Гісторыі

«Гэта напраўду магія, таму што не бывае аднолькавых яек». Майстар-клас у стварэнні пісанак

Аліна Коўшык і Марыя Грыц. Фота: Белсат
Аліна Коўшык і Марыя Грыц. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Папулярызатарка беларускай культуры Марыя Грыц апавяла і паказала, як зрабіць традыцыйную беларускую пісанку, у праграме «Раніца з «Белсатам».

Тыдзень перад Вялікаднем быў адведзены пад абрады. Напрыклад, у Чысты чацвер беларусы прыбіралі хату. І, вядома, на Святым тыдні расфарбоўвалі і распісвалі яйкі. Самы папулярны спосаб – фарбаванне ў цыбульным шалупінні, каб атрымаць чырвоныя яйкі, сімвал сонца.

Акрамя фарбаваных яек, былі:

  • пісанкі – распісаныя воскам яйкі, якія потым фарбаваліся, а васковы ўзор прыбіраўся, пакідаючы светлыя ўзоры;
  • кропанкі – рабыя яйкі, што атрымліваюцца пасля фарбавання яйка, на якое накапалі воскам;
  • шкрэбанкі або драпанкі – фарбаваныя або натуральныя цёмныя яйкі, на якіх узор выдрапалі іголкай.

Марыя Грыц паказала, як робіцца пісанка. Для гэтага спатрэбіліся: гатаваныя яйкі, пісачок, воск, свечка і адвар, у якім фарбуецца яйка. Таксама карысна падрыхтаваць схему распісвання яйка.

Усё гатова да распісвання яйка: схема, пісачок, воск, свечка, яйкі і міска з адварам. Анатоль Шырвель глядзіць, як Аліна Коўшык пачынае маляваць пад кіраўніцтвам Марыі Грыц. Фота: Белсат
Усё гатова да распісвання яйка: схема, пісачок, воск, свечка, яйкі і міска з адварам. Анатоль Шырвель глядзіць, як Аліна Коўшык пачынае маляваць пад кіраўніцтвам Марыі Грыц. Фота: Белсат

Гэтая няхуткая працэдура выглядае так: на халоднае гатаванае яйка наносіцца ўзор воскам, яйка кладзецца ў адвар з фарбаю на некалькі гадзінаў. Потым васковы ўзор наносіцца зноў і яйка зноў адпраўляецца ў адвар – ужо надоўга, да атрымання жаданага колеру. Урэшце яйка грэецца каля свечкі, каб растапіць і прыбраць воск. Каб не запэцкаць стала, трэба нешта падкласці, напрыклад, схему з узорам, які будзе наносіцца на шкарлупінне.

,,

«Гэта напраўду магія, таму што не бывае аднолькавых яек. У кожнай гаспадыні былі свае», – кажа Марыя.


Галоўны інструмент – пісачок: медная бляшка, скручаная ў выглядзе варонкі і прымацаваная да палачкі. У пісачок укладаецца малы кавалак воску і грэецца на полымі свечкі. Калі воск пацячэ, можна маляваць узор на яйку.

Малюем пісачком на шкарлупінні. У шкатулцы злева відаць ужо распісанае воскам яйка. Фота: Белсат
Малюем пісачком на шкарлупінні. У шкатулцы злева відаць ужо распісанае воскам яйка. Фота: Белсат

Спачатку можа падацца, што маляваць воскам складана. Ён цячэ вельмі нераўнамерна, як хоча. Але калі напрактыкавацца, справа пойдзе.

Натуральна, ёсць традыцыйныя ўзоры пісанак, якія адрозніваліся ў розных рэгіёнах. Але гэта ніяк не абмяжоўвала фантазіі майстрых.

,,

«Ёсць пэўныя выявы, якія ў нас традыцыйныя. Напрыклад, зорка-васьмірог, якую мы можам знайсці на вышыўках, на ліштвах, на яйках таксама папулярная. Але калі гаспадыні хацелася ўжо вясны і кветак, птушак, то ўжо што яна хацела, тое і рабіла».


 (Фота: ЯМ / Белсат)

Выпрабавана: фарбуем яйкі народнай традыцыйнай тэхнікай

навіны

Сучасныя майстрыхі развіваюць традыцыю і шукаюць новыя формы.

Пакуль Марыя апавядала пра пісанкі, вядоўца праграмы Аліна Коўшык распісвала яйка воскам, а ейны калега Анатоль Шырвель уважліва назіраў за тым, што адбываецца. Аліна заўважыла: «Гэта практыкаванне на цярплівасць, скажу я вам». Анатоль дадаў: «Гэта вытанчаная справа. Калі вытанчаную справу робіш, нервы супакойваюцца, і ты думаеш пра добрае».

Пасля нанясення васковага ўзору пісанка адпраўляецца ў міску з адварам, дзе будзе фарбавацца. Не бойцеся, калі на апошняй стадыі яйка выглядае крыху неахайна і амаль цалкам пакрытае воскам.

Калі шкарлупіна яйка трохі пацямнее, яго трэба выцягнуць з адвару, выцерці і паўтарыць васковы ўзор, а потым вярнуць яйка ў міску з адварам.

Нарэшце, калі яйка пафарбуецца, яго трэба выцягнуць і зняць воск. Для гэтага пісанка трымаецца каля полымя свечкі. Не над полымем – каб не закапціць! Пры награванні воск растае і лёгка здымаецца. Ад васковых узораў застаюцца месцы, вольныя ад фарбы.

Пафарбаванае яйка грэюць каля полымя свечкі, каб растапіць воск. Фота: Белсат
Пафарбаванае яйка грэюць каля полымя свечкі, каб растапіць воск. Фота: Белсат


Ці гулялі пісанкамі ў біткі? Ці запазычылі беларусы пісанкі? Болей пра пісанкі і яйкі ў беларускай культуры – у праграме «Раніца з «Белсатам».

АВ / belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10