З нагоды Дня тэатру «Вольныя Купалаўцы» прапанавалі варшаўскай публіцы цэлы марафон сваіх спектакляў. Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў апавёў, як трупа працягвае слынныя традыцыі тэатру імя Янкі Купалы.
«Гэта даўняя традыцыя, – тлумачыць Аляксандр Гарцуеў. – Нават калісьці ў Беларусі гэта быў не проста Дзень тэатру. Заўсёды перад Днём тэатру адбываліся альбо нейкія прэм’еры, альбо нейкія капуснікі, альбо нейкія падзеі тэатральныя. Не ў адзін дзень, скажам так. Гэтая традыцыя старая. А цяпер мы проста выкарысталі магчымасць сабраць у адзін кулак тыя спектаклі, што цяпер у нас добра ідуць. А гэта не ўвесь наш рэпертуар. Гэта рэпертуар, можа быць, апошніх гадоў».

Зоя Белахвосцік адкрыла Тыдзень тэатру з «Вольнымі Купалаўцамі» сваім монаспектаклем «Мой хлеб». Гэта ейны расказ пра ўласную сям’ю і пра купалаўскую сям’ю.
Наступныя два вечары купалаўцы паказвалі «Гусі-людзі-лебедзі», паводле аднайменнай часткі раману «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча.
«Гэта такая фантасмагарычная гісторыя, што адбываецца як быццам бы ў 2049 годзе. Ну, скажам так, фантастыка, антыўтопія, як папярэджанне таму, што можа адбыцца з намі, калі мы будзем сядзець склаўшы рукі, глядзець на гэтае ўсё», – апавядае Аляксандр Гарцуеў.

Наступным гледачы ўбачылі спектакль «Экстрэмісты» – гэткі ўспамін часу пратэстаў у Беларусі з вялікай колькасцю відэахронікі. Але Аляксандр Гарцуеў падкрэслівае, што спектакль не зусім дакументальны – ён фантазійны.

Завяршыўся тыдзень спектаклем «Зэкамерон» паводле твору Максіма Знака, які сядзіць у лукашэнкаўскай турме да гэтае пары.
«Ведаеце, ад чаго мы хацелі адмовіцца (і, мне здаецца, гэта адбылося) – ад гэтай ТРАГЕДЫІ, ад ТУГІ, што, вядома, ёсць, і нікуды яна не дзенецца. Але гэты час прынёс і іранічнае стаўленне да таго, што адбываецца. Іранічнае. Самаіранічнае», – мяркуе Аляксандр Гарцуеў.
,,Мне здаецца, той народ, які здольны самаіранізаваць, здольны існаваць далей.
Калі вы яшчэ не бачылі «Зэкамерону», то завітайце ў Польскі тэатр у Вільні 26 сакавіка. Квіткі можна набыць праз спасылку.
,,Мы верым у будучыню гэтага тэатру. І мы ведаем, які ён быў сто гадоў. І мы мусім не сядзець, пакуль нас там няма, а трымаць тую планку, што была заўсёды ў гэтым тэатры. Гэта мастацкасць, гэта грамадзянскасць, гэта высокі акторскі і рэжысёрскі ўзровень.
«Што будзе далей? Жыццё пакажа. Верым у найлепшае. А чаго нам тут не стае? Шмат чаго не стае. Зусім усё не так, як калісьці. Ніколі не даводзілася (можа, мне і даводзілася, бо я быў мастацкім кіраўніком Тэатру беларускай драматургіі) займацца тэхнічнымі праблемамі і гэтак далей. Але вось, скажам, грузіць дэкарацыі, і шыць касцюмы, і вырабляць самім рэквізіт, – усміхаецца Аляксандр Гарцуеў, – гэта больш, як кажуць, у самадзейнасці робіцца. Але заганнага я нічога ў гэтым не бачу. Ну, што рабіць. Такія эканамічныя нашыя стасункі, такая сітуацыя, калі трэба шмат чаго рабіць сваймі рукамі. Галоўнае – каб на сцэне быў прафесійны вынік».
Відэаверсію інтэрв’ю Аляксандра Гарцуева з фрагментамі запісаў спектакляў можна паглядзець у «Раніцы з «Белсатам»: