У Беларусі тыдзень таму рэзка пахаладала, а чыноўнікі зрэагавалі павольна. Беларусы наракалі на мароз (у тым ліку крэатыўна), а цеплыню ў дамы месцамі ўсё ж пачалі вяртаць – некаторым абяцаюць нават не адключаць гарачай вады.
Лета прыйшло ў Беларусь у сярэдзіне красавіка – неўзабаве пасля таго, як краіну раптоўна засыпала снегам у пачатку красавіка. Пабыло лета – і пайшло прэч. 5–6 траўня тэмпература ноччу стала апускацца ніжэй за нуль, 7–8 траўня шмат дзе стала халадней за +10 ° днём. На 13 траўня надвор’е вяртаецца бліжэй да нормы, але цёпла стане, калі верыць прагнозам, яшчэ няхутка: +20 і больш – хіба ў канцы траўня. Не толькі бульба памерзла.
Мясцовыя ўлады і камунальнікі аказаліся не гатовыя да пахаладання: ацяпленне пачалі адключаць месяц таму. Беларусы расказваюць пра свае адчуванні ў TikTok ды іншых сацсетках: хто абураецца, хто жартуе; хто хутаецца ў дзве-тры коўдры, хто адкрывае для сябе вулічныя трэнажоры, каб пагрэцца. Найбольш хвалююцца матулі малых дзяцей.
,,«На вуліцы травень, а ў кватэрах лютая зіма, – расказвае ў TikTok карыстальніца і паказвае дзіця пад цёплай коўдрай. – Чаму не ўключыць ацяпленне? Гэта ж мы будзем аплочваць. Дык яшчэ ж зараз пачнецца адключэнне гарачай вады?»
Другая паказвае, як грэе рукі над газаваю плітою. Падпісвае: «Гэта я чарую, каб нам у траўні ўключылі ацяпленне».
Трэцяя ў цёплай кофце, надзетай на байку, абураецца: два дні было +20 – ацяпленне адключылі, цяпер +6 на вуліцы і +13 удома – ацяпленне не ўключаюць.
Чацвёртая пытае: «Ну што, бабруйчане, коўдра на плячах стала часткаю працоўнага і хатняга гардэробу, а кот цяпер не проста гадаванец, а галоўная крыніца цеплыні ды ўтульнасці?»
Пятая саркастычным тонам кажа, захутаўшыся ў халат наверх пухавіка: «Ацяпленне – не для нас. От жа так мы пастанавілі. Самі глядзіце: навошта людзям цеплыня ўдома, калі можна нацерці сябе гарэлкай ці распаліць накрайняк вогнішча? Дый наогул, засынаць у прахалодных памяшканнях значна лепш, асабліва калі вы потым наогул не прачняцеся».
«Травеньскі ледавіковы перыяд», кажа яшчэ адна. Некалькі карыстальнікаў называюць гэты травень, не цяплейшы за лістапад, словам «маябрь».
Але не ўсе смяюцца. Адная карыстальніца падкрэслівае, што мае добры выраз твару, але напраўду максімальна абураная. Пытае чыноўнікаў: няўжо не бачаць, якая тэмпература на вуліцы, няўжо не могуць самі загадаць уключыць ацяпленне без скаргаў насельніцтва? Кажа, унучка прыйшла з садка і расказвала, як яе «дубасіла» ад холаду. Мерзнуць, дадае, і ў лякарнях. Нагадвае, што ўсё ўзаемазвязана: зэканомяць на ацяпленні – людзі пачнуць хварэць – пойдуць на больнічныя – будуць менш працаваць – эканомія не апраўдаецца. Адзначае, што «зімы не было», а ўзімку грэлі напоўніцу, людзі ажно наракалі на духату.
Месцамі чыноўнікі пачалі рэагаваць
Хоць спачатку чыноўнікі пераважна адмаўляліся вяртаць ацяпленне, на гэтым тыдні пачалі здавацца. Цяпер ацяпленне вяртаюць сама меней у дзіцячыя садкі, школы і лякарні асобных гарадоў. 6 траўня ацяпленне паабяцалі вярнуць у жылыя дамы Віцебскай вобласці, днём раней вярнулі ва ўстановы адукацыі ды здароўя. 12 траўня ўключылі цяпло ў жылых дамах Мядзельскага раёну Менскай вобласці (ува ўсёй вобласці 7 траўня і ў сталіцы 8 траўня ўключылі ацяпленне ў сацыяльных установах). У Гомлі і Магілёве толькі 12 траўня пастанавілі ўключыць ацяпленне ў школах, дзіцячых садках і лякарнях. У некаторых раёнах Берасцейшчыны, напрыклад, Жабінкаўскім і Столінскім, пастановаў пра вяртанне ацяплення так і не прынялі, з некаторых раёнаў і гарадоў пра наяўнасць ці адсутнасць пастановаў не паведамляюць.
Планавае адключэнне гарачай вады ў траўні паступова пераносяць. Так, у «Менскіх цеплавых сетках» кажуць, што не стануць адключаць гарачую ваду, пакуль ёсць ацяпленне ў сацыяльных аб’ектах, і гэта ўскосна пацвярджае «Менскэнерга». У Гомлі адключэнне гарачай вады пераносяць пакуль толькі на тыдзень. У Віцебску проста скасоўваюць планавыя адключэнні паводле спісу адрасоў. Ізноў жа, такія навіны прыходзяць не з кожнага гораду Беларусі – агульнай пастановы для краіны няма.
Тым больш не чуваць пра нейкія маштабнейшыя змены адносна ацяплення ў Беларусі ў сувязі з глабальнай зменай клімату і ростам колькасці раптоўных экстрэмальных праяваў надвор’я.
Алесь Наваборскі belsat.eu