Чаму? Што тут важнага? У савецкай ідэалогіі Захад заўсёды быў месцам зла, і прыняць ад яго дапамогу лічылася адступленнем ад ідэалаў. Таму ў савецкіх падручніках, што апісваюць заходнія пастаўкі, заўсёды робіцца агаворка: гэтая дапамога была важная, але не вырашальная. Такая фраза ёсць і ў сучасным беларускім падручніку аб Другой сусветнай вайне. Але ці так яно на самой справе? Глядзіце новае выданне праграмы «Міфы вайны».
Лэнд-ліз – маштабная праграма падчас Другой сусветнай вайны паставак ад ЗША: тэхнікі, зброі і абсталявання для сваіх саюзнікаў. Ладная частка гэтай дапамогі накіроўвалася СССР і на канец 1945 года каштавала 11 мільярдаў долараў.
У савецкіх і сучасных падручніках гэтая лічба падаецца так: пастаўкі праз лэнд-ліз у СССР склалі каля чатырох адсоткаў ад вытворчасці самога Савецкага Саюзу падчас вайны. Гэта дзясяткі тысяч танкаў, самалётаў, аўтамабіляў і цягнікоў, але гэта ўсяго чатыры адсоткі ад агульнай колькасці, якую выпусцілі ў Савецкім Саюзе. Таму, падсумоўвае сучасны беларускі падручнік аб вайне, дапамога была важная, але не вырашальная. Што значыць: дзякуй, але ў прынцыпе мы б і самі далі рады.
Ці так яно на самой справе? Д'ябал – у драбніцах. Лэнд-ліз быў наладжаны так, каб не проста пастаўляць СССР шмат танкаў і самалётаў, а каб закрываць самыя праблемныя месцы ў савецкай прамысловасці. А такіх месцаў было нямала! А дакладней, надзвычай шмат – як для дзяржавы, што дваццаць гадоў рыхтавалася да вайны.
І вось канкрэтныя прыклады. У найбольш крытычныя тры апошнія месяцы 1941 года, калі ішла бітва за Маскву, доля замежных самалётаў склала каля сарака пяці адсоткаў. У СССР былі праблемы з вытворчасцю выбуховых рэчываў, і амаль 50 адсоткаў выбухоўкі ў часе вайны савецкай арміі паставілі якраз Злучаныя Штаты.
Вялікая бяда ў краіне саветаў была з палівам для самалётаў. І праз лэнд-ліз СССР атрымаў амаль 60 % усяго авіяцыйнага паліва падчас вайны. Гэта значыць, уся савецкая авіяцыя функцыянавала дзякуючы лэнд-лізу.
ЗША паставілі больш за 30 % усіх аўтамабіляў на савецкі фронт. Аўтамабілі – гэта лагістыка, якая часта і вырашае вынік тых ці іншых баёў. Таксама на шасі студэбекераў ставілі знакамітыя «Кацюшы».
Пастаўкі рэек і цеплавозаў падчас вайны дазволілі пазбегнуць чыгуначнага калапсу ў СССР, які б непазбежна адбыўся без дапамогі саюзнікаў. А без паставак з чыгункі лёгка мог абрынуцца той ці іншы кавалак фронту.
Сталь для вытворчасці танкаў таксама пастаўлялася з ЗША. Як і шматлікія станкі дзеля іх вытворчасці. Знакамітых Т-34 на фронце было б нашмат менш, каб не лэнд-ліз.
На фоне машынаў і пораху падаюцца малаважнымі пастаўкі мясных кансерваў, цукру, абутку і спірту. Так, так. ЗША паставілі амаль палову ўсяго спірту на савецкі фронт. А ўсе гэтыя рэчы дазвалялі мільёнам савецкіх салдатаў банальна выжываць на фронце. Савецкі Саюз не мог бы самастойна вырашыць гэтую задачу.
Таму сумарна выходзіць, што дапамога саюзнікаў мусіць ацэньвацца дакладна больш як на чатыры адсоткі. Без лэнд-лізу ў СССР амаль не было б авіяцыі, траціны артылерыі, паловы танкаў, і ўзнікалі б няспынныя перабоі з дастаўкай таго, што ёсць, на фронт. Сам Сталін у 1943 годзе на Тэгеранскай канферэнцыі публічна казаў, што без лэнд-лізу яны б не змаглі пераламіць ходу вайны.
Апісанне значнасці дапамогі ЗША часта ўспрымаецца як знявага ахвяраў, панесеных народамі Савецкага Саюзу. І сапраўды, СССР выставіў на фронт самае важнае – людзей, і без іх гэтыя танкі, самалёты і цягнікі не былі б вартыя нічога.

Але насамрэч тут няма нічога зняважлівага. Большасць войнаў у сусветнай гісторыі вялі пры матэрыяльнай падтрымцы саюзнікаў. Без саюзнікаў іх проста не пачынаюць.
Гамбургскі рахунак тут выстаўляецца СССР хутчэй у іншым пытанні: чаму дзяржава, якая дваццаць гадоў рыхтавалася да сусветнай рэвалюцыі і развівала ўзброеныя сілы коштам дабрабыту ўласных грамадзянаў, аказалася настолькі слабая і не падрыхтаваная да вайны?
А закрывала свае памылкі савецкае кіраўніцтва тым, чым умела, – людзьмі, якія мусілі ісці ваяваць без адпаведнай зброі і забеспячэння.
Таму пытанне, ці перамог бы СССР без лэнд-лізу, застаецца адным з пытанняў альтэрнатыўнай гісторыі. Але тое, што мы можам сказаць дакладна, лэнд-ліз – гэта праграма, якая дала шанец выжыць мільёнам нашых продкаў у страшную сусветную вайну.
Глядзіце на «Белсаце» новую праграму «Міфы вайны», прысвечаную 80-годдзю перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне.