Як СССР і нацысцкая Нямеччына падрыхтавалі вайну. Сталін і Гітлер

HTML5 Youtube

Пакт Молатава – Рыбэнтропа 23 жніўня 1939 года паклаў пачатак Другой сусветнай вайны. СССР і нацысцкая Нямеччына зладзілі супольны парад у Берасці, а Сталін і Гітлер абменьваліся тэхналогіямі ды рэсурсамі. Глядзіце «Міфы вайны».

Гэтая тэма была адною з самых закрытых у СССР. Пра яе не расказвалі ў школе, прыхоўвалі і катэгарычна адмаўлялі на міжнародным узроўні. Гаворка пра хаўрус СССР з нацысцкай Нямеччынай, які ў выніку прывёў да пачатку Другой сусветнай вайны.

23 жніўня 1939 года быў падпісаны пакт Молатава Рыбэнтропа, паводле якога Гітлер атрымаў магчымасць нападаць на любую краіну ў Еўропе, а Сталін за гэта забіраў сабе Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну.
1 верасня 1939 года нацысты ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы. Ужо 22 верасня ў Берасці прайшоў супольны парад нямецкіх і савецкіх войскаў, што фіксаваў вынікі новага падзелу Еўропы.

Польшча была адносна лёгкаю здабычаю для моцна мілітарызаванай Нямеччыны. Але рэсурсаў пашыраць вайну Трэці Райх не меў. І тут на дапамогу зноў прыйшоў СССР. Дзве дзяржавы падпісалі шэраг камерцыйных дамоваў, паводле якіх цягам наступных двух гадоў Нямеччына атрымала невычэрпную плынь карысных выкапняў ды іншых рэсурсаў з СССР, а СССР займеў найноўшыя нямецкія тэхналогіі. Толькі за першы год Нямеччына атрымала мільён тонаў збожжавых, паўмільёна тонаў пшаніцы, 900 тысяч тонаў нафты, 100 тысяч тонаў бавоўны, 500 тысяч тонаў фасфатаў і значную колькасць іншай жыццёва важнай сыравіны. Гэта дазваляла працягнуць вайну: напасці на Францыю, захапіць Нарвегію, здзяйсняць авіяцыйныя налёты на Англію…

У выніку першыя два гады Другой сусветнай вайны СССР быў не супернікам, а хаўруснікам і нават галоўным спонсарам нацысцкай Нямеччыны. Без дапамогі Савецкага Саюзу быў бы немагчымы захоп Польшчы, Бельгіі, Нідэрландаў, Францыі, Даніі і Нарвегіі.

,,

Аднак хаўруснікі не давяралі і не надта шанавалі адно аднога. Хтосьці мусіў скасаваць дамову, гэта было пытаннем часу. Першым ударыў Гітлер 22 чэрвеня 1941 года. Толькі тады хаўруснікі сталі ворагамі.


Глядзіце на «Белсаце» новую праграму «Міфы вайны», прысвечаную 80-годдзю перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне.


belsat.eu