Беларусы, бывае, балюча рэагуюць на тэмы гендарнай роўнасці і сексуальнага выхавання. А калі на гэта накладаецца тэма беларускай мовы – чакай эмацыйных каментароў. Адкуль такая алергія на феміністак ці нават фобія?
Асветніца на тэму гендарнай роўнасці Марына Ментусава прыдумала жарт – «падатак на патрыярхат». Проста ёй ужо абрыдла адказваць на пытанне, якое ёй як феміністы любяць задаваць апаненты: хто павінен плаціць за каву – кавалер ці дама. Марына лічыць, што абмеркаванне гэтага пытання, на якое адкажуць кавалер і дама самыя, проста адцягвае ўвагу ад сапраўды важных рэчаў.
,,«Гэта вашыя справы, гэта вашыя адносіны. Твая жонка можа цябе нават фінансаваць – ніякіх пытанняў няма. Вашыя адносіны – гэта вашыя адносіны. Але ж усім ёсць справа, хто аплочвае маю каву! Ну вось! Таму гэтае пытанне – яно ўвогуле адбірае час на тое, каб мы абмяркоўвалі вельмі важныя справы», – тлумачыць Марына.
Вось пра важныя справы ды беларускую мову і пагаварылі Марына і Мікіта Мелказёраў. Ды яшчэ так, што апошні папрасіў прабачэння за празмернае выкарыстанне англіцызмаў.
У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў пра самыя папулярныя горад і раку ў беларускіх прыказках.
Прымаўкі з гарадамі і мястэчкамі папулярныя ў народзе: у Слуцку ўсё па-людску, а ў Мінску ўсё па-свінску! У Беларусі тры сталіцы – Мінск, Бабруйск і Плешчаніцы!
Але ці ведаеце вы, што некаторыя геаграфічныя назвы ў беларускай мове нейкім цудам ператвараюцца ў зборныя вобразы і перастаюць называць тое самае канкрэтнае месца? Самы папулярны горад у беларускіх традыцыйных прымаўках – гэта Вільня: працуй пільна – і тут будзе Вільня! Круці жорны пільна – тут будзе Вільня!
Вільня ў гэтым выпадку ўжо перастае азначаць толькі канкрэтны горад, а робіцца зборным вобразам нейкага вялікага, дагледжанага, узорнага, ідэальнага горада і месца, месца мары і парадку, месца, вартым пераймання:
- Языком у Вільні, а галавою за печчу – кажуць пра таго, хто больш гаворыць чым робіць.
- Вільню мінуў – гэта значыцца, праляцеў з хуткасцю святла, недзе хутка апынуўся.
- Не за дзень Вільня станавілася. – беларускі варыянт папулярных прымавак пра Рым ці Маскву.
- За рубель жабу ў Вільню пагоніць – гавораць пра скнару, сквапнага чалавека.
- Язык Вільні дапытай – значыцца, не маўчы – і знойдзеш адказ!
Другая такая «зборная» назва – гэта Дунай. У Беларусі каля 30-ці ручаёў і рачулак называюцца Дунай! Дунай – гэта прыток летапіснай Менкі, якая дала імя Менску. Дунай – гэта прыток Віцьбы ў Віцебску. Дунай ёсць пад Рэчыцаю і пад Іўем. Не многія ведаюць, што даўнейшая назва Дзвіны – Дуна, ад таго ж кораня. А ўсё таму, што «Дунай» са старажытных моваў азначае «хуткая вада». Нашыя продкі ведалі гэтае значэнне, таму мясцовыя ручаі і называлі Дунаямі.
З часам Дунай у фальклоры стаў зборным вобразам ракі, фактычна сінонімам да слова «рака».
- За Дунаем, за сінім Дунаем – гэта значыцца, недзе далёка, за ракою.
- Ой, пайду ў Дунай утаплюся. Гэта ж нехта не ў Вену ці Будапэшт хадзіў тапіцца!
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы».