Апошнімі тыднямі беларускія сілавікі ўзмацнілі ціск на журналістаў унутры краіны і на родных прадстаўнікоў медыяў, якія вымушана працуюць за мяжой. Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) фіксуе новую хвалю такіх рэпрэсіяў.
Як заяўляецца, у большасці выпадкаў сілавікі прыходзілі па месцы рэгістрацыі недзяржаўных журналістаў, якія цяпер вымушана працуюць за межамі Беларусі. У некаторых выпадках візіты сілавікоў суправаджаліся аглядам памяшкання ў сувязі з распачатай супраць журналіста ці журналісткі крымінальнай справай.
У БАЖ адзначаюць, што першая хваля такога ціску на родных пракацілася ўлетку 2024 года.
Нагадаем, што на мінулым тыдні сілавікі прыходзілі ў Беларусі да сям'і блогера і вядоўцы «Белсату» Валера Руселіка. Адбылося гэта неўзабаве пасля таго, як было афіцыйна паведамлена пра вяртанне журналіста на працу на нашым тэлеканале пасля перапынку.
Таксама сталася вядома, што сярод асобаў, якіх вышуквае Міністэрства ўнутраных справаў Расеі, з’явіліся галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык, а таксама былы выканальнік абавязкаў дырэктара тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі і шматгадовая кіраўніца «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы. Ёсць у спісе і шэраг іншых асобаў, звязаных з нашым тэлеканалам: вядоўца Валярына Кустава, гісторык Цімох Акудовіч, Вольга Швед.
Якуб Хруст belsat.eu