КДБ збіраецца зрабіць больш жорсткім контрвыведвальны рэжым у Беларусі


КДБ зробіць больш жорсткім контрвыведвальны рэжым у Беларусі, прагназуе абвастрэнне сітуацыі на межах краіны і анансуе бліжэйшым часам публікацыю нейкіх новых фактаў затрыманняў. Пра гэта старшыня КДБ Іван Церцель расказаў пасля нарады ў Лукашэнкі, перадае БелТА.

Нарада з сілавікамі ў Лукашэнкі. 2 траўня 2023 года, Менск.
Фота: БелТА / belta.by

2 траня Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з сілавікамі, яна выглядае тэрміновай на фоне падрыву беларускага цягніка ў Бранскай вобласці Расеі. Самаабвешчаны кіраўнік дзяржавы заявіў, што абстаноўка «прымушае рэагаваць на тую сітуацыю, якая складваецца» і запатрабаваў сілавікоў зрабіць даклады аб выкананні загаду «аб антыдыверсійных мерах».

«Было даручана ўраду, сілавому блоку падрыхтаваць сурʼёзныя мерапрыемствы на мяжы з мэтай недапушчэння на тэрыторыю Беларусі рознага кшталту дыверсантаў. У апошні час такія выпадкі пачасціліся», – сказаў Лукашэнка.

Абноўлена
У Бранскай вобласці пусцілі пад адхон цягнік з нафтаю
2023.05.01 14:18

Старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель падчас нарады заявіў, што мае звесткі па лініі выведкі і іншых падраздзяленняў, якія дазваляюць прагназаваць «значнае абвастрэнне аператыўнай абстаноўкі, якая складваецца вакол Беларусі». Пры гэтым якіх-небудзь фактаў у пацверджанне гэтай заявы ў паведамленні БелТА з нарады не прыводзіцца.

Іван Церцель.
Фота: БелТА / belta.by

Пасля нарады Церцель удакладніў, што прагноз эскалацыі абстаноўкі па перыметры Беларусі звязаны «як з тэмай баявых дзеянняў на паўднёвым напрамку, так і бесперапыннымі спробамі шэрага вонкавых сілаў дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры краіны».

Старшыня КДБ таксама заявіў, што на загад Лукашэнкі спецслужба зробіць больш жорсткім контрвыведвальны рэжым у Беларусі. Гэта робіцца, «каб працаваць на апярэджанне, на прафілактыку і не дапусціць у канчатковым выніку таго, што адбываецца побач з намі ў розных рэгіёнах».

Галоўны спецслужбовец адмыслова для нечага падкрэсліў, што Лукашэнка «руку на пульсе трымае. І нашым грамадзянам, не расслабляючыся, можна быць упэўненымі, што робіцца ўсё, што неабходна».

Бліжэйшым часам КДБ, па словах Церцеля, абнародуе «новыя факты затрыманняў і вынікі работы контрвыведкі». Гэта адбудзецца ў бліжэйшыя тыдзень – паўтара.

«У нас кожны дзень ідзе «ціхая праца». Яе кіраўнік дзяржавы асабіста кантралюе, ведае ўсе нюансы. У бліжэйшы час (тыдзень-паўтара) мы пакажам вынікі гэтай працы. На жаль, не ўсе нашы грамадзяне яшчэ ўсведамляюць тую небяспеку, якая складваецца навокал іх, вакол іх семʼяў. Таму мы на прыкладзе ўжо рэальных матэрыялаў, рэальных затрыманняў, работы контрвыведкі, работы падраздзяленняў па абароне канстытуцыйнага ладу, якія перадухіляюць тэракты, пакажам вось гэтыя прыклады для таго, каб нашы людзі разумелі, з чым мы маем справу», – сказаў кіраўнік КДБ.

Анатоль Лапо.
Фота: БелТА / belta.by

У сваю чаргу старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту РБ Анатоль Лапо пасля нарады паведаміў, што памежнікі фармуюць на мяжы «дадатковыя манеўраныя групы». Раней першая такая група была створана ў мазырскім атрадзе ў складзе 300 чалавек. Цяпер «абстаноўка патрабуе», і будуць створаны манеўраныя групы на лідскім і берасцейскім кірунках. Лапо таксама не забыўся падкрэсліць, што Лукашэнка кантралюе працэс: «галоўнакамандуючы цікавіцца, якія мы меры прымаем».

«Будзе восень – можа, яны там не патрэбны будуць, будзем перакідваць на іншы напрамак», – расказаў старшыня Дзяржпагранкамітэту пра планы выкарыстання мабільных групаў.

Нарада з сілавікамі была склікана на наступны дзень пасля інцыдэнту з беларускім цягніком у Бранскай вобласці Расеі. Як паведамляў «Белсат», 1 траўня на 136-м км чыгункі Бранск – Унеча спрацавала выбуховая прылада. Выбух адбыўся за 50 метраў ад лакаматыву. Цягнік № 2528 належаў Беларускай чыгунцы, ехаў з Гомля ў Бранск, што ў Расеі, яго вяла беларуская брыгада.

Агляд
Усё, што вядома пра падрыў беларускага цягніка на Браншчыне
2023.05.02 13:50

Апошні вядомы скандал з прычыны няздольнасці КДБ і іншых сілавікоў Лукашэнкі супрацьстаяць дыверсіям звязаны з пашкоджаннем з дрона расейскага самалёта дальняга радыёлакацыйнага навядзення А-50 у Мачулішчах пад Менскам. Пра гэтую атаку на стратэгічна важны самалёт стала вядома 26 лютага.

Агляд
«Новы ўзровень» і другі крэйсер «Масква». Што кажуць пра дыверсію ў Мачулішчах
2023.02.28 17:15

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў