З калоніі выгналі турэмшчыка, які не разумеў беларускую мову

HTML5 YouTube

Калі Саша Івулін апынуўся за кратамі разам з мастаком Алесем Пушкіным, то ім трапіўся турэмнік, які прасіў гаварыць не па-беларуску, а на «нармальнай мове», то бок на расейскай. Калі «сілавік» думаў, што сістэма ацэніць ягоную далёкасць ад беларушчыны, то ён памыліўся.

Аршанцы ганарацца сваім горадам. Натуральна, не папраўчымі калоніямі і дзіцячым садком пад сцяной турмы – а тым, што гэта горад Караткевіча, і тут побач было лецішча Янкі Купалы.

Мікіта Мелказёраў пажартаваў, што інтэрв’ю з Сашам было падобнае на сеанс псіхатэрапіі, бо Івулін эмацыйна распавёў пра сваё дзяцінства.

Паслухайце, з якім захапленням Саша ўспамінае сваё маленства! Як яго пранялі верш Янкі Купалы «Партызаны, партызаны, беларускія сыны!» і аповеды бабулі пра беларускага класіка. Як Саша памятае з трэцяга класу словы Ніла Гілевіча:

,,

Я – беларус, і хоць сягоння

яшчэ малы, але скажу:

я родам з племя непакорных

і прад бядой не задрыжу!..


А чым займаецца Саша цяпер? Ён распавёў пра свой фільм пра палітвязняў «Як жыць пасля турмы» і пра тое, як разам з Ярыкам Пісарэнкам каментуе футбольныя матчы – хтосьці сказаў бы, матчы па нажным шпурляку.

Мікіта і Саша нават спрабавалі пагадаць з дапамогаю «ТыкТоку» пра будучыню Беларусі.

У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў пра прыказкі са словам «хохлік».

Хохлікі дзерці – так у народзе кажуць пра фанабэрыстага, задзірлівага, пыхлівага чалавека, які высока задраў галаву і глядзіць на ўсіх зверху ўніз. Дарэчы, пра такіх беларусы таксама вобразна кажуць: крукам носа не дастаць. А чаму менавіта хохлікі? Гэта, імаверна, памяншальна-ласкальная форма ад назоўніка «хахол», то бок чуб.

Аднак у нашай мове хохлік мае і іншыя значэнні. На Гарадзеншчыне гэта яшчэ адна назва шашка, або тхара, а на Століншчыне так клічуць малых непаседлівых хлапчукоў.

Беларускі і польскі фалькларыст-этнограф Часлаў Пяткевіч у пазамінулым стагоддзі зафіксаваў на Палессі слова «хохлік» у значэнні «чорт». Відаць, з гэтым значэннем слова звязаныя наступныя фразеалагізмы: глядзець як хохлік – пра непрыязны, насцярожаны позірк (гэты выраз запісалі Іван Насовіч і Мікалай Каспяровіч), а таксама скакаць як хохлік у балоце – пра гарэзлівыя ці дураслівыя паводзіны (запісаў на Случчыне Аляксандр Сержпутоўскі).

Дарэчы, у Беларуска-расейскім слоўніку Некрашэвіча і Байкова «хохлік» на расейскую перакладаецца як «птица». Якая – невядома.

Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы».