Галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык 12 траўня выступіла на міжнароднай канферэнцыі «EuroDIG 2025 – абарона правоў чалавека шляхам забеспячэння балансу паміж рэгуляваннем і інавацыямі. Еўрапейскі дыялог у пытаннях кіравання інтэрнэтам». Канферэнцыя прайшла ў штаб-кватэры Рады Еўропы ў Страсбуры. Выступ Аліны Коўшык сустрэлі апладысментамі.
Галоўная рэдактарка «Белсату» падкрэсліла, што на сёння ў Беларусі закрыта да 99 % незалежных медыяў, за кратамі трымаюць 45 журналістаў, а людзі сутыкаюцца з пераследам за рэпост, распаўсюд або каментаванне незалежнага кантэнту. Тым не менш, адзначыла Аліна Коўшык, беларускія медыі працягваюць сваю працу ў выгнанні. А людзі з Беларусі працягваюць іх глядзець і чытаць – «моўчкі, ананімна», з адмысловых прыладаў і выдаляючы гісторыю браўзера.
Аднак, сказала выступоўца, скарачэнне падтрымання з боку такіх донараў, як USAID, пагражае знішчэннем значнай часткі беларускай медыяэкасістэмы. Яшчэ і алгарытмы такіх сэрвісаў, як «YouTube», зніжаюць паказы беларускамоўнага кантэнту нават на каналах з 1 млн падпісальнікаў. У выніку медыі вымушаныя ствараць адмысловы кантэнт па-расейску, «каб выжыць у алгарытме і мець лепшую статыстыку».
,,«Але мова ляжыць у падмурку нашай ідэнтычнасці. Гэта найлепшая абарона як ад расейскай, гэтак і ад беларускай прапаганды – як у сеціве, гэтак і ў рэальным жыцці», – сказала Аліна Коўшык.
Таму яна заклікала платформы спыніць дыскрымінацыю алгарытмамі медыяў на такіх мовах, як беларуская, і забяспечыць справядлівае стаўленне да незалежных крыніцаў пры пошуку і рэкамендацыях. Паводле яе, «прызнанне і падтрыманне беларускамоўнага кантэнту будзе спрыяць стварэнню аўтэнтычнай, дэмакратычнай і ўстойлівай медыяпрасторы ў нашым рэгіёне», а таму платформы мусяць разглядаць малыя мовы «як стратэгічныя інструменты для пабудовы дэмакратычнай устойлівасці, а не фактары рызыкі».
Таксама галоўная рэдактара «Белсату» падкрэсліла, што якасная, незалежная журналістыка ёсць асновай любой стратэгіі барацьбы з дэзынфармацыяй. Без медыяў, якія маюць добрае падтрыманне, зрабіць гэта немагчыма, дадала яна.
Аліна Коўшык заклікала дэмакратычныя дзяржавы і міжнародныя інстытуты надаваць першарадную ўвагу ўстойліваму фінансаванню і прававой абароне незалежных медыяў, асабліва тых, што працуюць у выгнанні. Пры гэтым яна адзначыла, што намаганні ў супрацьдзеянні дэзынфармацыі не могуць рабіцца інструментам цэнзуры. Таксама галоўная рэдактарка адзначыла, што Закон аб лічбавых паслугах (DSA) і Еўрапейскі закон аб свабодзе медыяў (EMFA) варта актыўна прасоўваць і выкарыстоўваць для падтрымання медыяў у выгнанні і абароны дэмакратычнага дыскурсу праз межы.
,,«Не дазваляйце Лукашэнку і Пуціну заглушыць свабодныя галасы беларусаў», – падсумавала Аліна Коўшык.
Якуб Хруст belsat.eu