навіны

Што не так з Каардынацыйнаю радаю? Ягораў: Гэта «стратэгія тысячы канферэнцыяў»

Андрэй Ягораў у студыі «Белсату»
Прадстаўнік фракцыі «Беларусы» Андрэй Ягораў у студыі «Белсату». Архіўны здымак. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Курс Каардынацыйнае рады не зменіцца з выбарам новага спікера, перакананы спікер мінулага складу. Ён заклікае змяніць стратэгію на дасягненне прынамсі малых перамог і дзеяць больш незалежна ад «выканаўчай улады».

Святлана Ціханоўская на адкрыцці форуму «Беларусы годныя лепшага». Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
Што рабіць з тым, што «беларусы годныя лепшага»? Вось што казалі на форуме ў Варшаве Рэпартаж

Каардынацыйная рада 14 траўня завяршыла выбары новага спікера на замену зніклай Анжалікі Мельнікавай. Раду ўзначаліць Арцём Брухан – намеснік Паўла Латушкі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, сябра фракцыі «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду». За Брухана прагаласавалі 50 сябраў КР, за Аляксандра Кныровіча з фракцыі «Беларусы» – 11. Устрымаліся 8 асобаў. Пасля выбрання Брухан пакінуў пасаду ў АПК.


Спікер Каардынацыйнай рады мінулага склікання і сябра фракцыі «Беларусы» Андрэй Ягораў пракаментаваў «Белсату» гэтыя вынікі:

,,

«Вынікі галасавання трэба трактаваць так, што захоўваецца той самы курс Каардынацыйнай рады, які быў вызначаны пасля выбараў. То бок тая большасць, якая сфармавалася ў Каардынацыйнай радзе вакол фракцыі Паўла Латушкі, захоўвае сваё лідарства. І фактычна захоўваецца той курс Каардынацыйнай рады, які быў вызначаны гэтай фракцыяй».


У Каардынацыйнай радзе ёсць апазіцыя, але яна не мае магчымасці выйграць такога кшталту галасаванне за лідарства, адзначае Ягораў. На ягоную думку, праблемы вакол КР – знікненне спікеркі і грошай – не надта паўплывалі на ўнутраныя расклады КР. Варта чакаць, што дзейнасць КР застанецца амаль такой, як раней.


Абодва кандыдаты мелі ў праграмах пункты наконт выклікаў, з якімі сутыкнулася КР, дадае Ягораў. Акцэнты ў праграмах былі розныя, але абодва казалі, што КР мусіць займаць выразнейшую пазіцыю як парламенцкі орган.


  • Адзін з напрамкаў – вяртанне да кантрольных паўнамоцтваў адносна «выканаўчай улады» ў беларускіх дэмакратычных сілах, правядзенне слуханняў Аб’яднанага пераходнага кабінету перад канферэнцыяй «Новая Беларусь». І гэта правядзенне асобнай палітыкі, незалежнай ад АПК.
  • Яшчэ адзін напрамак – больш актыўна адказваць на запыты людзей і больш публічна рэагаваць на праблемы беларусаў, ад візаў да палітвязняў.
  • Абодва кандыдаты звярталі ўвагу на праблему знікнення Мельнікавай і на «далёка не ідэальныя» ўнутраныя фінансавыя працэдуры, якія дазволілі вывесці грошы з рахунку фонду пад кантролем Мельнікавай на ейныя асабістыя рахункі. Кандыдаты па-рознаму разумелі адказнасць бакоў за сітуацыю (як і Брухан, Мельнікава была прадстаўніцай фракцыі Латушкі). Брухан прапаноўваў стварыць юрыдычную асобу для КР.


Як яшчэ можна палепшыць працу КР? Ягораў заўважае, што ён у адказе на гэтае пытанне палітычна ангажаваны, бо належыць да таго ж блоку, што і Кныровіч, які саступіў на выбарах. Ён лічыць, што на дэбатах было «шмат бруду і проста хлусні», а Латушка «ўключаў машыну дэзынфармацыі». Але кажа, што гэта не галоўнае.


«Галоўнае – што Каардынацыйная рада не выконвае сваіх функцыяў, – зазначае Ягораў. – Яна ўвайшла ў структуру вертыкальных адносінаў з Кабінетам, Офісам Святланы Ціханоўскай і перастала існаваць у выглядзе парламенцкага органу, які мае ўласную візію і вызначае пэўныя стратэгічныя задачы дэмакратычнага руху».


На думку Ягорава, КР магла б працаваць дзеля пераадолення рэальных праблемаў беларусаў у Беларусі і за мяжой, дэманстраваць уласныя малыя перамогі, што падвышала б да яе ўвагу. Замест гэтага КР больш удзельнічае ў міжнародных адносінах у розных фарматах, у канферэнцыях:


,,

«Стратэгія тысячы парэзаў замененая стратэгіяй тысячы канферэнцыяў і тысячы візітаў».


Ці ёсць прыклад арганізацыі, якая працавала б на «тысячу парэзаў»? Ягораў разважае: ёсць шмат арганізацыяў, якія працуюць з канкрэтнымі праблемамі: са зборамі грошай, з юрыдычнымі кансультацыямі, эвакуацыяй палітвязняў з Беларусі. Функцыя ж Каардынацыйнае рады – забяспечваць «палітычныя рамкі» для таго, каб такая карысная дзейнасць рабілася. Ён бачыць задачаю КР арганізацыю супольнага руху розных арганізацыяў і групаў у Беларусі ды замежжы, кансалідацыю агульных высілкаў дзеля дасягнення большых вынікаў. 


Пакуль узроўню кансалідацыі недастаткова, каб уладкаваць важныя для беларусаў справы, канстатуе Ягораў. Не хапае сілаў, каб скасаваць візавыя праблемы, змагацца з дыскрымінацыяй беларусаў у Літве, ствараць шырокія праекты масавай адукацыі для беларусаў, здымаць санкцыйныя абмежаванні, што нясуць беларусам больш шкоды, чым карысці… Гэта, кажа Ягораў, магла б рабіць Каардынацыйная рада.


КР дагэтуль мае патэнцыял калектыўнага органу дэмакратычнага кіравання, перакананы Ягораў. У КР ёсць розныя групы і пляцоўка для дэбатаў, але цяпер КР мае вызначаны курс – і гэта, упэўнены Ягораў, курс Латушкі. Прасторы для думак цяпер менш, чым можа быць. З другога боку, Ягораў не выключае, што прапанова Брухана пра ўвядзенне другога віцэ-спікера зробіць гучнейшымі іншыя галасы.


Арсен Рудэнка, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10