Людзі ў Беларусі здымаюць тыктокі пасля куплі ежы і апавядаюць, колькі грошай за яе аддалі. Некаторыя ролікі шакуюць высокімі коштамі і нізкай якасцю прадуктаў.
Адна з карыстальніц у подпісе да відэа піша, што даводзіцца выжываць, а не жыць. Яна расказвае, што за 74 рублі па сутнасці «нічога не купіла».
На гэтую суму ёй удалося набыць наступныя прадукты: гарбату, невялікі кавалак сальцісону, цукар, крэм-сыр, кансерваваны гарошак і тунец, сардэлькі, зеляніну, грэчку, макароны, сыр, яйкі і агуркі, смятану і адну скумбрыю гарачага вэнджання.
«Усё, таварышы, 74 рублі, з улікам таго, што яшчэ мяса не купляла. Я, шчыра, у шоку», – кажа жанчына.
Іншыя працягваюць скардзіцца на кошты на бульбу. Мужчына распавядае, што ў канцы сакавіка за 18 кілаграмаў аддаў 55 рублёў. Бульба выглядае вельмі добра, але такія закупы для мужчыны «некалькі нязвыклыя».
«Прадавец сказаў, што гэта яшчэ не апошняя цана, не самая высокая», – адзначае ён.
А на мінулым тыдні адна з пакупніц аддала за невялікі пакет бульбы 5 рублёў і вельмі незадаволеная. Пакет быў непразрысты, а ў ім – дробная бульба вельмі дрэннай якасці.
«Такое, вядома, для Беларусі вельмі жорстка і, напэўна, нават сорамна», – кажа жанчына.
Яшчэ адна жанчына шакаваная коштамі на памідоры ў «Гіпа». Тамат чэры прапануюць купіць за 37,99 рубля за кілаграм, а слівападобныя памідоры – за 31,16 рубля за кілаграм.
Жанчына іранізуе, што 11 рублёў за кілаграм недаспелых памідораў, падобна, было яшчэ танна.
Арсен Рудэнка belsat.eu