Ізраільскія вайскоўцы заявілі пра ліквідацыю начальніка Генштабу Узброеных сілаў Ірану – аднаго з найбольш высокапастаўленых камандзіраў Ісламскай Рэспублікі. Яго забілі ў цэнтры Тэгерану праз некалькі дзён пасля прызначэння.
Паводле прэс-рэлізу Арміі абароны Ізраілю (Цагаль), у ноч на аўторак, 17 чэрвеня, Ізраіль нанёс дакладны авіяўдар у камандны штаб, размешчаны ў цэнтры іранскай сталіцы. У выніку атакі быў знішчаны генерал Алі Шадмані.
Як паведамляецца, авіяўдар быў нанесены пасля атрымання дакладнай выведчай інфармацыі і быў раптоўным для іранскіх вайскоўцаў.
Генерал Алі Шадмані лічыўся найбліжэйшым вайсковым дарадцам вярхоўнага лідара Ірану Алі Хамэні і меў ключавы ўплыў на стратэгічнае планаванне баявых аперацыяў супраць Ізраілю.
Да прызначэння на пасаду галоўнакамандуючага Шадмані ўзначальваў аператыўнае ўпраўленне Генштабу Узброеных сілаў.
,,«Ліквідацыя Шадмані – гэта пасланне Іерусаліму ўсім іранскім кіраўнікам: «Вы яшчэ жывыя толькі таму, што мы пакуль не лічым патрэбным вас забіваць». Кіраваць краінай у такіх умовах – зусім не проста», – адзначае палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
Папярэдні начальнік Генштабу Узброеных сілаў Ісламскай Рэспублікі Магамад Багэры быў забіты 13 чэрвеня ў выніку ізраільскага авіяўдару. Разам з ім загінулі як мінімум два дзясяткі высокапастаўленых іранскіх вайскоўцаў. Сярод іх – камандуючы Корпусам вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі Хусэйн Салямі і кіраўнік штабу экстраннага рэагавання «Хатам аль-Анбія» Галям Алі Рашыд.
Нагадаем, што Ізраіль атакаваў вайсковыя і ядравыя аб’екты Ірану ў ноч на 13 чэрвеня. Паводле Ізраілю, Тэгеран быў за крок ад стварэння ядравай бомбы, таму і адбылася атака. У адказ Іран абстраляў Ізраіль сотнямі ракетаў і патлумачыў гэта самаабаронаю.
Раман Шавель belsat.eu