Беларусь – рэспубліка-партызанка: што не так з брэндам?

HTML5 Youtube

Беларусь у час Другой сусветнай вайны ўвайшла як рэспубліка-партызанка, бо ў партызаны пайшлі 374 тысячы чалавек, а гэта 1255 атрадаў. Што не так з брэндам і чаму ў СССР была толькі адна партызанская рэспубліка? Глядзіце «Міфы вайны».

У афіцыйных падручніках з савецкага часу і да сёння пішуць, што ў Беларусі партызанаў было больш за 374 тысячы чалавек. І гэта шмат. Але ці дастаткова, каб называць партызанскі рух усенародным? Бо 374 тысячы – менш за 4 % ад агульнай колькасці насельніцтва тагачаснай Беларусі.


Калі 3,5 % жыхароў краіны падымаюцца на барацьбу – гэта шмат. У іншых краінах, што трапілі пад нацысцкую акупацыю (Францыя, Нарвегія, Данія, УССР), людзей, якія пайшлі ў партызаны, было значна менш.
 

Але праблема з гэтым лікам у тым, што ён, найхутчэй, непраўдзівы. Бальшыня сучасных даследнікаў пагаджаецца: актыўных партызанаў у Беларусі было дакладна менш за 200 тысячаў чалавек. Найчасцей кажуць пра 120 тысяч асобаў. А 374 тысячы – вынік прыпісак партызанскіх камандзіраў, а пазней – савецкіх ідэолагаў.


Зрэшты, 120 тысячаў – амаль што насельніцтва Барысава. То, можа, тэрмін «усенародны рух» мае права на існаванне?


Але і з гэтаю колькасцю ёсць праблема. Масавым партызанскі рух у Беларусі зрабіўся толькі пад самы канец вайны, у 1944 годзе. Да сярэдзіны 1942-га партызанскіх атрадаў у БССР было надзвычай мала. Гісторыкі кажуць прыкладна пра 8 тысяч асобаў. І збольшага гэта былі вайскоўцы ў акружэнні.


Сапраўды масавым партызанскі рух зрабіўся толькі ў 1943-м. У пачатку гэтага года партызанаў налічвалі каля 50 тысячаў чалавек, а ў канцы – ужо каля 100 тысячаў. Рост амаль удвая быў звязаны з поспехамі СССР на фронце, але галоўная прычына, выглядае, была іншая: жорсткая рэпрэсіўная палітыка нацыстаў на акупаваных тэрыторыях і... неадназначныя паводзіны партызанаў.


Звычайныя людзі па ўсёй Беларусі аказаліся ў сітуацыі, калі ўдзень да іх прыходзілі немцы і маглі забіць або спаліць вёску за мінімальнае падазрэнне ў супрацы з «ляснымі бандытамі», а ўначы завітвалі партызаны, якія забіралі нават апошнюю карову, а тое і ўвогуле маглі забіць. Самым бяспечным было пайсці ў лес і зрабіцца партызанамі. Гэта павялічвала шанцы выжыць.


Таксама важнаю крыніцаю папаўнення партызанскіх шэрагаў пад канец вайны сталіся калабарацыянісцкія фармаванні, якія цэлымі атрадамі пераходзілі на савецкі бок. Дзясяткі тысяч беларусаў у пачатку вайны ратавалі свае жыцці праз супрацу з нацыстамі, але пазней памянялі лагер.

,,

Падсумоўваючы. Колькасць партызанаў у Беларусі была меншая за 2 % ад агульнай колькасці насельніцтва на 1941 год. Гэта не мала, але моцна менш за звесткі ў падручніках.


Глядзіце на «Белсаце» новую праграму «Міфы вайны», прысвечаную 80-годдзю перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне.


belsat.eu