навіны

Фуры соднямі стаяць на мяжы: за выходныя чарга на ўезд у Польшчу з Беларусі вырасла на 200 аўтаў

Прапускны пункт «Тэрэспаль – Берасце».
Прапускны пункт «Тэрэспаль – Берасце». Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

На беларуска-польскай мяжы – чарговы транспартавы калапс. У Казловічах уезду ў ЕЗ чакае амаль 1400 фураў, а на адзіным пераходзе для легкавікоў у Берасці – сотні машынаў.

За мінулыя выходныя чарга фураў на мяжы Беларусі і Польшчы значна вырасла. Паводле звестак беларускіх памежнікаў на 14 красавіка, перад самым загружаным грузавым пунктам пропуску «Казловічы» (з польскага боку – «Кукурыкі») у чарзе стаяць 1338 аўтамабіляў – гэта на 188 больш, чым у пятніцу.


Пры гэтым праз мяжу за выходныя прайшло толькі 56 % ад нормы грузавікоў. Гэта азначае, што большая частка фураў засталася стаяць у жывой чарзе, чакаючы выезду на тэрыторыю Еўразвязу.


На латвійскай мяжы сітуацыя таксама напружаная: перад пунктам пропуску «Грыгораўшчына – Патэрніекі» цяпер стаіць 420 фураў, што на 40 аўтамабіляў больш, чым напрыканцы мінулага тыдня.


Асобнай праблемаю застаецца сітуацыя з легкавымі аўтамі на адзіным дзейным пераходзе з Польшчаю – «Берасце – Тэрэспаль». На гэтым участку цяпер у чарзе захраслі 610 транспартавых сродкаў.


Нагрузка на заходнія межы Беларусі расце з пачатку 2024 года, калі Літва і Польшча істотна абмежавалі пераходы праз мяжу – найперш для расейскага і беларускага транспарту. Большасць руху цяпер канцэнтруецца на Казловічах, што спараджае заторы і павялічвае час чакання ў некалькі разоў.


Пры гэтым польскі бок часта праводзіць узмоцнены кантроль, а пераправы праз мяжу ідуць з перапынкамі. Затрымкі на мяжы ствараюць праблемы для лагістычных кампаніяў і павялічваюць выдаткі на транспарт. Гэта асабліва адчуваецца для экспарцёраў і імпарцёраў, якія маюць абмежаваныя тэрміны паставак.


Польшча для нармалізацыі сітуацыі на мяжы патрабуе спыніць міграцыйныя плыні з Беларусі. Таксама, каб нагрузка на прапускныя пункты была меншая, улады Польшчы выказалі патрабаванне – вызваліць палітвязня Анджэя Пачобута. Тады могуць быць ізноў адкрытыя некаторыя пераходы.


На сённяшні момант Польшча не разглядае магчымасці адкрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, бо з боку ўладаў Беларусі ў гэтым пытанні няма крокаў насустрач, заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў Беластоку 13 студзеня міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Томаш Семоняк.


Семоняк зазначыў, што польскі бок вельмі хацеў бы, каб памежныя пераходы з Беларуссю былі адкрытыя, аднак «няма ніякіх прыкметаў, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні».


Пакуль пункт пропуску «Берасце» застаецца самым загружаным на мяжы з ЕЗ, бо ў Польшчы самыя мяккія патрабаванні да беларусаў і няма жорсткіх абмежаванняў у колькасці рэйсаў. Аднак «Берасце» – адзіны дзейны пункт пропуску на мяжы з Польшчаю. З улікам працяглай геапалітычнай напружанасці і санкцыяў сітуацыя на мяжы, хутчэй за ўсё, застанецца крытычнай і ў найбліжэйшыя месяцы.


Нагадаем,Томаш Семоняк заявіў, што апошнім часам «беларускія афіцэры бяруць удзел у адкрытых правакацыях і агрэсіўных дзеяннях каля мяжы». Прэс-сакратар ведамства апублікаваў відэа здарэння.


«11 тысячаў працаўнікоў МУС і жаўнераў польскага войска ахоўваюць польска-беларускую мяжу. Не выклікае сумневаў шчыльная супраца службаў Беларусі з бандамі, што арганізоўваюць кантрабанду людзей з Афрыкі і Азіі. Апошнім часам беларускія афіцэры нават бралі ўдзел у адкрытых правакацыях і агрэсіўных дзеяннях каля мяжы»,напісаў у сацыяльнай сетцы X.com міністр унутраных справаў Томаш Семоняк.


Каб пацвердзіць гэтую заяву, прэс-сакратар міністра Яцэк Дабжыньскі апублікаваў відэа, знятае на мяжы недалёка ад вёскі Мельнік – з беларускага боку гэта Камянецкі раён Берасцейшчыны.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10