Калі б Польшча прыняла прапанову Беларускай чыгункі пра аднаўленне пасажырскіх зносінаў, гэта дапамагло б беларусам, якія стаяць у чэргах, пачало б працэс развязання міграцыйнага пытання з ЕЗ і, можа, дапамагло б палітвязням. Такую думку выказаў у эфіры «Белсату» палітолаг Павел Усаў.
Беларуская чыгунка прапанавала Польшчы, Літве і Латвіі аднавіць пасажырскае спалучэнне з Беларуссю. Ужо з’явіўся адказ з літоўскага боку, што прапанова разглядаецца. На думку Паўла Усава, гэта частка спробаў Менску палепшыць стасункі з суседзямі з ЕЗ, але спецыфічным спосабам. Пытанняў міграцыйнага крызісу і палітвязняў Аляксандр Лукашэнка пры гэтым звязваць не хоча. Польшча ж, наадварот, для адкрыцця прапускных пунктаў патрабуе і вызвалення палітвязняў, і спынення міграцыйнага крызісу.
«Лукашэнка намагаецца гэтым пытаннем гандлявацца: давайце палітвязні – асобна, а міграцыйны крызіс – асобна. Вось давайце вырашым міграцыйны крызіс, падпішам ізноў дамову пра рэадмісію, вы мне заплаціце грошы, каб я адлоўліваў мігрантаў, і знімаеце санкцыі. Калі вы гэтага рабіць не будзеце, то лавіць мігрантаў таксама не будзем», – апісвае логіку Лукашэнкі Усаў.
Пры гэтым калі літоўскі бок пойдзе насустрач у пытанні чыгункі, то карысна будзе ўсім, лічыць палітолаг.
,,«Лічу, што і Польшчы варта было б разгледзець гэтае пытанне. Гэта ў некаторай ступені палепшыла б сітуацыю камунікацыі саміх беларусаў, якія вымушаныя чакаць гадзінамі, каб перасекчы мяжу. З другога боку, гэта распачало б нейкі дыпламатычны працэс у вырашэнні міграцыйнага пытання. Магчыма, Лукашэнка зноў пачаў бы нейкім чынам фільтраваць [не прапускаць мігрантаў праз Беларусь у ЕЗ. – Заўв. рэд.] і, верагодна, прыспешыў бы пытанне вызвалення палітычных вязняў», – кажа Усаў.
Ён звяртае ўвагу, што пасля выбараў Лукашэнка перастаў выпускаць палітвязняў, бо не атрымаў рэакцыі і дыялогу з Захадам.
«Перасталі вызваляць палітычных зняволеных, а з іншага боку – назіраецца рост колькасці нелегальных мігрантаў. Але частка плыні звязаная таксама з цёплым з надвор’ем», – працягвае Усаў.
Што тычыцца магчымага прыезду ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў і асцярог, што гэта абвострыць міграцыйны крызіс, то Усаў лічыць, што Лукашэнка сам не ведае, хто і як паедзе.
«Калі гэта будуць чорнарабочыя, то, канечне, гэта хутчэй патэнцыял для нелегальнай міграцыі, падвышэння злачыннасці ў Беларусі, радыкалізму нейкага, бо што гэта за сацыяльны партрэт – не будзе ведаць ніхто, у тым ліку і Лукашэнка. Створыцца ўнутраная пагроза для самой сістэмы і для беларускага грамадства. Той факт, што Лукашэнка пачынае даваць заднюю, сведчыць пра тое, што яму хіба шапнулі на вуха, што такія папулісцкія заявы абсалютна бессэнсоўныя, абсалютна некарысныя і падрываюць і без таго слабую пазіцыю Лукашэнкі, якая трывае на рэпрэсіях, а не сацыяльнай падтрымцы», – падводзіць рысу Павел Усаў.
Арсен Рудэнка belsat.eu