З дзецьмі трэба гаварыць, а не пад прымусам паказваць, як іх караюць перад усім светам. Гэтак псіхолаг Ала Марціновіч пракаментавала пакаранне групы падлеткаў, якія паказвалі нецэнзурныя жэсты падчас салюту 9 траўня. Яна расказала «Белсату», як працаваць з дзецьмі, каб штурхаць іх да лепшага.
Групу дзяўчат-падлеткаў, якія паказалі непрыстойны жэст падчас салюту 9 траўня ў Магілёве, прымусілі прасіць прабачэння на відэа. Пры гэтым адна дзяўчына плакала. Таксама для іх зрабілі «ўрок памяці», дзе паказвалі кадры стужкі «Ідзі і глядзі», ды прычапілі на вопратку сімвал Дня Перамогі ў Беларусі – стужку з чырвона-зялёным сцягам і кветкай яблыні.
,,«Гэты тэрор, які здзейснілі над дзецьмі... Іх выстаўлялі перад усім класам, ламалі іх псіхіку, ганьбілі перад усёй школай. Гэтых дзяцей рабілі сацыяльнымі інвалідамі, і ўвесь свет пра гэта пісаў і казаў. Яны [сілавікі. – Заув. рэд.] нейкую псеўдавыхаваўчую працу правялі, але ж у іх няма нармальных спецыялістаў, якія могуць ім падказаць, як адэкватную працу правесці», – кажа Ала Марціновіч.
Яна падкрэслівае, што ўся «выхаваўчая праца» сілавікоў і карціна, якую яны стварылі, не прынясе дзецям ніякай карысці і не паўплывае на іх такім чынам, як разлічваюць сілавікі, бо гэта навязана.
,,«У большасці выпадкаў гэта будзе, наадварот, ствараць негатыўнае стаўленне ў дзяцей. Калі яны хочуць да Вялікай Айчыннай вайны сфармаваць негатыўнае стаўленне ў маладога пакалення, то няхай навязваюць фільмы пра вайну, цягнуць у музеі пад прымусам», – кажа яна.
Больш за тое, гэта ломіць дзецям псіхіку, калі адзін дзень яны праяўляюць знявагу да таго, што вакол, а ў другі дзень на іх чапляюць стужку і выстаўляюць напаказ, адзначае псіхолаг.
«Гэтак не робіцца. Гэта паказвае, што дзяцей нібы перамаглі, то бок зламалі. Дзеці чытаюць гэтую інфармацыю і перажываюць. Таму работа павінна праводзіцца ўнутраная, а не знешняя. Але яны не здольныя правільна правесці размову з дзецьмі», – падкрэслівае псіхолаг.
«Заняліся аўтарытарным псеўдавыхаваннем»
Першае, што трэба было зрабіць у падобнай сітуацыі, – адабраць групу спецыялістаў, якая ведае гэтых дзяцей, бо дзецям важны давер і пэўная сувязь. Сярод гэтых людзей маглі быць сацыяльныя педагогі іх навучальных установаў, псіхолагі, класныя кіраўнікі.
«Другое – трэба даць дзецям выгаварыцца, чаму яны гэтак зрабілі, якая ў іх была матывацыя. Трэба даць паскардзіцца. Ці каб яны гэта намалявалі, каб негатыўныя пачуцці з іх выйшлі. Гэта прафілактыка таго, што ў будучыні такія паводзіны не паўторацца. Калі чалавек гэтага не зробіць, то ў будучыні гэта вылезе яшчэ з большай энергіяй», – кажа суразмоўніца.
Затым трэба сфармаваць у дзяцей адэкватныя адносіны да рэальнасці, то бок даць дзецям зразумець, што пакараць і рэпрэсаваць могуць за што заўгодна.
«Мы б сказалі, што краіна знаходзіцца ў акупацыі, таму кожны падобны крок будзе карацца і ты павінен быць гатовы. Сілавікі гэтак не скажуць, бо самі будуць сядзець у турме. Таму можна карыстацца агульнымі фразамі кшталту: "Беларусь цяпер знаходзіцца ў такім становішчы, што, калі ты ідзеш супраць улады, праўладных мерапрыемстваў, ты будзеш за гэта адказваць"», – кажа Ала Марціновіч.
Наступны крок – даць дзецям выбар і сфармаваць правільную матывацыю.
«Трэба даць зразумець, як пакарання можна пазбегчы. Тое, што яны навязваюць, стужкі, фільмы – няхай зачэпяць сабе на адно месца. Наадварот, трэба дзецям у станоўчым ключы даваць інфармацыю, паказваючы, што вы клапоціцеся пра іх. І ніколі нельга афішаваць гэтага, бо гэта будзе спараджаць толькі супрацьстаянне, – кажа псіхолаг. – Яны заняліся аўтарытарным псеўдавыхаваннем, а трэба было заняцца дэмакратычнай прафілактыкай.
,,Паказваць факі – гэта па-падлеткаваму. З пункту гледжання псіхолага гэта нармальна. Але трэба вучыць дзяцей выказвацца словам: што не падабаецца, што яны хочуць данесці».
На думку псіхолага, дзеці могуць баяцца паказваць сваё ўнутранае супрацьстаянне адносна сілавікоў і навязаных мерапрыемстваў, але яно ў іх дакладна сфармавалася.
Пры гэтым яна адзначае, што чакала ад сілавікоў яшчэ большага тэрору кшталту штрафаў, арыштаў бацькоў і гэтак далей.
«Гэта крок у большае псіхічнае здароўе. Таму ім трэба рухацца далей у цывілізацыю. Гэта запушчаныя, недалёкія людзі. Іхныя крымінальныя злачынствы ўплываюць на іх і фармуюць толькі негатыў. Можа, гэта крок ад страху, што ўсе з’язджаюць, усе іх кідаюць, што санкцыяў яшчэ больш дададуць. На іх толькі страхам можна паўплываць», – падводзіць рысу Ала Марціновіч.
Сцяпан Кубік, Арсен Рудэнка belsat.eu