У ЗША зацвердзілі часовы бюджэт без дапамогі Украіне


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон аб часовым бюджэце, які прадугледжвае фінансаванне ўрада да 17 лістапада 2023 года. Закон дазволіць пазбегнуць шатдаўна, які мог наступіць 1 кастрычніка.

Як адзначае Бі-Бі-Сі, яшчэ раніцай у суботу шатдаўн (так у Амерыцы называюць спыненне фінансавання бюджэтнікаў) здаваўся непазбежным. Але Сенат, які кантралюецца дэмакратамі, у выніку прыняў узгоднены з ніжняй Палатай прадстаўнікоў кампрамісны закон.

Часовы бюджэт прадугледжвае павелічэнне федэральнай дапамогі на ліквідацыю наступстваў стыхійных бедстваў да $ 16 млрд, у адпаведнасці з запытам адміністрацыі Джо Байдэна, але не прадугледжвае сродкаў на дапамогу Украіне, канстатуе «Голас Амерыкі».

Аднак пытанне аб дапамозе Украіне не здымаецца з парадку дня. «Мы ні пры якіх абставінах не можам дазволіць, каб амерыканская падтрымка Украіны была спынена», – заявіў Байдэн. Прэзідэнт заклікаў Кангрэс забяспечыць перадачу сродкаў, «неабходных для дапамогі Украіне ў гэты крытычны момант».

Лідары апазіцыйных фракцыяў рэспубліканцаў у абедзвюх палатах сказалі, што большасць іх аднапартыйцаў поўныя рашучасці прадоўжыць эканамічную і вайсковую дапамогу Кіеву.

Сітуацыю з часовым бюджэтам ЗША ўжо пракаментавалі ў Кіеве. Спікер украінскага МЗС Алег Ніколенка патлумачыў, што часовы бюджэт не паўплывае на абвешчаную раней дапамогу Украіне. Маецца на ўвазе каля $ 1,6 млрд на абаронную сферу і $ 1,23 млрд прамой бюджэтнай падтрымкі, а таксама сродкі на гуманітарныя і энергетычныя праекты. Паводле Ніколенкі, негатыўны ўплыў на дапамогу Украіне мог бы мець шатдаўн.

«Цяпер украінская ўлада актыўна працуе з амерыканскімі партнёрамі, каб новыя бюджэтныя рашэнні ЗША, якія будуць распрацаваныя цягам наступных 45 дзён, уключалі новыя сродкі для дапамогі Украіне», – дадаў спікер МЗС.

Як адзначае Бі-Бі-Сі, шатдаўн – звычайная справа ў ЗША. Апазіцыя часта ператварае руціннае бюджэтнае галасаванне ў палітычны гандаль, каб прымусіць сваіх супернікаў у Белым доме пайсці на саступкі. З 1981 года шатдаўны ў ЗША здараліся 14 разоў. Звычайна на дзень-два, але бывала і даўжэй.

Hавiны
ЗША даслалі спіс зменаў, якіх чакаюць ад Украіны. Ад іх залежыць далейшае падтрыманне
2023.09.26 10:12

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў