«Беларуская мова – частка майго жыцця» – пісьменнік Саша Філіпенка

HTML5 YouTube

Саша Філіпенка распавёў, якое вялікае месца ў ягоным жыцці займае беларуская мова, колькі чалавек прачыталі ягоныя кнігі, як цяжка было перакласці «Слана» з расейскай мовы і чаму гэты раман атрымаўся такім жорсткім.

Пісьменнік Саша Філіпенка ведае некалькі моваў, а ягоныя кнігі перакладзеныя амаль на 20 моваў. «Я вырас вольным чалавекам, у якога шмат моваў», – кажа пра сябе беларускі пісьменнік. Свае кнігі ён піша па-расейску, але заўсёды хацеў убачыць іх выдадзенымі па-беларуску. Вось толькі ніхто не хацеў брацца за гэта.

Выдаўцы адмаўлялі: калі кніга ўжо выйшла на расейскай, то ўсе ахвочыя яе ўжо прачыталі – і прадаць беларускую версію будзе немагчыма. Выдавецтва «Gutenberg Publisher» рызыкнула – і сарвала джэк-пот! Праўда, з новым раманам «Слон» яно ўсё ж падстрахавалася – беларускі варыянт кнігі выйшаў раней за расейскі.

Цяпер справа за беларусамі – даказаць, што новыя кнігі на беларускай мове могуць канкураваць з расейскімі версіямі.

У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў, як Максім Багдановіч сапсаваў свой верш «Слуцкія ткачыхі».

Незадоўга да смерці ў 1917 годзе Максім Багдановіч перапісаў да непазнавальнасці свой славуты верш «Слуцкія ткачыхі». З дваццаці радкоў вершу паэт замяніў ажно дванаццаць – большую частку! Верш быў напісаны ў 1912 годзе і надрукаваны ў адзіным прыжыццёвым зборніку паэта, «Вянку».

Кожны з вас без запінкі скажа, як пачынаецца верш, вядомы са школы:

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.


Нават гэтыя радкі Багдановіч змяніў. Параўнайце:

Ім не пабачыць роднай хаты,
Не ўчуць ім дзетак галасы.
Яны у панскі двор узяты
Ткаць залатыя паясы.


Цалкам перапісаны перадапошні слупок. Мы з вамі вучылі такі варыянт:

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;


Вось як аўтар змяніў гэты момант:

Там так вясёла і прыгожа:
Зіяюць срэбрам ручайкі,
І у зялёных хвалях збожжа
Закрасавалі васількі.


І нават славуты фінальны слупок быў троху падпраўлены:

Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука,


Было выпраўлена на:

Там шчыры бор шуміць сувора…
Ты тчэш, бязвольная рука,
Заміж персідскага узора
Цвяток радзімы васілька.


Самае неймавернае, што ў выпадку з гэтым вершам абсалютна ўсе выдаўцы і літаратуразнаўцы сышліся на думцы, што аўтар сапсаваў уласны шэдэўр уласнымі рукамі. І ва ўсіх зборніках і падручніках нязменна друкуецца не апошняя аўтарская рэдакцыя, як гэта прынята ў такіх выпадках, а ранейшы варыянт са зборніку «Вянок».

Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы».