У Беларусі адзначаюць Дзень маці. Як віншавалі Лукашэнка, Ціханоўская і Белстат


Аляксандр Лукашэнка ў 1996 годзе ўвёў у Беларусі адзначэнне Дня маці 14 кастрычніка. Дату звязваюць з праваслаўным святам Пакровы найсвяцейшай Багародзіцы. Параўноўваем віншаванні Лукашэнкі і выбранай прэзідэнткі, а таксама глядзім афіцыйную статыстыку пра маці.

Лукашэнка

Віншаванне Аляксандра Лукашэнкі – сціплы тэкст ад прэс-службы са стандартнымі фразамі пра «святасць мацярынства як адну з найвышэйшых якасцяў жаноцкасці». У віншаванні беларускім матулям дзякуюць «за чуласць, цярплівасць і клопат пра дабрабыт сям’і і ўтульнасць дамашняга ачага».

Сам Лукашэнка – бацька трох дзяцей. З маці двух з іх, сваёй жонкай Галінай Лукашэнка, ён даўно не жыве разам. Маці трэцяга сына афіцыйна невядомая, але ў медыях лічыцца, што гэта лекарка Ірына Абельская.

Ціханоўская

Дэмакратычныя сілы падышлі да віншавання крэатыўна. Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская апублікавала не толькі свой уласны зварот – да яе ў звароце далучыліся чальцы ейнага Офісу і Кабінету, а таксама сябры Каардынацыйнай рады.

«Напэўна, вы ніколі не бачылі беларускіх палітыкаў такімі адкрытымі і пяшчотнымі», – гаворыцца ў апісанні відэа.

Ціханоўская казала пра любоў, пяшчоту і цёплыя ўспаміны. Іншыя расказалі пра сваіх матуль: напрыклад, віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Алена Жываглод згадала, як маці пераехала да яе ў Кіеў; сябра КР Аляксандр Крыновіч – як маці падтрымлівала яго амаль пяць гадоў, што ён быў у няволі; дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка – як ездзіў з маці на рыцарскія фэсты і як маці выбіла шкло ў дзвярах ваенкамату, куды яго гвалтам зацягнулі.

Сама Ціханоўская мае двух дзяцей. Іхны бацька Сяргей Ціханоўскі – палітычны зняволены, за кратамі больш за тры гады.

Яшчэ шмат палітвязняў маюць дзяцей на волі: так, сёлета збіралі грошы на дапамогу 228 дзецям палітвязняў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначыў, што цяпер у Беларусі 160 жанчын прызнаныя палітычнымі зняволенымі, яшчэ 430 асуджаныя на «хатнюю хімію» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову), і ў большасці гэтых жанчын ёсць дзеці.

Інтэрв’ю
«На аглядзе ў гінеколага побач стаіць канваір і глядзіць». Праз што праходзяць палітзняволеныя беларускі
2023.03.08 09:44

Статыстыка

Нацыянальны статыстычны камітэт часта публікуе падборкі лічбаў з нагоды святаў. У сёлетняй падборцы (PDF) агульную колькасць жанчын, якія нараджалі дзяцей, зноў не назвалі. Але апублікавалі такія лічбы:

  • 4,0599 млн жанчын у Беларусі – ва ўзросце ад 18 гадоў, а 2,134 млн – ва ўзросце 15–49 гадоў, што лічыцца рэпрадуктыўным узростам;
  • толькі 56,7 % беларускіх маці – у шлюбе;
  • аж 76,3 % беларускіх маці – гараджанкі;
  • 83,4 % маці ў Беларусі – этнічныя беларускі;
  • першае дзіця нараджаюць у сярэднім у 27,1 года, а агулам сярэдні ўзрост жанчыны, якая нараджае першае ці наступнае дзіця, 30,1 года;
  • 48 % маці нарадзілі двух дзяцей;
  • 59,3 % занятых у эканоміцы жанчын ва ўзросце 20–49 гадоў мелі непаўналетніх дзяцей;
  • толькі 68 тысяч жанчын у гэтым узросце – хатнія гаспадыні, і 92,8 % з іх маюць непаўналетніх дзяцей;
  • на ўсю Беларусь – 3001 лекар-акушэр-гінеколаг (звесткі за 2022 год);
  • 1087 жанчын у 2022 годзе сталі маці праз экстракарпаральнае апладненне.

Аб гендарных праблемах і няроўнасці ў статыстыцы не згадвалася.

Аб’ектыў
Пладзіцеся і размнажайцеся: рэжым пераконвае беларусаў нараджаць
2023.10.03 22:38

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў