Якія таямніцы беларускай мовы схавала ад беларусаў цэнзура? Ці мае беларус як агрызнуцца на мацюклівага «байструка»? Ці абмяжоўвае нас родная мова – ці, наадварот, дае свабоду? Як беларусы гавораць пра каханне, секс і лютую злосць ды нянавісць?
Ліза Ветрава (і ейны коцік Бубця) належыць да самых вядомых папулярызатараў беларускай мовы ў інтэрнэце. Вывучаючы родную мову нанова, яна дзялілася з падпісчыкамі рознымі моўнымі «прыкалюхамі», якія ў той час былі цікавыя ёй самой.
Але праз нейкі час Ліза злавіла сябе на думцы, што трапіла ў палон створанага ёю вобразу: беларускамоўная дзяўчына не можа таго, не можа гэтага, а пра гэта ўвогуле няма чаго думаць. Блогерка задалася пытаннем: а чаму? Адкуль гэтыя стэрэатыпы? І надумала змяніць фармат свайго блогу.
Стэрэатыпы пра беларускую мову і сучасную беларускую музыку абмеркавалі Мікіта Мелказёраў і Ліза Ветрава.
У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў пра асаблівасці мовы Вушаччыны (Віцебская вобласць). Вушацкімі і полацкімі слоўцамі актыўна карыстаўся паэт Рыгор Барадулін – напрыклад, замест хлопцы заўжды казаў мальцы, бо так казалі ў ягоных Вушачах.
Барадулін настолькі віртуозна карыстаўся беларускай мовай, што некаторыя жартавалі, што ягоныя вершы, каб разумела публіка, трэба перакладаць на беларускую мову. «Лілею млявы плёс люляе» – здаецца, што гэта не некалькі асобных словаў, а проста напеў з прыгожых гукаў.
Таму адной з галоўных кніг, якую Барадулін выдаў за год да смерці, ён лічыў «Вушацкі словазбор». «З мяне, як камяні з зямлі, вушацкія выходзяць словы» – напісаў сам паэт у прадмове. Барадулін прызнаваўся, што збіраў яго ўсё жыццё, яшчэ са школы запісваючы адметныя мясцовыя словы і выразы ў сшытачак. Гэта дапаўнялася народным календаром, звычаямі, парадамі, стравамі, замовамі, прыгаворкамі, зычэннямі, грозьбамі, пад’ялдычкамі ды загадкамі:
- пе́кліцца – мучыцца, цяжка працаваць як у пекле
- тор – след ад колаў на зямлі
- расшы́шкаць – патраціць, пусціць на вецер
- прысва́тыш – хто сам навязваецца ў сябры, у кампанію
- на́рва – няпрошаны чалавек, нахабнік
- лёк – расол з-пад селядцоў
- кляўшы́ць – біць, лупцаваць
Праклёны ў кнізе такія, што валасы дыбарам устаюць:
- Каб па ім вошы пехатой хадзілі!
- Каб табе кукнула!
- Каб ты тое з’ела, што мне думаеш!
- Каб ты сраў кручанымі вяроўкамі!
- Каб цябе ў чыстым полі дзвярмі прышчаміла!
Рыгор Барадулін, збіраючы народныя выразы, не саромеўся ані моцнага, ані салёнага слоўца. Бо лічыў, што прычэсванне і прыхарошванне спрашчае, выхалошчвае мову. І многім сябрам казаў на развітанне адзін са сваіх любімых вушацкіх выразаў: «Хай Бог вас бачыць!»
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы».