навіны

Гурковы калапс і памідоры для заможных – беларусы працягваюць абурацца цэнамі і дэфіцытам у крамах

Цэны на прадукты ў Беларусі. Крыніца: TikTok
Цэны на прадукты ў Беларусі. Крыніца: TikTok
podpis źródła zdjęcia

Цэны на прадукты ў Беларусі б’юць новыя рэкорды, паліцы ў крамах усё болей здзіўляюць, а беларусы ўсё часцей здымаюць відэа пра дэфіцыт і дарагоўлю прадуктаў. Што адбываецца з харчовымі таварамі і чаму праблема толькі паглыбляецца – у матэрыяле «Белсату» са сведчаннямі беларусаў і лічбамі.

«Ужо трэцюю краму абышла – няма ні бульбы, ні капусты. Цэны на тое, што засталося, проста шалёныя!» – скардзіцца беларуска ў TikTok-відэа, апублікаваным на мінулым тыдні.

«Цэны на прадукты растуць кожны тыдзень. Заробкі стаяць на месцы, а кошты – у космас!»
– адзначае яшчэ адзін карыстальнік TikTok.

У некаторых гарадах, такіх як Горкі, Баранавічы, Краснаполле і Кобрын, назіраецца дэфіцыт агуркоў. У Горках да барацьбы з нястачаю агуркоў у крамах давялося залучыць чыноўнікаў – начальніцу ўпраўлення эканомікі райвыканкаму Ірыну Канцавую і прадстаўнікоў райспажыўтаварыства. Высветлілі, што прычына дэфіцыту – «перабоі з пастаўкамі на складах». Сярод прычынаў збояў называецца таксама змена цыклу вырошчвання агуркоў пад канец сакавіка. Напрыклад, «Еўраторг» атрымаў менш за палову таго абʼёму, пра які загадзя дамовіўся з пастаўляльнікамі. А ў «Дабраноме» праблемы з пастаўкамі прадукцыі ўзніклі яшчэ з 23 сакавіка.

Нагадаем, яшчэ ў лютым, на фоне падаражэння імпартных агуркоў у крамах, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў запэўніваў, што ў сакавіку беларусы будуць цалкам забяспечаныя сваімі агуркамі.

Амаль у той жа час намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун адрапартаваў, што для забеспячэння беларусаў гароднінай у міжсезонне ў краіне распрацавалі стратэгію развіцця цяплічнага агародніцтва на 2023–2027 гады.

,,

«У цэлым у стратэгію ўвайшлі 10 цяплічных камбінатаў. Яны правялі мадэрнізацыю на 23-га, што дазволіла нам у 2023 годзе ўжо на 100 % забяспечыць патрэбу ва ўласных агурках», – гаварыў ён.


«Какос і ананасы за 9, таматы і перцы – за 13! Куды коцімся?»


У адказ на справаздачы чыноўнікаў беларусы актыўна здымаюць відэа паліцаў крамаў з цэнамі і паказваюць іх у TikTok: клубніцы за 40 рублёў, часнык за 16, перцы і таматы за 13-16, пры гэтым ананасы і какосы – у сярэднім за 9 рублёў.

Яшчэ адна тэндэнцыя: бульба, якую нядаўна беларусы не маглі знайсці ў крамах, усё ж з’явілася, хоць і не паўсюль. Але, напрыклад, у Быхаве яна цяпер каштуе амаль 3,5 рубля. І гэта ў «Еўраопце». На той жа менскай Камароўцы бульбу сёння можна набыць за 4,5 рубля, а чырвоную салатную цыбулю, напрыклад, за 10 і 18 рублёў.

Цэны на прадукты ў Беларусі. Крыніца: TikTok
Цэны на прадукты ў Беларусі. Крыніца: TikTok
Цэны на памідоры ў «Гіпа». Фота: lab4a / tiktok.com

«Такое для Беларусі вельмі жорстка». Людзі скардзяцца на цэны і дрэнную бульбу

навіны

Разам з фотаздымкамі пустых паліцаў усё часцей беларусы абмяркоўваюць і тое, як выжываць на беларускі сярэдні заробак:

«Тым, каму на месяц нібыта хапае і 1000 рублёў – вы там жывыя?»
– жартуе адзін з каментатараў відэа, на якое хтосьці зняў шокавыя цэны таматаў, даражэйшых за мандарыны.

Пішуць жарты і накшталт «Бяры з сабой бульбу, калі ідзеш у госці». Але разам з іроніяй усё мацней адчуваецца злосць і безвыходнасць. Бо калі за апошні год людзі перасталі нават здзіўляцца росту цэнаў на прадукты, то цяпер яны ўсё часцей адкрыта абураюцца: «Калі б наш урад хацеў пракарміць людзей, а не статыстыку, мы б жылі лепей», – напісаў хтосьці з каментатараў пад допісам на тэму цэнаў.

У чым закавыка і калі гэта скончыцца


Відавочна: дэфіцыт агародніны і садавіны ў Беларусі робіцца ўсё больш прыкметным. Але, як высветлілася, не толькі на гародніну.

Паводле звестак Белстату, у сакавіку 2025 года інфляцыя на харчы склала 7,5 % у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Гэта сведчыць пра істотны рост цэнаў на прадукты першай неабходнасці.

Стала вядома і пра тое, што больш за ўсе ў Беларусі падаражэла са студзеня да сакавіка 2025 года: ялавічына – на 7,7 %, малако – на 4,6 %, смятана – на 3 %, дзіцячыя харчы – на 2,5 %.

,,

«Кожны тыдзень +20 капеек на малако, +50 на мяса. Мы што, золата хутка будзем есці? – каментуе беларус з Пінску. – Ужо бачыў малако за 4,5 рубля, сыр за 15. Яшчэ крыху – і толькі глядзець на прадукты застанецца».


Архіўнае фота. Чарга да пункту абмену валютаў на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. Верасень 2021 года. Фота: Белсат

Зноў вінаваты Трамп. Курс долара ў Беларусі ўпаў да мінімуму за два гады

навіны

Тыя, хто набываў распушчальную каву «Jacobs» за 8,5 рубля яшчэ 1,5 месяца таму, здзіўляюцца: «А як так здарылася, што ўжо сёння кава каштуе амаль 14 рублёў?».

У сакавіку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі (МАРГ) паведамляла пра планавыя правяранні крамаў. Было выяўлена, што ў 3 % гандлёвых пунктаў агародніны наогул не было, а ў 10 % прадукты былі непрыдатнымі для спажывання.

Эканамісты і аграрыі адзначаюць: сітуацыя з гароднінай – толькі вяршыня айсбергу. За апошнія гады сельская гаспадарка стабільна дэградуе. Усё гэта сведчыць пра адну простую рэч: мадэль, у якой дзяржава душыць цэны, а фермеры мусяць сядзець у мінусе, не працуе.

Таксама ўлады працягваюць выкарыстоўваць механізм «часовага ліцэнзавання» на вываз сельгаспрадукцыі, каб унутраны рынак нібыта не застаўся без тавараў. Але, як прызнаюць самі чыноўнікі, гэта дае толькі часовую ілюзію стабільнасці. І сапраўды, праблема не змяншаецца, а, паводле адчуванняў, толькі паглыбляецца. Чаго чакаць далей?

Кепская навіна: эксперты прагназуюць і далейшы рост цэнаў на гэтыя катэгорыі прадуктаў. Так, паводле прагнозаў USDA, у 2025 годзе чакаецца павелічэнне цэнаў на мяса, малако і яйкі праз дэфіцыт прапановы і росту вытворчых выдаткаў. Прытым высокі попыт на малочную прадукцыю і абмежаваны рост вытворчасці будуць падтрымліваць высокія цэны не некалькі месяцаў, а да канца 2025 года.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10