У двубоі трасянкі і расейскай мовы пераможа беларуская мова

Як так выходзіць, што дарослы расеец Уладзімір Мулявін вучыць беларускую мову – а менскі хлопчык Павел Гарадніцкі яе саромеецца? Якім чынам трасянка дапамагае беларушчыне пацясніць расейшчыну з наседжанага месца ў Беларусі?

Павел Гарадніцкі – актор і музыка, удзельнік культавага гурта «Разбітае сэрца пацана». Пра новы альбом гурту ён распавядаў у інтэрв'ю.

Здавалася б, навошта запрашаць у праграму пра беларускую мову чалавека, які выконвае песні на трасянцы? Але каб добра трасяніць, трэба добра гаварыць па-беларуску.

Бацькі Паўла, беларускамоўныя навукоўцы, гадавалі сына па-беларуску. А вось у савецкім дзіцячым садку дзеці кпілі з беларускай мовы аднагрупніка ды тлумачылі, як дрэнна быць беларусам.

,,

«Мне было сорамна запрашаць сяброў на дзень нараджэння. Я прасіў бацьку: можешь, папа, гаварыць с ними по-русски? Бацька са мной нейкі час не размаўляў – ён пакрыўдзіўся», – успамінае Павел.


Як хлопчык з інтэлігентнай сям’і, Павел чыста гаварыў і на беларускай, і на расейскай мове. Але ва ўніверсітэце ён пачаў выступаць разам з Дзянісам Тарасенкам, які пісаў жартаўлівыя песні на трасянцы. І ў нейкі момант Павел зразумеў: яно ж проста льецца з яго, «аднекуль з падсвядомасці ты ведаеш, як скаверкаць гэтыя словы, каб атрымалася чысценька па трасянке». Атрымалася так «чысценька», што тэксты «РСП» вывучаюць лінгвісты, якіх цікавіць трасянка як зява.

Як Павел зноўку палюбіў беларускую мову і ў чым бачыць карысць трасянкі – у нашай праграме.

У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў, як вучыў беларускую мову Уладзімір Мулявін.

Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы».