У Бранскай вобласці пусцілі пад адхон цягнік з нафтаю


1 траўня ў Бранскай вобласці сышлі з рэек і перакуліліся некалькі вагонаў. Адна з асноўных версіяў, што разглядаюць на гэты момант, – наўмысны падрыў чыгункі незадоўга да здарэння.

У міністэрстве транспарту Беларусі пацвердзілі, што цягнік, які сышоў з рэек каля Бранску, беларускі. Паводле ведамства, прычынаю стаўся выбух за 50 метраў ад цягніка. Ніхто з лакаматыўнай брыгады не пацярпеў. На месца здарэння выехалі прадстаўнікі гомельскай чыгункі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Igor Onuchin / TASS / Forum

Паведамленне, што на перагоне Расуха – Унеча пад адхон пайшоў цягнік з 60 вагонамі, загружанымі нафтапрадуктамі і піламатэрыяламі, з’явілася ў тэлеграм-канале «Baza».

Таксама ў сеціве ўжо можна ўбачыць першыя відэакадры з месца здарэння (асцярожна, у відэа прысутнічае ненарматыўная лексіка):

Як адзначаюць у допісе, «7–8 вагонаў на гэты момант ляжаць на баку. Адбыўся пажар. На месцы застаюцца экстраныя службы».

Здарэнне пацвердзіў губернатар Бранскай вобласці, а таксама прадстаўнікі Расейскай чыгункі. Паводле губернатара, на чыгунцы ва Унецкім раёне спрацавала выбуховая прылада, у выніку чаго лакаматыў сышоў з рэек. Як адзначаюць, пацярпелых няма.

Паводле звестак «Сообщество железнодорожников Беларуси», цеплавоз, падарваны на 136 кіламетры перагону Унеча – Рассуха, серыі 2ТЭ10У №064 (сеткавы №:16343113/16343105) прыпісаны да дэпо ТЧ-8 Гомель Беларускай чыгункі.

Чыгуначнікі выказваюць перасцярогі за стан беларускай лакаматыўнай брыгады. Паколькі зыходзячы з фота і відэаматэрыялаў, якія паступаюць з месца здарэння, можна выказаць сумнеў заявам расейскіх прадстаўнікоў улады пра адсутнасць пацярпелых у выніку гэтага інцыдэнту.

Паводле апошняй інфармацыі, ужо ўдалося выявіць прыкметы чалавека, якога падазраюць у здзяйсненні дыверсіі. Гэта мужычына прыблізна сарака гадоў, ростам каля 170 сантыметраў, апрануты ў чорнае, меў пры сабе чорны заплечнік і рухаўся на ровары. Ва Унецкім раёне абвешчаны план «Перахоп».

Таксама прайшла інфармацыя, што раніцаю 1 траўня ў Гатчынскім раёне Ленінградскай вобласці невядомыя падарвалі апору электралініяў. Ёсць інфармацыя, што на другой апоры знайшлі і абясшкодзілі выбухоўку.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў