Ці былі савецкія партызаны ў Беларусі эфектыўныя і як яны знішчылі 500 000 ворагаў у гады Другой сусветнай? Чым запомніліся партызанская ды рэйкавая вайна і як партызаны ўтрымлівалі 60 % тэрыторыі рэспублікі-партызанкі? Гісторыя ад праграмы «Міфы вайны».
Разгортваем афіцыйны падручнік і чытаем: падчас вайны савецкія партызаны ў Беларусі ліквідавалі больш за 500 тысяч немцаў і іхных памагатых.
Выходзіць, кожны партызан у вайну ліквідаваў дваіх, а тое і траіх ворагаў. Гэта неверагодны ўзровень эфектыўнасці. Асабліва, калі ўлічыць, што нацыстаў на тэрыторыі Беларусі было ўдвая менш...
Уражвальныя звесткі пра тысячы пушчаных пад адхон цягнікоў і сотні спаленых штабоў выклікаюць у сучасных даследчыкаў толькі ўсмешку і ў той жа час надалей перадрукоўваюцца ў беларускіх падручніках. Адкуль жа яны ўзяліся?
Тут усё проста. Камандзіры партызанскіх атрадаў рабілі вялікія прыпіскі ў сваіх рапартах, бо ніхто іхных лічбаў праверыць не мог. Вышэйшае камандаванне, абагульняючы рапарты, дапісвала да лікаў яшчэ трохі нулёў. Урэшце да Масквы даходзілі звесткі, якія маглі шматкроць пераўзыходзіць рэальнасць.
Але ў ценю гэтага жанглявання лічбамі, рэйкамі і чалавечымі жыццямі хаваецца важнае пытанне: а ўвогуле, ці былі партызаны эфектыўныя? Не так жа важна, колькі дзясяткаў тысяч немцаў забілі або паранілі партызаны. Важна, ці быў у гэтым сэнс?
Давайце разбяромся.
Вось першы важны фактар. У лесе ваявалі звычайныя людзі, якія не дужа хацелі паміраць. Таму выбіраючы, куды ісці з дыверсіяй, – у вясковую хату, дзе сядзелі тры паліцаі з вінтоўкай, альбо на рэальны нямецкі гарнізон, яны часцей выбіралі першае, бо ў справаздачы ў любым выпадку будзе пра разгромлены нямецкі штаб. Такім чынам, напрыклад, у Беларусі спалілі дзясяткі шляхецкіх сядзібаў, бо паноў можна было аўтаматычна залічыць да ворагаў.
Тое ж было і з рэйкавай вайной. Калі з Масквы загадвалі падрываць чыгунку, прасцей было знішчыць закінутую вузкакалейку, якой ніхто не ахоўваў. У выніку найбольш эфектыўныя партызаны былі ў змаганні з мясцовымі адміністрацыямі, але не з немцамі.
,,І гэта добра відаць з лічбаў. З тых умоўных 500 тысяч ліквідаваных партызанамі нацыстаў толькі 100 тысяч – вайскоўцы вермахту і іншых нямецкіх фармаванняў. Астатнія – мясцовыя людзі.

Падобная гісторыя звязаная і з пашыранай інфармацыяй пра тое, што партызаны змаглі трымаць пад сваім кантролем амаль 60% тэрыторыі Беларусі. І гэтая лічба сапраўды ўражвае, пакуль не зірнеш на карту і не зразумееш, што ўся гэтая тэрыторыя немцам была не патрэбная. Там лясы і балоты, без важных населеных пунктаў ці транспартных шляхоў. Але менавіта там партызаны набівалі сваю статыстыку знішчаных эшалонаў і спаленых штабоў.
Сур’ёзныя баталіі вядуць гісторыкі і наконт рэйкавай вайны. Адныя кажуць, што яна паўплывала на вынік Курскай бітвы, але іншыя сцвярджаюць, што плён быў толькі першыя некалькі дзён, а пазней немцы здолелі наладзіць хуткі рамонт чыгуначных шляхоў.
Ці значыць гэта, што акцыі партызанаў былі зусім марныя? Вядома, не. Рэйкавая вайна мела пэўны эфект для фронту, лясныя дзеянні партызанаў скоўвалі вялікія сілы нацыстаў у Беларусі. Шмат якія партызанскія аперацыі сапраўды былі смелыя і білі ў балючыя кропкі акупацыйнай улады.
Але трэба разумець дзве рэчы. Першае: выніковасць партызанскіх дзеянняў была надта абмежаваная. А другое, гэтая актыўнасць каштавала дорага. Яна аплачвалася тысячамі жыццяў простых людзей. Ці была гэтая ахвяра вартая выніку – застаецца пытаннем для сучаснага пакалення гісторыкаў. І ад гэтага пытання нельга хавацца.
Глядзіце на «Белсаце» новую праграму «Міфы вайны», прысвечаную 80-годдзю перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне.