заклікала правесці ў сувязі з гэтым расследаванне, каб высветліць, як здарылася, што мільярдэр у аднабаковым парадку вырашае пытанні, якія тычацца міжнароднай палітыкі і нацыянальнай бяспекі. Адпаведнае расследаванне можа правесці камітэт Сенату ЗША ў справах узброеных сілаў. «Ні Ілан Маск, ні любая прыватная асоба не могуць мець апошняга слова, калі гаворка ідзе аб нацыянальнай бяспецы ЗША», – заявіў старшыня камітэту Джэк Рыд.

Каментуючы інфармацыю пра зрыў аперацыі ЗСУ, Маск заявіў, што не даручаў адключаць «Starlink» – у Крыме сістэма ад самага пачатку не працавала. Ён проста не стаў яе падключаць на просьбу ўкраінскіх уладаў. «Калі б я пагадзіўся на іхную просьбу, то «SpaceX» была б удзельніцаю буйной ваеннай акцыі і эскалацыі канфлікту», – падкрэсліў ён.

Кіраўнік ГУР Кірыла Буданаў патлумачыў, што адключэнне сістэмы «Starlink» каля Крыму сапраўды мела месца, але яно адбылося не ў момант атакі дронаў і працягвалася месяц. Буданаў дадаў, што з таго часу, як «Starlink» быў уключаны над Крымам, праблемаў ужо не было.

Аднак казаць пра развязанне ўсіх праблемаў з працаю «Starlink», імаверна, не выпадае.

«Існуе клас дронаў, якія вырабляюцца ва Украіне, якія кіруюцца пры дапамозе «Starlink». Гэта ні для кога не сакрэт сёння. Але праблема ў тым, што ўсім гэтым сёння кіруюць палітычныя перакананні спадара Маска: ён не дае далёка залятаць на акупаваныя тэрыторыі.

Там ужо сувязі «Starlink» няма, і сапраўды гэтак жа не дае магчымасці праводзіць аперацыі ў Крыме, бо ён там таксама адключыў інтэрнэт. І на свежаакупаваных тэрыторыях не працуе, і ў даўно акупаваным Крыме таксама не працуе.

Ёсць альтэрнатыўныя спадарожнікі «Сузорʼе», але яны даражэйшыя, з імі больш складана», – заявіў 9 верасня ў інтэрв’ю «Настоящему времени» ўкраінскі вайсковец, былы дэпутат Ігар Луцэнка.

На карысць расейскай прапагандзе

Праблемы з працай «Starlink» ва Украіне восенню 2022 года супалі са скандальным допісам Маска ў сацсетках, дзе ён прапаноўваў свой «мірны план». Паводле мільярдэра, Украіна наўрад ці здолее перамагчы ў вайне, бо насельніцтва РФ утрая большае, а зацягванне канфлікту прывядзе да катастрафічных стратаў. Мір, на думку Маска, трэба заключыць на наступных умовах: на акупаваных Расеяй тэрыторыях правесці рэферэндумы пад назіраннем ААН, а Крым пакінуць у складзе РФ, бо яго перадача Украіне была «памылкай Хрушчова». Пры гэтым Украіна павінна стаць нейтральнай дзяржавай і гарантаваць падачу вады ў Крым.

«Я па-ранейшаму актыўна падтрымліваю Украіну, але перакананы, што маштабная эскалацыя вайны нанясе вялікую шкоду Украіне і, магчыма, усяму свету», – падкрэсліў Маск.

Гэтая публікацыя выклікала хвалю абурэння і была жорстка раскрытыкаваная ва Украіне. «Мірны план» мільярдэра з’явіўся неўзабаве пасля псеўдарэферэндумаў, якія Крэмль зладзіў на акупаваных тэрыторыях Украіны, таму словы Маска выглядалі як спроба легітымізаваць тэрытарыяльныя прэтэнзіі Крамля. Асабліва адыёзным у гэтым кантэксце выглядаў аргумент пра «памылку Хрушчова» – Маск такім чынам паўтарыў стары аргумент расейскай прапаганды.

Свой заклік да перамір’я Маск паўтараў і сёлета. Ён крытыкаваў тэмпы контрнаступу ЗСУ і заяўляў, што ў вайне на знясіленне Украіне не перамагчы. «З кожным днём усё больш украінскіх і расейскіх маладых людзей гінуць за тое, каб атрымаць або страціць невялікія кавалкі зямлі, межы якой амаль не мяняюцца. Гэта не варта іхных жыццяў», – напісаў ён 8 верасня.

2 кастрычніка Маск апублікаваў здзеклівы мэм пра Зяленскага з надпісам: «Калі прайшло пяць хвілінаў, а вы не папрасілі мільярда долараў дапамогі». Новы допіс мільярдэра выклікаў чарговую хвалю абурэння ў медыях і сацсетках.

Варта разумець, што допіс Маска – гэта не проста няўдалы жарт, але і палітычнае выказванне. Дапамога Украіне падчас поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ёсць даволі вострым пытаннем для ўнутранай палітыкі ЗША. Пасля 24 лютага 2022 года ўлады Злучаных Штатаў ухвалілі вайсковую, эканамічную і гуманітарную дапамогу Украіне на агульную суму $ 113 млрд. Хаця большасць амерыканскага палітычнага істэблішменту не ставіць пад сумнеў падтрыманне Кіева, частка рэспубліканцаў лічыць гэтыя выдаткі празмернымі і кажа, што трэба накіраваць гэтыя грошы на ўнутраныя патрэбы ЗША – напрыклад, на будаўніцтва плоту на мяжы з Мексікай.

Маск таксама крытыкуе цяперашні курс Белага дому: паводле мільярдэра, «палітыкаў у ЗША ў 100 разоў больш непакоіць мяжа Украіны, чым уласнай краіны».

На мінулым тыдні праз спрэчкі аб бюджэце ў ЗША ледзь не адбыўся шатдаўн (так у Амерыцы называюць спыненне фінансавання бюджэтнікаў). У выніку быў прыняты часовы бюджэт, які не прадугледжвае сродкаў на дапамогу Украіне. Новыя бюджэтныя рашэнні мусяць быць прынятыя цягам найбліжэйшых 45 дзён.

Hавiны
У ЗША зацвердзілі часовы бюджэт без дапамогі Украіне
2023.10.01 17:37

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў