Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі апавяла, як у жніўні 2020 года мела размову з супрацоўнікамі КДБ і пасля была вымушаная з’ехаць з краіны.
«На наступны дзень пасля выбараў я пайшла ў Цэнтральную выбарчую камісію з дакументам, дзе беларускі народ заяўляў, што ён супраць фальсіфікацыяў і патрабуе пераліку галасоў. Калі прыйшла ў ЦВК, мяне сустрэлі два супрацоўнікі КДБ. Яны завялі мяне ў асобны пакой і пачалі размову, – прыводзіць урывак з інтэрв'ю Бі-Бі-Сі ейны тэлеграм-канал.
Паводле Святланы Ціханоўскай, размова доўжылася тры гадзіны. Пасля шантажу тым, што дзяцей дашлюць у дзіцячы інтэрнат, яна паддалася.
«Яны пачалі запалохваць, шантажаваць маймі дзецьмі. Казалі, што ведаюць, дзе яны. Што я буду затрыманая. Што з імі зробяць у дзіцячым доме. Што я не ўбачу, як яны растуць. Я – маці. Мне дэталёва апісалі, што чакае маіх дзяцей у дзіцячым доме. А старэйшаму сыну патрэбныя спецыяльныя кахлеарныя імплантаты, батарэйкі, чыстка. Гэта было дадатковым ціскам. Я размаўляла з імі тры гадзіны. Прасіла: «Людзі хочуць пераменаў. Ім патрэбныя свабодныя выбары. Давайце пачнём дыялог». Але яны былі ўпэўненыя, што, калі прымусяць мяне з’ехаць, людзі не выйдуць на вуліцы.
Праз тры гадзіны я паддалася, бо мая ўнутраная маці выйграла барацьбу. Гэта быў жахліва балючы выбар. Я не магла паверыць, што павінна пакінуць краіну. Мне здавалася, што людзі ўспрымуць гэта як здраду. Але я зрабіла гэты выбар.
Умоваю таго, што ёй з дзецьмі дадуць выехаць, быў запіс відэа пра тое, што «не трэба праліваць кроў».
«Далі мне 20 хвілінаў сабрацца. Я ўзяла толькі маленькі заплечнік з дакументамі. Нас адвезлі да мяжы. Я не магла паверыць, што мяне ўжо няма ў краіне. Я адразу запісала відэа: «Я выехала з краіны. Мне вельмі шкада». Шчыра кажучы, я была ўпэўненая, што людзі ўсё спыняць. Што яны мяне падтрымаюць. Я адчувала сябе здрадніцай. Але я так удзячная беларусам, што яны сказалі: «Слухай, лепш табе быць на волі і працягваць змаганне, чым сядзець у турме». І людзі ў Беларусі самі зарганізаваліся. Ім не быў патрэбны лідар. Гэта была сапраўдная народная рэвалюцыя», – кажа Ціханоўская.
Нагадаем: больш за 5 гадоў таму, 29 траўня 2020-га, на пікеце ў Горадні Сяргея Ціханоўскага затрымалі. З таго часу ён застаецца ў вязніцы. Паводле шэрагу абвінавачанняў – у тым ліку ў арганізацыі масавых закалотаў, распальванні варожасці і перашкодзе ў ажыццяўленні выбарчых правоў – суддзя Мікалай Доля засудзіў блогера на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У лютым 2023-га за нібыта зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы суддзя Іван Грынкевіч дадаў да гэтага тэрміну 1,5 года.
11 жніўня 2020 года Ціханоўская вымушана пакінула Беларусь і ўладкавалася ў Літве.
З 9 сакавіка 2023 года Сяргея Ціханоўскага трымаюць у поўнай ізаляцыі.
Тэса Анэйда belsat.eu