У гады другой сусветнай вайны загінуў кожны трэці, кажуць у Беларусі. А яшчэ нядаўна ў СССР лічылася, што загінуў кожны чацвёрты беларус. Колькі ж насамрэч ахвяраў вайны, сімвалы якой Хатынь і Трасцянец? Чаму гэта важна ў Дзень Перамогі 9 мая? Глядзіце новыя «Міфы вайны».
Хатынь. Мемарыяльны комплекс на месцы спаленай у 1943 годзе вёскі. Вечны агонь. Тры бярозы. Перад агнём надпіс: «2 230 000 тысяч. Загінуў кожны чацвёрты».
Фразу пра кожнага чацвёртага ведае кожны беларус. Але пачакайце. У сучаснай дзяржаўнай прапагандзе ўсё часцей гучыць, што ў вайне загінуў «кожны трэці». Адкуль гэта?
У 1944-м годзе ў Беларусі працавала Надзвычайная дзяржаўная камісія ў справе выяўлення і расследавання злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая падлічыла, што ў Беларусі загінулі два мільёны дзвесце тысячаў асобаў. Гэтак і выходзіў кожны чацвёрты. Лічба амаль не мянялася да пачатку XXI стагоддзя.
У нулявыя гады прафесар Эмануіл Іофэ выказаў гіпотэзу, што забітых у Беларусі было значна больш – каля трох мільёнаў. Згодна з гэтай лічбаю, выяўляецца, што загінуў кожны трэці. За новыя звесткі ўхапілася дзяржаўная прапаганда і пачала іх прасоўваць.
Але ж розніца амаль мільён чалавек! Нямала. Чаму моцная разбежка ў такім важным пытанні? Ці можам мы сёння даведацца праўдзівую колькасць ахвяраў?
Тут праблема. Яна ў тым, што фраза «загінуў кожны чацвёрты» не мае зразумелага заканчэння. Кожны чацвёрты загінулы – гэта хто? Загінуў кожны чацвёрты беларус? Ці грамадзянін Беларусі? Ці гэта загінулыя прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў на тэрыторыі Беларусі? Незразумела выходзіць, пагадзіцеся.
Глядзіце на «Белсаце» новую праграму «Міфы вайны», прысвечаную 80-годдзю перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне.